epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

Зона

 

— Можа, вернемся?

— Смяешся ты, ці што? Столькі пакутавалі, столькі гора зазналі, а зараз вяртацца?

Усё лета ішлі яны, туляліся па лясах і балотах, абыходзілі паселішчы, вёскі і гарады, хаваліся ад лішняга, чужога вока, начавалі на лапніку ў наспех скіданых буданах, елі што траплялася, а то і галадалі ўвогуле, уцякалі ад тых, хто гнаўся за імі, а зараз, калі воля, як ім здавалася, была ўжо так блізка, адмовіцца ад усяго, паставіць крыж на спрадвечнай мары, вярнуцца назад і павініцца перад тымі, хто здзекаваўся з іх?

З зоны яны выходзілі невялікаю групкаю чалавек, можа, на дзесяць — гэта якраз тая самая зручная для ўцёкаў кампанія: яна і не вельмі вялікая, каб вытыркацца — з ёю можна незаўважна ісці па небяспечных дарогах і сцежках, але і дастатковая, каб, калі спатрэбіцца, з гонарам абараніцца.

Між усяго гурту годна вылучаліся двое — Ён і Яна. Ірвідуб і Ружа. Яны якраз і падбілі ўсіх астатніх на гэтыя ўцёкі, і зараз, разумеючы, што менавіта на іх ляжыць увесь клопат і адказнасць за падбухтораных і зведзеных немаведама куды людзей, былі ім і за павадыроў, і за абаронцаў. І змоўшчыкі давяралі заступнікам, слухаліся, што параяць, што скажуць яны, бо іхняя думка і іхняе слова былі тут апошнімі.

Вось і зараз уцекачы сядзелі і чакалі, як адгукнуцца Ірвідуб і Ружа на размову, што ўзнікла міжволі, сама па сабе.

Пачала жанчына:

— І праўда, мы столькі ішлі. Хаваліся і туляліся. Мёрзлі і галадалі. Недасыпалі і пакутавалі. І зараз вяртацца? Куды і навошта? Мне здаецца, што крыж свой мы павінны данесці да канца. Нам выпала разведаць дарогу. Можа, па ёй потым услед за намі пойдуць і іншыя смелякі з нашага даверлівага народа, які спрадвеку жыве ў абрыдлай і зненавіднай зоне. Не можа ж быць, каб адсюль не было выйсця. Яно ёсць, і яно толькі наперадзе...

Ірвідуб уважліва слухаў каханую. Радаваўся, што яна думае гэтак жа, як і ён сам. Але пасля, калі Ружа сціхла, доўга сядзеў задумаўшыся, маўчаў. Калупаў прутком зямлю перад сабою і маўчаў. Затым устаў, выпрастаўся, спытаў:

— Можа, хто думае інакш?

— Не, Ружа праўду гаворыць.

— То і пойдзем тады наперад.

Яны былі ўжо босыя і амаль што голыя — адзенне ашмоццем звісала з іх, аднак беглякі не маглі разжыцца на лепшае: сумленне не дазваляла ўкрасці ці адабраць у каго якую-небудзь лайніну, а заходзіць у вёскі, якія трапляліся па дарозе, уцекачы баяліся. Так і ступалі яны босымі, азызлымі нагамі ў мокрую, раскаўзаную восеньскую гразь, якая цвякчэла пад падэшвамі, а зверху ім таксама не было чым прыкрыцца ад надакучлівага, нуднага і ўжо зябкага дажджу.

Змоўцы атрасалі з валасоў дажджавыя кроплі, уцягвалі ў каўняры мокрыя галовы, пацепваліся, спрабавалі сагрэцца, і ўсё ж зацята, настойліва ішлі наперад — якія нягоды і пакуты могуць спыніць чалавека, калі наперадзе ў яго воля?!

