epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

"Зразумець, што ты — народ..."

Зразумець, што ты — народ,

І ад радасці ўзвінуцца,

На любы яго зварот,

Як на імя адгукнуцца.

 

Са сваёй Радзімай ты —

Назаўжды адно і тое ж;

І маленькай свалаты

Ад яе ты не прытоіш.

 

Зразумець, што ты — народ,

Які ў свеце часта хваляць.

Жыць за племя, жыць за род,

Што схавалі часу хвалі.

 

Памагчы араць і жаць

Нетаропкаму ратаю.

Яго ніву паважаць,

Бо яна ў яго — святая.

 

Нібы маці, берагчы

Працаўніцу нашу — мову,

Бо яна — жыцця зачын

І пачатак песні новай.

 

За народ ісці на бой,

Помніць, правячыся боем,

Што стагоддзі за табой

І стагоддзі — прад табою.

 

Твае раны ўсім баляць.

Нас ратуюць, як ад смагі,

І спрадвечная зямля,

І раскрыленыя сцягі.

 

Зразумееш, ты — народ,

Крык, як радасць, не стрымаеш

І падыме, нібы ўзлёт:

Я народ свой, людзі, маю!