epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

Жанчына спявае

Плытчэюць крыўды і плёткі,

Глыбініць песня жывая.

А, чуеце, здорова ўсё-ткі,

Калі жанчына спявае.

 

Не плача і не смуткуе,

Не сварыцца і не рыдае...

Сама для сябе такую

Ціхую песню спявае!

 

Значыць, усё ідзе ладам

І ў хаце, і ў цэлым свеце:

Няма дзе прыткнуцца звадам,

Няма дзе бядзе прысесці.

 

Сям’ю мінаюць хваробы,

І родзіць, бы лес той, жыта.

Соладка спіць круталобы

Сынок, накормлены сыта.

 

Значыць, і дом іх дыхтоўны,

Абмінулі каханне марозы;

Значыць, і муж цудоўны,

Прыходзіць дамоў цвярозы.

 

І ў самой удаецца работа...

Ціхата навакола такая!

Злагада ў чалавечых сотах.

Мір. Ні ў кога ніхто не страляе.

 

Ад кахання — ну тая ж дзяўчынка:

Цесна ў сэрцы і бэзу, і маю.

А на вуснах — быццам пушынка:

Кахаю,

кахаю,

кахаю...

 

Для песні трэба прычына,

Для песні трэба нямала...

Шануйма ж гэтак жанчыну,

Каб яна і ў будні спявала!