Уцекачы ішлі і ўсю гэтую ноч — уночы яны смялелі і ўжо не так баяліся, як удзень, калі кожны іх мог высачыць і злавіць. Пад раніцу беглякі ўбачылі калючы дрот і ўзрадаваліся: зразумелі, што менавіта за ім — воля, пра якую яны столькі марылі і якой гэтак трызнілі.

Адразу ж у разведку пайшоў сам Ірвідуб. А вярнуўшыся, нічым не змог парадаваць і ўсцешыць спадарожнікаў: калючы дрот стаяў пад высокім напружаннем, а таму нават думаць пра тое, каб зрабіць у ім дзірку і вырвацца на волю менавіта тут, было недарэчна.

Прайшоўшы яшчэ крыху наперад уздоўж дроту, людзі ўбачылі ўдалечыні нейкае незразумелае збудаванне, падобнае ці то на лазню, ці то на пральню, ці то ўвогуле на камбінат бытавога абслугоўвання. Калючы дрот, які, звужаючыся, з двух бакоў усутыч падыходзіў да памяшкання, нібыта паказваў, што іншага выйсця адсюль няма, што той, хто хоча трапіць за дрот, на волю, абавязкова павінен прайсці праз гэты будынак.

Уцекачы сабраліся ў невялікім бярозавым гайку, зарослым густым падлескам, дзе добра было затуліцца ад чужога цікаўнага вока, пахаваліся за кустамі, пачалі да ўсяго прыглядацца, усё вывучаць, каб нарэшце вырашыць, што рабіць далей.

Над будынінаю ўзвышаўся высокі комін, з якога ішоў дым. Злева, далекавата, але яшчэ ў зоне, віднелася ладная, двароў на сто, вёска — шэрыя хаты, накрытыя саламянымі стрэхамі, пужліва туліліся адна да адной. Адтуль да пабудовы ішлі людзі. Яны неслі пад пахамі тазікі і венікі, а таму ўцекачы напачатку і рашылі, што гэта звычайная лазня. Але назад вярталіся не ўсе, што ўваходзілі туды, і гэта насцярожвала тых, хто назіраў, — дзе ж дзяваюцца астатнія?

І дзіва — ні ля калючага дроту, ні ля гмаху-лазні — нідзе не было відаць ніякай аховы, ніякіх узброеных людзей — ні міліцыі, ні ваенных. Такое здавалася незразумелым, неверагодным — мусіць, усе спадзяванні ўскладаліся на высокае напружанне, — бо гэты дрот і гэтая будыніна, канечне ж, стаяць на самай мяжы, яны раз’ядноўваюць волю і няволю. Дык хіба могуць ахоўнікі не сачыць за нявольнікамі і не абараняць ад іх волю?! Хіба могуць яны ўсіх, каму заманецца, так лёгка выпускаць з зоны?!

Доўга ўцекачы назіралі за будынкам, за людзьмі, якія ўваходзілі туды і выходзілі адтуль, але ніяк не маглі адважыцца пакінуць сваю схованку. Канечне, сярод гэтых мясцовых людзей ім, босым і абшарпаным, не ўдасца астацца незаўважанымі, але ж, думалася, людзі, стомленыя, задумлівыя і абыякавыя, не будуць асабліва цікавіцца, хто яны і адкуль.

Змоўцы не ведалі, як і што з імі будзе там, калі ўвойдуць у будыніну, але былі перакананы, што шлях на волю ляжыць толькі праз гэтыя дзверы, якія хочаш ці не хочаш, а ўсё роўна давядзецца адчыняць.

Адважыліся выйсці са схованкі толькі бліжэй да вечара, калі людзей на пляцы перад лазняю паменела. Выходзячы, рабілі выгляд, што яны тут свае, што нічога не баяцца, ішлі з гонарам, нягледзячы на босыя ногі і ашмоцце на плячах, але тутэйшыя людзі, да якіх яны далучаліся, глядзелі на незнаёмых, як на дзівакоў ці як на вар’ятаў. У іх вачах уцекачы чыталі здзіўленне, спалох, нават жах: туды яны ідуць самі, па сваёй ахвоце, без прымусу?!

