epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

Знойдзенае завяшчанне багацея

«Мой сын,

я табе завяшчаю

Усё, чаго сам не маю:

Голад —

каб добра ведаў

Радасць ад сціплых абедаў;

Холад —

каб ведаў, што ў вецер

Шчасце ў хаце сагрэцца;

Слёзы —

адчуць з імі можна

Каштоўнасць усмешкі кожнай;

Атопкі —

каб помніў і потым,

Што значыць мець свае боты;

І гора —

пасля якога

Шчасця становіцца многа:

Сонечны дзень,

знойдзены грыб,

Людскі «добры дзень!»

і танец рыб...

Вярні ты мне радасць такую —

Па ўсім я па гэтым сумую.

І таго

не ўспомню я словам харошым,

Хто мне завяшчаў толькі грошы —

Багацце...»

 

Ці зразумее сын свайго бацьку?