epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

Запрашэнне ў раніцу

Там

Да хрусту ў галінах

Пацягваюцца спрасоння бярозкі

І атрасаюцца ад імху і лісця

Баравікі.

 

Там,

Паколаты яловымі лапкамі,

Выходзіць з лесу густы туман,

Якім накрываліся зайчаняты

Ноччу.

 

Там

Спрабуюць галасы птушкі

І настройваюць на вясёлую песню

Свае адсырэлыя за ноч

Жалейкі.

 

Там,

Нібы тварык твайго смяшлівага сына —

Ружовага ад палётаў у сне,—

Выглядвае, як з-пад коўдры,

з-за лініі гарызонта

Сонца.

 

Спяшайце

У ціхую раніцу гэткую

Усе, хто хоча пачуць,

Як, слізгануўшы па расіне, звініць

Першы промень.