epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

Зубрэвіцкая сага

Трава, зялёнаю купінкаю вытыркаючыся з белага снегу, уважліва, насцярожана і трывожна глядзела на яго.

І ён таксама глядзеў на траву. Глядзеў абыякава, глядзеў і не бачыў нічога перад сабою да таго, як нечакана перахапіў яе зацікаўлены позірк.

Яго ж позірк дасюль быў невідушчы. У ім, нібы замарожаная сляза, стаяў толькі захаладалы сум ад безвыходнасці, ад крыўды і знявагі, і яму, гэтаму суму, нават аднаму было цесна ў вачах.

Каля яго, па ўсім пагорку, на якім ён, падбіўшы пад сябе нагамі цэлую гурбу снегу, сядзеў, сюды-туды хадзілі людзі - паланёны, седзячы, бачыў толькі іхнія ногі - яны тапталі снег, тапталі траву, якой таксама, мусіць, было холадна і балюча.

І ён, як нешта зразумеўшы, моўчкі загаварыў з травою.

Трава таксама ж жывая, і ёй баліць. Колькі пакаленняў травы прайшло паперадзе вось гэтай купінкі! Кожную вясну нараджаліся травінкі, радаваліся свайму з'яўленню, квітнелі, цягнуліся да сонца, а ўвосень ціха, хоць і не заўсёды паслухмяна, паміралі - часам і з-пад сумётаў на маразы і завеі настойліва, як і цяпер вось, вытыркаліся зялёныя каснічкі.

Паміралі яны, паміралі іх дзеці, паміралі ўнукі, паміралі праўнукі. Колькі ж іх, зніклых назаўсёды, ляжыць вось зараз пад снегам, у зямлі, пад кожнаю травінкаю? Іх, што адцвілі і завялі, пасохлі і зрабіліся такімі ж па колеры, як і сама зямля...

Яму захацелася паказаць траве, што ён убачыў і зразумеў яе погляд, яе ўвагу да сябе. І ён ці то каб пагладзіць траву, ці то каб развітацца з ёю, а можа, і з самім сабою, працягнуў да купіны свае рукі і тут жа застагнаў ад крыўды - рукі яго былі звязаныя...

Якое ж пакаленне травы жыло тады на зямлі, зелянела на той купіне пад Ашменаю?

 

Ён нарадзіўся ў Друцку, а жыў у Зубрэвічах. Там у яго быў двор, стаяў княжацкі маёнтак. Усе яго ведалі як Мітку Сякіру, а сам ён усе свае паперы падпісваў амаль заўсёды аднолькава: «Князь Дзмітрый Зубрэвіцкі».

Сякіра - дзедзіч зямлі Зубрэвіцкай. У яго дзедзіну ўваходзяць яшчэ шмат якія іншыя ўладанні - вёска Хімы, пусташ Дубровенская, Шклоў, двор Быхаў і двор Добасна пад Рагачовам, Асцёрская зямля каля Кіева.

А ён, вязеннік, ляжыць паланёны, ляжыць вось тут, пад Ашменай.

У князя Сямёна Дзмітрыевіча Друцкага Мітка быў чацвёрты - перад ім нарадзіліся два яго браты, два Іваны. Паколькі ў іх было аднолькавае імя, іх адрознівалі па мянушках - Іван Баба і Іван Пуцята. Быў яшчэ перад ім і Рыгор, а вось Васіль Красны з'явіўся пасля Міткі. Дарэчы, ён таксама ўдзельнічаў у гэтым рушэнні, але Мітка не ведае, дзе яго брат цяпер і што з ім.

Маці нарадзіла Мітку праз нейкі час пасля бітвы ля Ворсклы. Чатыры сыны дзеда Дзмітрыя, чатыры князі, разам з Вялікім князем Вітаўтам хадзілі на татар у Залатую Арду, а вярнуўся адтуль толькі адзін - Сямён, яго, Міткаў, бацька. Дзядзькі ж Іван, Міхал і Аляксандр засталіся там назаўсёды.

Бацька не любіў успамінаць пра Ворсклу, але часам, калі пыталіся, расказваў пра тую бітву.

