epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

Зброя

Балгарская балада. ХХ стагоддзе

 

Зялёным зацьменнем —

Турэцкі сцяг.

Шарсцяць па каменні,

Нібы па касцях.

 

Блішчаць ятаганы,

Дымяцца крукі.

Па ранах, па ранах

Ідуць чужакі.

 

Іх стрэлі без страху —

Ды нельга спыніць...

Паўмесяц на сцягу,

Як рана баліць.

 

І сонца не свеціць,

Сады — не відны.

Жанчыны і дзеці

Сумуюць адны.

 

Спыніце паганых

Хутчэй вы, сябры!

Ды — рана ля раны —

Маўчаць ваяры.

 

А башыбузукі

Ідуць і ідуць...

Жаночыя рукі

Перац труць.

 

Бо ў іхніх праклёнаў

Памочнік адзін:

Перац чырвоны —

Зброя жанчын.

 

Трыце ж, жанчыны,

Зброю хутчэй

Для гэткай лавіны,

Для столькіх вачэй!

 

У ручках маленькіх

Перац дрыжыць:

У жменях і жменьках

Зброя ляжыць...

 

Зялёным зацьменнем

Турэцкі сцяг:

Ідуць па цярпенню,

Нібы па касцях,—

Бліжэй...

бліжэй...

бліжэй...