Без ніякіх перашкод змоўцы дайшлі да дзвярэй будыніны.

Толькі цяпер яны ўбачылі маленечкую шыльдачку, прыбітую над уваходам, дзе зусім дробнымі літарамі было напісана: «Санапрацоўка. Санпрапускнік», а яшчэ ніжэй, але ўжо большымі літарамі — «Праверка на вашывасць» — гэта ўжо можна было прачытаць нават не напружваючы вачэй.

Мясцовыя жыхары адчынілі дзверы — самі яны не змаглі гэта зрабіць, бо ў дзвярах не было ніводнае ручкі — і ўцекачы нарэшце апынуліся ў самым чэраве прасторнай лазні. Тугая вільготная пара ўдарыла ў твар, стала цяжка дыхаць — тут было горача, як у пральні, і гэтак жа, як і там, глуха гулі нейкія машыны.

Перад сабою ўцекачы ўбачылі доўгі рад турнікетаў-круцёлак, вельмі падобных на тыя, што стаяць у магазінах самаабслугоўвання — каб людзі і заходзілі і выходзілі толькі па адным. Каля турнікетаў цямнелі нейкія нехлямяжыя машыны, перад якімі спыняліся ўсе. Тутэйшыя даходзілі да іх, здымалі свой абутак, устаўлялі босыя ногі ў дзіўную нішу, націскалі на кнопку, і машыны пакорліва абувалі ўсіх у тапачкі. І толькі тады людзі праходзілі далей, — без тапачак у чэрава лазні турнікеты не прапускалі: спыняліся і не круціліся.

Ружа першая адважылася падысці да машыны і ўсунула ў яе чырвоныя ад холаду ногі. Націснула на кнопку — і вось яна, ужо абутая, бяжыць да Ірвідуба, каб пахваліцца: маўляў, зірні, якія прыгожыя тапачкі выдалі мне!

— А давай я і табе вазьму, — падахвоцілася яна, і не паспеў Ірвідуб стрымаць каханую, як Ружа была ўжо зноў ля турнікетаў.

Зняла свае тапачкі, зноў уставіла ногі ў выемку, націснула на кнопку, але машына была абыякавая: ніякіх тапачак яна не выдавала — мусіць, запомніла, што гэтыя ногі свой абутак ужо атрымалі.

Тады Ружа хапатліва, спяшаючыся, пачала націскаць адразу на ўсе, якія толькі былі, кнопкі. Машына шуршэла, тарахцела, грукала, а потым здрыганулася ўсім корпусам, уздыхнула, як чалавек, і заціхла.

Ён убачыў, што трывожна пачалі ўжо мігаць шматлікія рознакаляровыя — сінія, чырвоныя, зялёныя — сігнальныя лямпачкі, і кінуўся да каханай. Падаўшы ёй, разгубленай, тапкі, дапамогшы іх надзець, Ірвідуб крыкнуў:

— Бяжы хутчэй!

І сілаю праштурхнуў яе праз турнікет, рукою пасабляючы таму круціцца.

У санпрапускніку пачынаўся нейкі шум, нейкая валтузня. Ён агледзеўся. Усе ўцекачы паспелі атрымаць тапачкі, прабеглі кантроль і ўжо спяшаліся да адзіных дзвярэй, якія святлелі на выхадзе. Да іх, усё шукаючы яго вачыма, далучылася і Ружа.