Вітаўт, Вялікі князь Вялікага Княства Літоўскага, захацеў тады стаць і Вялікім князем Маскоўскім. Ён наняўся дапамагчы хану Тахтамышу, якога прагналі з ханства, вярнуць уладу ў Залатой Ардзе і за тое папрасіў у яго, калі сядзе на трон, даць яму ярлык на Маскоўскае велікакняжанне.

Вітаўт сабраў вялікае войска. Пад свае харугвы ён паклікаў тысяч са дваццаць вояў. Іх прывялі на Ворсклу каля пяцідзесяці князёў. Былі там і ляхі, і валахі, і тэўтоны. Тахтамыш таксама прывёў некалькі тысяч. Але асноўная сіла была свая - воі Княства.

Тады бог дапамог татарам, стаў на іх бок.

Хан Цімур-Кутлук і цемнік Едзігей сустрэлі Вітаўтава войска ў сваіх межах, ля пераправы цераз раку. Але самі не нападалі. Марудзілі, хітравалі, чакалі, калі збярэцца ўсё войска. А потым акружылі вояў Вітаўта, шмат каго перабілі, шмат хто ў палон трапіў. А колькі князёў палегла там!

Вітаўт жа з Тахтамышам і з рэшткамі войска ўцяклі. Разам з Вітаўтам вярнуўся дадому і князь Сямён - Міткаў бацька.

- Доўга мы біліся - цэлы дзень, - і праз шмат гадоў успамінаў бацька. - Гэта было дванаццатага жніўня, у аўторак.

І праўда, мусіць, страшная сеча была, калі ён назаўсёды той дзень запомніў - дванаццатага, у аўторак...

А дзядзькі назаўсёды засталіся ў Ардзе. У чужой зямлі. Забітыя чужымі мячамі. А за што яны біліся з татарамі? Каб замест Цімур-Кутлука пасадзіць Тахтамыша? Каб аддаць Масковію Вітаўту?

І вось цяпер ён сам, Мітка, ляжыць пад Ашменай. Паланёны, са звязанымі рукамі. Не ў Ардзе ляжыць, а пад Ашменай. І не з татарамі ён біўся, а са сваімі ж адзінакроўцамі. І ён ведае, за што яго адлавілі - за мужнасць.

Бацька заўсёды, з самага дзяцінства, вучыў сыноў мужнасці і дабрыні адначасова. Гэта ў яго самога было галоўным - мужнасць і дабрыня. Здаецца, такое не спалучаецца. Але не - спалучаецца! Дабрыня мужнага чалавека асаблівая - ён ведае, як баліць іншаму, і таму робіць усё, каб балела як найменей. Твой боль - гэта ж працяг болю іншых.

Тут яму балела душа - ад немагчымасці нешта перайначыць, перамяніць, паправіць.

Каля яго ўсё яшчэ хадзілі нечыя ногі, але Мітка не бачыў нікога, хто б вартаваў яго.

Раптам з-пад цяжкіх снежных хмар, якія нечакана расступіліся, выбліснула яркае, амаль летняе сонца, якое так шуганула па вачах, што Мітка аж заплюшчыўся.

Дзіва, але яму адразу ж пачало трызніцца, што не на снезе халодным ляжыць ён, вязеннік, а сядзіць на беразе Друці і пад ім цёплая зямля і яшчэ цяплейшая трава.

Ціха плешчацца аб берагі Друць. Плынь цмокае пад карчамі. Рыба шмат дзе выскоквае на паверхню і, схапіўшы якую мошку ці неабачлівага матылька, зноў хаваецца ў глыбіні.

Па лузе бегаюць, весяляцца яго стрыечныя сёстры - меншая Соня і старэйшая Васіліса. Яны ганяюцца за матылькамі, уцешна смяюцца, рвуць лугавыя кветкі, плятуць з іх вянкі і навыперадкі бягуць паказацца яму, якія яны прыгожыя ў вянках.

