epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

"Зноў мяне прыручаюць дарогі..."

Зноў мяне прыручаюць дарогі,

Зноў спрабуюць да тлуму змушаць.

Не стамляйцеся ўражвацца, ногі,

Не стамляйся здзіўляцца, душа!

 

Прыручайце, любімыя, смела —

Я і сам вашай памяці рад.

Колькі шчыра — душою збалелай

Сумаваў я без вашых прысад.

 

Быў адрокся ад вас — як зняважыў.

Зараз зноў трэба сцежкам гадзіць.

Я выходжу на ростані вашы,

Як малое, вучуся хадзіць.

 

Цяжка бачыць дарогі праз вокны,

Што шукаюць круты небакрай.

Так і хочацца ў пыльныя скокнуць

І пайсці — толькі кій свой трымай!

 

Дык прымайце, шляхі, мае ногі

І адразу — у пыл іх, у грунт:

Хай пазнаюць смакоту знямогі,

Хай успомняць загоены гуд.

 

А дарогі — заўсёды сустрэчы,

«Добры дзень» незнаёмых людзей,

І усмешка, як радасны вечар,

І размова, што ўрунены дзень.

 

А дарогі — заўсёды трывогі,

Насцярожаны крыху пагляд.

Так, прыемна збірацца ў дарогі,

Ды прыемней вяртацца назад.

 

А вярнуўшыся з дальняе далі,

Пасадзіўшы ўспаміны на ўлонь,

Ты прыпомніш, як сам на прывале

Прыручаў, бы вавёрку, агонь.