На гэтым баку заставаўся толькі адзін ён. Ірвідуб зацкавана азіраўся па баках, паспешліва шукаючы выйсця. Убачыў ля суседняга турнікета жанчыну з тазам, якая вярталася, мусіць, дадому, кінуўся да яе, ашчаперыў абедзвюма рукамі, адарваў ад цэментнай падлогі, падняў угору і пачаў трэсці, страсаючы з яе ног тапачкі. Упаў таз, закружыўся, нарабіў грукату і звону — на іх пачалі ўжо ўсе здзіўлена азірацца, — а ён усё трос і трос незнаёмку. Калі тапачкі нарэшце ўпалі, паставіў босую спалоханую жанчыну зноў на цэмент, спяшаючыся, уссунуў на свае ногі яе тапачкі і што ёсць сілы кінуўся праз турнікет.

Тапачкі былі мокрыя, усцілка — слізкая: відаць, усярэдзіну трапіла мыльная пена. Ногі соўгаліся сюд-тут, шлёпанцы ўвесь час з’язджалі — яны былі без заднікаў, — але ён усё ж, нязграбна сунучы іх па цэментнай падлозе, пракульгаў праз турнікет.

Адна палавіна дзвярэй на выхад была яшчэ расчынена — другую спешна зачынялі і зашчэплівалі на шпінгалеты, — і ён, ведаючы, што гэта ў яго апошняя магчымасць вырвацца, ледзь не збіўшы чалавека, які браўся і за другую палавіну, сігануў у праём.

Ззаду ўжо крычалі і свісталі, і яму здавалася, што за ім гоніцца цэлая гайня ахоўнікаў, якіх да гэтага нідзе не было відаць.

За дзвярыма ўсё яшчэ мітусіліся ўцекачы, не ведаючы, куды бегчы далей — перад імі ўзнікла высокая пабеленая вапнаю сцяна, па версе якой ішоў зноў жа калючы дрот. Дзвярэй, якіх усе шукалі, ніхто не мог знайсці. Ён і сам, колькі ні слізгаў вачыма па калючым дроце, па сцяне, таксама нідзе не заўважыў якога-небудзь выхаду.

Раптам Ірвідуб убачыў, што непадалёку ад яго з суцэльнай сцяны надарэчна вытыркалася нейкая дужка. Ён хутчэй за ўсё інстынктыўна пабег туды і рвануў яе на сябе. І, як ні дзіўна, тая лёгка паддалася, і за ёю, абломваючы штукатурку, што тут жа кавалкамі асыпалася пад ногі, адчыніліся нешырокія дзверы. Ён, спяшаючыся, пачаў штурхаць у гэтыя дзверы сваіх спадарожнікаў, з якімі ўсё лета трызніў пра волю. Апошняй Ірвідуб выпіхнуў з зоны Ружу і ўжо сам хацеў падацца за ёю, як адчуў, што яго нехта ўчэпіста схапіў за ашмоцце. Ён азірнуўся — перад ім стаяла тая самая жанчына з тазікам, у якой ён строс з ног тапкі.

— Ніколі б не падумала, — скрушліва загаварыла яна, — што вы так абыдзецеся са мною. Мяне ніхто ў жыцці не крыўдзіў, а вы так абняславілі. Вы ж ведаеце, што гэтым вы загубіце мяне: у нас жа той, у каго няма тапак, — ніхто і нішто.

Ён мог ірвануцца і знікнуць у праёме дзвярэй — няхай бы апошняе ашмоцце адзежы аставалася ў руках жанчыны, — але штосьці ўсё ж стрымлівала яго.

Зірнуўшы ўважлівей на незнаёмку, ён зразумеў, што жанчына была вельмі ж падобная на яго родную сястру.

— Паўліна? — здзіўлена спытаўся ён.

— Ніякая я вам не Паўліна, — зазлавала тутэйшая.

— Дык чаго тады вы ад мяне хочаце? — ужо раздражнёна спытаўся Ірвідуб.

— Адзінае, чым вы можаце зараз загладзіць сваю віну, дык гэта ўзяць мяне замуж, ажаніцца са мною.