Пасля таго як загінуў у бітве князь Андрэй Гальшанскі, а потым памерла і маці дзяўчатак Аляксандра - родная сястра Міцькавага бацькі, - сіроткі жылі ў Друцку, разам з княжацкай сям'ёй. Хоць яны і былі стрыечныя, аднак усе дзеці жылі як родныя - не дзяліліся. І дзядзька любіў іх гэтак жа, як родных сваіх дзяцей. Сынам жа яны былі за родных сясцёр.

На Міткавых, можна сказаць, вачах Соня зрабілася польскаю каралеваю.

Тады вялікі князь Вітаўт і кароль Польшчы Ягайла, едучы, здаецца, са Смаленска, заехалі да яго бацькі ў Друцак. Бацька, узрадаваны такім гасцям - не заўсёды ж бываюць у яго зямлі разам кароль польскі і вялікі князь літоўскі! - наладзіў ім вялікі абед. Мітка быў на тым абедзе і помніць, як сватаўся да Соні Ягайла.

Кароль адразу ж заўважыў бацькаву сястрычну і ўпадабаў яе. Ягайла не адважыўся сам гаварыць пра гэта з князем Сямёнам, а папрасіў Вітаўта, каб той сасватаў яму Соню:

- Было ў мяне тры жонкі, дзве ляхавіцы і адна нямкіня, аднак плода з імі, ты ведаеш, браце, я не меў. Таму я прашу цябе, выпрасі ў князя Сямёна меншую яго пляменніцу, і я вазьму яе ў жонкі. Можа, хоць з ёю, беларусінкаю, Бог дасць мне дзяцей. Я хачу мець з ёю сына.

Соні было тады семнаццаць гадоў, а Ягайлу - каля сямідзесяці.

Бацька запярэчыў Вітаўту, які перадаваў яму просьбу караля. Аднак не ўзрост жаніха меў ён на ўвазе, а нешта зусім іншае:

- Гаспадару вялікі княжа Вітаўце! Кароль Ягайла - брат твой каранаваны і гаспадар вялікі. Нічога не можа быць для маёй пляменніцы лепей, як за яго міласць замуж пайсці. Але ж я не хачу рабіць ганьбу і сорам яе старэйшай сястры - не павінна ж малодшая раней за старэйшую замуж выходзіць. Дык няхай бы яго міласць старэйшую ўзяў.

Аднак Ягайла адмовіўся ад Васілісы:

- Я і сам ведаю, што старэйшая сястра лепшая, але мае вусы, а гэта значыць, што дзеўка яна моцная, а я чалавек летны, а таму не магу на яе спакусіцца.

Тады бацька з Вітаўтам угаварылі князя Івана Бельскага ўзяць за сябе Васілісу Бялуху, а потым і Соф'ю заручылі з Ягайлам.

Кароль неўзабаве прыслаў у Друцак вельмі паважаных паноў, і тыя завезлі Соню ў Кракаў.

Якое шыкоўнае вяселле зладзіў Ягайла ў Кракаве! Мітка быў на вяселлі і ўсё бачыў. Мёд сычоны пілі, мускатэль пілі, мальвазію салодкую пілі. Зуброў елі, ласёў елі.

Яны з Соняю ўсё пераглядаліся - быццам не верылі, што вяселле адбываецца напраўду. Соні хацелася на друцкія лугі, каб лавіць там матылькоў і сплятаць вянкі з красак.

Аднак тое, дзіцячае, цяпер ужо было немагчымым - Соня станавілася каралеваю Польшчы. Яна, беларусінка, падаравала каралю Ягайлу тое, чаго ён так хацеў - Соф'я Друцкая нарадзіла польскаму каралю двух здаровых сыноў (трэці памёр малы), Уладзіслава і Казіміра, якія і пачалі каралеўскі род Ягелонаў.

А дзе ж, Мітка, твае сыны? Хто будзе тваімі вачамі? Там, дзе ўжо не бачаць свае? Хто будзе любавацца небам і бараніць зямлю, калі цябе не будзе? Каму ты аддасі свае Зубрэвічы і сваю Добасну пад Рагачовам?

Хто ведае, чым скончыцца і вось гэтае тваё паланенне. Твой пераможца - жорсткі. Колькі пасек ён тых, хто супраціўляўся яму!

