epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

Зялёны ліст

Глядзіце, смяротнікі,

Як у бучныя, зялёныя травы

Падае сонца збалелаю ранай;

Глядзіце і помніце:

Недзе ўзыходзіць вось зараз іскрысты,

Няпуджаны ранак.

Бяжыце!

Туды вы ў трызненні бяжыце,

Дзе перапёлкі купаюцца ў жыце.

Расою свой твар асвяжыце

І зноў, хоць у думках, бяжыце,

На волю ўсе вы бяжыце,—

Ангел, Бранка, Курт, Жуль, Іван,

Іржы, Костусь, Алекса, Хаім, Юліуш,

Шандар і іншыя сотні тысяч...

А тут,

Бы ў калодзежы, дротам калючым

аплеценым

(Ён лагерам смерці завецца),

Падзелена ўсё па-братэрску,

Што магло толькі ў роце халодным

сагрэцца:

Карэнне, лісцё і галіны,

Кара і нават крыло матылінае...

А болей, як вокам звесці,

Няма на што птушцы прысесці —

Няма зеляніны...

І толькі зялёным верадам

Так і лезе ў галоднае вока

Дрэва,

Якое ў канцлагеры на галінах высока

Зялёную ежу трымае ў аблоках,

На якое ў лісцё садзяцца,

Бы птушкі, галодныя думкі ўсіх,

І якое

Як сімвал пакінулі людзі-пакутнікі,

Пакінулі ў вечным спакоі,

Нібыта святое,—

На ім ні лістка не з’едзена...

Казалі,

Што тлумнага веку самоту

Рассейвала дрэва гэтае

немцу вялікаму — Гётэ.

І дрэва стаяла някранутым

Сярод памутнення фашысцкага,

быццам бы крэпасць стаяла.

І пад сцягам зялёным жыцця,

Нямецкае,

Супраць немцаў яно ваявала...

На ноч прызначалі смяротнікі

Да дрэва галодную варту —

Калі усе спаць палягуць,

Каб ніхто ў забыцці не з’еў

Нават лісточка з зялёнага гэтага сцяга.

Трымалі той сцяг упарта

І самі за сцяг трымаліся, каб небасхіл не хістаўся...

А побач дзяўчынка малая

Ляжала на мяккай, рукамі ўскапанай пасцелі.

Прывезлі дзяўчынку адтуль,

Дзе з краіны зялёнай зрабілі канцлагер суцэльны,

Дзе птушкі даўней гняздзіліся

ў ціхім ласкавым лесе,

Прывезлі дзяўчынку Алесю.

Трызніла ежай дзяўчынка:

— Мама, налі мне клёцак...

Поўную місу трэба...

Мама, дай куляшу...

Сарві мне з дрэва хоць ліст —

яблык я ўжо не прашу...

Я есці хачу... А наша дзяжа насыцістая

Чамусьці не мае хлеба...

Мам, хадзем у наш агарод,

дзе морквы, я знаю, багата...

Мама, гарыць наша хата!

І маму дзяўбе, кусае зяўло аўтамата...

Тата!..

Адгані аваднёў,

якія дзуняць і дзуняць над маёй галавою...

Дзе вы ўсе?..

Мо пазаснулі?..

Лісток... Смачны лісток... І авадні...

— Ціха, дзяўчынка, то кулі.

Над трызненнем галоднай дзяўчынкі

Нагнуліся тысячы татаў свету.

Што ж вы так стаіцё?

Збірайце ціхую братчыну — пачастунак у складчыну.

У вас выйдзе няблага гэта:

Ты, лесаруб, даставай тую хлебную крошку,

што засталася ад зайцава хлеба (яго ты

вёз сыну!) і згубілася недзе ў кішэні;

Ты, араты, страсай попел з печанай некалі

бульбы ў полі, якім яшчэ і сёння абсыпаны

твае акучнікі-жмені;

Ты, цесля, асцярожна дабаў першага паху

улазінаў, які яшчэ і сёння не выветрыўся

з тваіх валасоў-праменняў;

Ты, пекар, сюды дакладзі пах свежага

даваеннага хлеба, якім яшчэ і сёння

пахнуць увесь ты павінны;

А калі ў вас нічога не захавалася,

Тады ў братчыну смела кладзіце

Вы свае даваенныя успаміны,

Ангел, Бранка, Курт, Жуль, Іван,

Іржы, Костусь, Алекса, Хаім, Юліуш,

Шандар і іншыя сотні тысяч...

Праўда, і гэтай складчыне

Не стае ўсё роўна чагосьці.

Чаго ж гэта ёй не хапае?..

Пэўна, ліста зялёнага...

Вунь яго вецер за дротам паціху гайдае, гайдае...

Курт, куды ты?!

Хіба ты не бачыш, як з вышкі драпежна

На яго аўтамат пазірае?..

— Не яблык прашу... Дайце... мне... ліст...

І за Куртам ланцуг худых рук спяшае.

Гайдаецца ліст.

Рука ўжо за дротам калючым.

Яна зрывае зялёны,

Сабраўшы сілы астатак,

І перадае другой,

А другая — трэцяй,

Трэцяя — пятай, дзесятай...

За лістом спяшаюцца стрэлы —

Колькі рук прайшоў ліст, лічыць варта

Сваім аўтаматам.

Ліст зялёны!

Ты страшнай мяжою зрабіўся —

Між жыцця і смерці асновай,

Перадавалі цябе, як апошні ўздых,

Як апошні пагляд,

Як апошняе слова.

І падалі, да зямлі прыбітыя кулямі.

А ліст ішоў далей і далей...

Ён ужо ў Алесі ў руках:

— Які смачны ліст гэты, дзядзі!

Стрэл...

І ў гэтую радасць фашысты папалі...

Мёртвыя свету! Пацясніцеся крышку —

Дайце месца маленькай дзяўчынцы.

Ёй месца многа не трэба...

Нават з лістом — яе зялёным гасцінцам...

Я вас прашу пацясніцца,

Ангел, Бранка, Курт, Жуль, Іван,

Іржы, Костусь, Алекса, Хаім, Юліуш,

Шандар і іншыя сотні тысяч...

Хай з вамі яна страчае

Ранкі пад цёплым вясновым сугрэвам —

Гэты лісток,

Галінка,

Якая ніколі-ніколі не будзе зялёным дрэвам.