Яму здавалася, што яна гаворыць доўга і нудна, гаворыць лухту, а непадалёку ўжо свісталі, крычалі ўсё галасней і прарэзлівей, думаць не было калі, таму ён, не зважаючы на недарэчнасць патрабавання, згадзіўся:

— Добра, пабеглі хутчэй! Там разбяромся! Скачыце туды!

І пацягнуў жанчыну да дзвярэй. Тая заўпарцілася, пачала ўпірацца.

— Туды? — здзівілася яна, і ў яе вачах ён убачыў самы сапраўдны жывёльны страх.

— Туды? — няўцямна перапытала яшчэ раз жанчына.

— Канечне, туды! Там жа воля! Чуеце, во-о-о-ля!

— Там воля? — Вочы ў жанчыны яшчэ болей акругліліся, сталі вялікія, як у хворай на базедаву хваробу, і яна, выхапіўшы з-пад яго ног свае тапкі, у жаху, быццам ад ненармальнага, кінулася наўцёкі.

Ён, спяшаючыся, не вельмі задумваючыся над паводзінамі жанчыны з тазам, пераскочыў на той бок сцяны і шчыльна зачыніў за сабою дзверы — з гэтага боку ў іх была ўжо ручка.

Тыя, хто нарэшце вырваўся з ненавіснай зоны, радаваліся, як дзеці. Яны абдымаліся, цалаваліся, кружыліся, смяяліся, нават спрабавалі танцаваць — былі шчаслівыя, што нарэшце апынуліся на волі.

Убачыўшы, што Ірвідуб ужо таксама тут — пераадолеў санпрапускнік — да яго кінулася Ружа, абняла каханага за шыю, пацалавала ў вусны і радасна закружылася разам з ім.

— Мы на волі, на волі, на волі! Чуеш, на волі! — і тут жа асеклася і ўжо іншым, трывожным і насцярожаным голасам спыталася: — Зірні, а чаму гэта вышкі не ў той бок, а на нас глядзяць?

Вышкі і праўда, ашчэрыўшыся аўтаматамі і кулямётамі, падазрона глядзелі на ўцекачоў.

Неўзабаве да іх падышлі ўзброеныя людзі.

— Адкуль вы? — спыталі яны.

— З зоны.

Тыя, што цікавіліся, аж папярхнуліся.

— Адкуль, адкуль? — перапыталі зноў.

— З няволі, — упэўнена адказаў Ірвідуб.

— А куды ідзяце, што, калі не сакрэт, шукаеце?

— Волю шукаем. І мы яе, нарэшце, знайшлі.

— Адставіць жарцікі! — скамандавалі ўзброеныя і паблажліва растлумачылі: — Воля якраз там, адкуль вы прыйшлі. А тут зона. Вітаем вас у зоне строгага рэжыму!

— Як гэта — зона? — параскрывалі раты ўцекачы.— Тут жа воля, — усё яшчэ, хоць і не вельмі пераканана, не згаджаліся яны.

— Спыніць разгаворчыкі! — узлаваліся людзі са зброяй. — Выдаць зняволеным бушлаты!

— А можна нам назад? — няўпэўнена ўсміхаючыся, спрабуючы выкарыстаць усю жаночую прывабнасць і чароўнасць, спыталася Ружа. — Мы заблудзіліся, мы не вінаватыя...

І паспрабавала наблізіцца да дзвярэй, праз якія яны, радасныя і шчаслівыя, толькі што прашчаміліся. Але людзі са зброяй заступілі ёй дарогу.

— Стаяць! Рукі за галаву! — строга і сурова загадалі яны і тут жа раўнадушна дадалі: — Адсюль ніхто не выходзіць. Бо невінаватыя да нас не трапляюць!

 


1993?

Тэкст падаецца паводле выдання: Сіпакоў Я. Тыя, што ідуць: Кніга прытчаў. – Мінск, Мастацкая літаратура, 1993. – с. 99-104
Крыніца: скан