Над табою неба, пад табою - зямля. Але ўсё гэта ненадзейна. Ты вісіш між імі, Мітка.

«Дзе мае сыны, Божа?»

Мітка аж здрыгануўся сам - здаецца, пачуў, што апошнія словы ён не падумаў, а сказаў.

У яго дзеда князя Дзмітрыя было восем сыноў.

У яго бацькі князя Сямёна было шасцёра сыноў.

Усім ягоным братам жонкі панараджалі сыноў. Толькі самы малодшы - Міхал Лобан - загінуў, не пакінуўшы спадкаемца.

Ва ўсіх - сыны, а ў яго - дачка. І тая толькі адна. Не, ён жа, вядома, любіць сваю дачку, аднак усё яшчэ думае, марыць пра сына і спадзяецца на яго.

І тут, на гэтым пагорку пад Ашменай, яму чамусьці напраўду верылася, што дома, у Зубрэвічах, яго ўжо чакае сын і, што вярнуўшыся з палону, ён падкіне малечу ў самае неба.

 

Тады Мітка змушаны быў абвясціць згоны - была ўжо глыбокая восень, набліжалася і зіма, а ягоная зямля не была пакуль чыстая: шмат чаго яшчэ заставалася на палях.

Яго жонкі не было ў Зубрэвічах - Соф'я Жэдзівідаўна паехала ў сваю Падольскую зямлю, якая засталася ёй пасля бацькі Івана Жэдзівіда, - там таксама не ўсё было пажата і звезена.

Самі сяляне называлі такія згоны гвалтамі, бо трэба было працаваць звыш паншчыны, аддаваць звыш цягла, але не паслухацца княскага загаду не маглі - каму гэта ахвота адчуць на сваёй спіне не толькі князеву, але і войтаву няміласць.

На досвітку войты і цівуны прыгналі ў Зубрэвічы шмат конных і пешых сялян з навакольных двароў, селішчаў, пустак. Усе яны былі хмурныя, скрушлівыя, незадаволеныя, глядзелі з-пад ілба. А чаму радавацца - часам такія згоны бывалі амаль кожны месяц, па дванаццаць гвалтаў на год: хіба ж напасешся на іх той ахвоты?

Твары былі заклапочаныя, скіраваныя на працу, а вось радасных Мітка не бачыў.

Таму ён і здзівіўся, убачыўшы на полі маладзіцу, якая радасна завіхалася на паласе, жнучы, спявала і чамусьці сама сабе ўсміхалася. Гледзячы на яе, можна было падумаць, што яна жне не яго, Міткаву, а сваю ніву.

Жала жняя прыгожа, увішна і спорна. Пасмы клала роўна, вязьмо скручвала спрытна, сціскала нажатае каленам і так лоўка пераварочвала ўжо гатовы сноп, што нельга было ўсачыць, калі і як гэта адбылося. Снапы ў яе атрымліваліся роўныя і акуратныя. «Як дзеці», - чамусьці падумаў Мітка і спытаўся ў войта:

- Хто яна? Адкуль?

Войт, які неадступна, крок у крок ішоў услед за князем, адказаў:

- Яна з сяла Алень. Збіраецца замуж за кмета. Але вяселле пакуль адклалі - кмет не заплаціў капшчыну. І яшчэ ён вінен капу грошай за тое, што гатуе піва. А ў яго ўжо адрэзана адно вуха... За крадзеж.

- А чаго тады яна такая шчаслівая?

- Відаць, кмет ужо хутка зможа разлічыцца з даўгамі...

Мітка падышоў да жняі.

- Як цябе завуць? - спытаўся.

Яна нехаця разагнулася і, трымаючы ў руках вязьмо, гэтак жа нехаця адказала:

- Хрысціна.

Мітка бачыў: жняя злуецца на яго, яна незадаволеная тым, што ён адрывае яе ад працы, і толькі чакае таго моманту, каб зноў узяцца за серп.

Яна з асалодаю жне яго поле! Яна вяжа снапы як сабе!

«Дзівачка», - падумаў князь, аднак сказаў не тое, што думаў:

- Ты народзіш мне сына.

Хрысціна не ўзрадавалася гэтаму нечаканаму загаду, яна адразу ж спахмурнела, і Мітка, адыходзячыся, азірнуўшыся, убачыў, што працаваць яна пасля гэтага стала не так прыгожа і радасна, як раней.

Але гэта не спыніла Мітку - увечары жняя ўжо была ў яго двары: князь зрабіў яе сваёю абруснай.

Хрысціна засцілала адно толькі сталы, а болей у харомах ёй ніякай іншай працы не давалі. Галоўнае, пра што яна павінна была клапаціцца, быў княжыч, Міткаў спадкаемец, якога ёй трэба нарадзіць.

Мітка хацеў перадаць сваю спадчыну не па кудзелі, а па мячу.

Аднак Хрысціна ніяк не магла зацяжараць. Ці то яна ніяк не магла забыцца на свайго жаніха і прывыкнуць да князя, ці то ёй замінала нешта іншае. Яна зрабілася сумнаю, а дзеці ж часцей за ўсё нараджаюцца ад радасці, а не ад суму. Пра гэта, мусіць, найперш і падумаў князь, калі спадзяваўся ад радаснай і клапатлівай жняі займець сабе сына, але ж і радасць, і смутак бываюць розныя...

Хрысціна разам з наймічкамі і пакаёўкамі хадзіла ў Дзятлава, да Рагвалодава каменя, каб папрасіць у яго плода, бо многія жанчыны ў наваколлі верылі, што гэты камень-прошча памагае ўсім і ва ўсім, чаго ні папросіш. Мітка ў гэта не верыў, аднак не забараняў абруснай наведвацца да валуна - быццам і сам спадзяваўся на нешта.

Зацяжарала Хрысціна недзе пад весну, калі ніхто ўжо не спадзяваўся на тое.

Княгіня, даведаўшыся, што нейкая кметка збіраецца нарадзіць князю спадкаемца, перадавала са свайго Падолля, што, як толькі вернецца ў Зубрэвічы, адразу ж выганіць з харомаў прасталюдзінку - маўляў, я, дачка князя Жэдзівіда, пляменніца Ягайлы і Вітаўта, з нейкімі там пакаёўкамі ды наймічкамі радніцца не збіраюся...

 

- Эй ты, уставай!

Мітка аж скрывіўся ад крыўды, ашчэрыўся ад злосці, але, стараючыся быць спакойным, сказаў:

- Я - не «эйты». Я - Мітка Сякіра, князь Дзмітрый Зубрэвіцкі.

І рэзка павярнуўся на голас - толькі адной галавой! - да таго, хто гаварыў.

Перад ім стаяў Жыгімонт Кейстусавіч, Вялікі князь Вялікага Княства Літоўскага. Ён уважліва, пільна глядзеў на яго. Мітка вытрымаў ягоны погляд, аднак як сядзеў, так і застаўся сядзець на снезе, - ашчэрыўшыся, скрывіўшыся, нахіліўшыся набок, абапёршыся на сумёт звязанымі разам рукамі.

- Развяжыце яму рукі! - загадаў Жыгімонт.

Не, гэта яму толькі здавалася, што за ім ніхто не сочыць, што яго тут пакінулі аднаго. Варта толькі было з'явіцца тут Вялікаму князю, як усе, хто быў невідомы, збегліся сюды.

Мітка нават не паварухнуўся, не выняў са снегу рукі, не падняў іх насустрач тым, хто кінуўся выконваць загад Жыгімонта: ахове, каб развязаць вяроўкі, давялося нават стаць перад Сякірам на калені.

- Аддайце князю меч! - зноў распарадзіўся Вялікі князь.

Мітка, толькі дакрануўшыся мокраю і захаладалаю даланёю да дзяржання мяча, адчуў, як зацёклыя рукі пачалі налівацца сілаю. Ён тут жа, абапёршыся на меч, лёгка, як усё роўна і не сядзеў столькі часу ў такой нязручнай позе, ускочыў на ногі і нават пругка пакачаўся на іх.

- Хадзем, Мітка, гаварыць будзем.

Жыгімонт павярнуўся і пайшоў першы. За ім падаўся і Сякіра. Мітка ішоў за князем, за некалькі крокаў ад яго, але даганяць Жыгімонта яму зусім не хацелася.

Сюды, пад Ашмену, ён прыйшоў са Свідрыгайлам. Са сваімі воямі, з воямі Свідрыгайлы, якіх налічвалася каля сарака тысяч. Свідрыгайла, абражаны і пакрыўджаны сваім выгнаннем з велікакняжацкага пасаду, ішоў на Вільню. Аднак, не дайшоўшы сем міль да яе, чамусьці спыніўся - Мітка і цяпер не ведае чаму. Цэлы тыдзень яны прастаялі тут. А насустрач ім ужо выйшаў Жыгімонт...

Адбылася вялікая сеча. Мітка, як і яго бацька, які ў свой час вярнуўся з Залатой Арды пераможаным, гэтак жа назаўсёды запомніў дзень бітвы - панядзелак, восьмага дня снежня месяца.

Бог стаў на гэты раз на бок Жыгімонта. І Жыгімонт перамог іх. І перамог намнога меншым войскам. Такую сілу!

Свідрыгайла - гарачы, смелы ваяр. Але ж ён не стратэг. Ды яшчэ і звычкі дрэнныя мае... Хмель любіць. А хмель жа бітве не памочнік.

Таму ён і прайграе адну бітву за другой. А яны, браты Міткавы, нягледзячы на гэта, усё роўна гарой стаяць за Свідрыгайлу і, як толькі могуць, дапамагаюць яму. Ды і ён прывячае іх. Пры яго вялікім княжанні Іван Баба ўваходзіў у раду Свідрыгайлы, Іван Пуцята таксама быў у гэтай радзе, а Мітка з Васілём Красным прыйшлі вось сюды, пад Ашмену.

Дзе ж цяпер Васіль? Вырваўся? Забіты? У вязенні?

Жыгімонт, паслізнуўшыся, доўга балансаваў на адной назе, але ўсё ж утрымаўся, не ўпаў у снег.

Мітка, убачыўшы гэта, спыніўся і прыстояў - пачакаў, калі Вялікі князь знойдзе нарэшце раўнавагу.

Ахоўнікі кінуліся да Жыгімонта, каб дапамагчы яму, але ўбачыўшы няпэўны рух князя рукою і прыняўшы яго за забарону, спыніліся, засталіся за Сякірам.

Жыгімонт утрымаўся на нагах сам. Неўзабаве ён спакойна, не азіраючыся і не спяшаючыся, пайшоў наперад.

Пайшоў услед і Мітка, а за ім - Жыгімонтавы дружыннікі.

 

А пачалася гэта непрыязнасць і нават вайна даўнавата ўжо - ці не з тых гадоў, калі Ягайла, Вялікі князь Вялікага Княства Літоўскага, стаў і каралём польскім.

Тады Міткі не было яшчэ на свеце, але тая даўняя падзея стала такою важнаю для ўсіх, што пра яе гаварылі і тыя, хто нарадзіўся пасля Крэўскай вуніі, на якой Польшча і Літва заключылі між сабою еднасць. Дарэчы, вунія ж адбылася зусім недзе побач - Крэва ж знаходзіцца не вельмі далёка ад Ашмены.

Ягайла, сын Альгерда і ўнук Гедзіміна, стаў на чале абедзвюх вялікіх дзяржаў. А для таго каб усё гэта адбылося, ён павінен быў ажаніцца з польскаю каралеваю Ядвігай. Тая ж не хацела, баялася парушаць даўнюю дамову, якою яе яшчэ ў дзяцінстве заручылі з эрцгерцагам аўстрыйскім Вільгельмам. Яна, уражлівая, нават спрабавала атруціцца - ёй было тады дванаццаць гадоў, узрост, калі ты ўжо дарослая, але жыццё яшчэ не шануеш.

І толькі калі яе пераканалі, што тая іхняя дамова - дзіцячая і на яе можна не звяртаць увагі, яна згадзілася на шлюб. Аднак тут жа ўзнікла і новая перашкода: Ядвіга - апантаная каталічка, а Ягайла - праваслаўнай, грэчаскай веры. І ён сам, і маці, і ўсе яго родныя - праваслаўныя, а то яшчэ і язычнікі.

Першы ў кракаўскім касцёле пахрысціўся Ягайла, а за ім і ўсе браты: Ягайла стаў Уладзіславам, Карыгайла - Казімірам, Свідрыгайла - Баляславам. Усе яны адмовіліся ад язычніцкіх імёнаў і ўзялі сабе новыя. Нават Вітаўт, які першы раз прыняў каталіцкую веру ад крыжакоў, пахрысціўся нанова і стаў Аляксандрам.

У той жа дзень Ягайла і ажаніўся - павянчаўся ў тым жа самым касцёле, дзе і хрысціўся. Паны польскія хацелі, каб ён прыняў хрышчэнне дні за два да вянчання, але ён настояў, нібы баючыся нейкага падману, - толькі разам, толькі ў адзін дзень. І каралеўскі тытул, і каталіцкую веру - у адзін дзень. Мусіць, баяўся, што ляхі могуць схітрыць.

Тады і пачаў Ягайла-Ўладзіслаў хрысціць Вялікае Княства ў каталіцкую веру. Каго сілаю, а хто і сам пабег - пахрышчанаму ж давалі белую адзежу. Але шмат якія князі, што ўжо былі пахрышчаныя ў грэчаскую веру, не пабеглі - не захацелі хрысціцца ў другі раз.

Вось тады ўсё і пачалося.

Усіх змушалі да каталіцкае веры. Калі ты не прыняў яе - цябе ніхто не абароніць, нічога табе не дадуць. А прыняў - маеш усім валодаць, усё мець, усім карыстацца. А калі, прыняўшы ляшскую веру, ганебна ад яе адмовішся, - ужо ніякімі прывілеямі ты карыстацца не зможаш.

Але ж на каго ты, Мітка, скардзішся? І твой жа бацька, князь Сямён Друцкі, быў тады сярод дарадцаў Вітаўта! І ён жа засведчыў вунію сваёю, прывешанаю да яе, пячаткаю...

А пасля сейма ў Гарадзелі Ягайла дараваў яшчэ большыя прывілеі ўсім, хто перайшоў у каталіцтва. А нам, праваслаўным, - адны крыўды. Калі ты не католік, не маеш права - у сваім княстве! - займаць дзяржаўныя пасады. Ураднікамі назначаюцца толькі католікі, каштэлянствы аддаюцца толькі католікам, ваяводы, маршалкі, значныя намеснікі назначаюцца з іх жа. Гарадзельскі прывілей для нас, усходніх князёў, быў абразаю.

Але ж мы, князі Друцкія, належым да старажытных княжацкіх родаў. Мы - арыстакраты Вялікага Княства Літоўскага. Мы засведчылі мір з разбітым на Дубровенскім полі Тэўтонскім ордэнам. І да нас трэба адносіцца гэтак жа, як і да Гедымінавічаў.

Праўда, Вітаўт спрабаваў прымірыць і тых, і гэтых - і католікаў і праваслаўных. Ён увесь час казаў, што Княства павінна быць самастойным. Сам ён быў незалежны і ад караля, і ад Польшчы - калі Ягайла ехаў да Вітаўта, на мяжы Княства ён мусіў пакідаць сваю ахову: і каралю забаранялася браць з сабою ўзброеных вояў.

Але як бы хто ні стараўся, мір у Княстве быў парушаны. Брат пайшоў на брата. Пачалася доўгая вайна ў Княстве. Вайна з вялікай крывёю.

Гэта здарылася пасля смерці Вітаўта.

Ягайла тады прапанаваў князям і панам-радзе ўзяць сабе за гаспадара свайго роднага брата Свідрыгайлу.

Пры новым Вялікім князі яны, беларусінскія князі, займелі тую пашану, якая ім і належала па родзе. Таму калі Жыгімонт падняў паўстанне супраць Вялікага князя, усе браты Друцкія сталі на бок Свідрыгайлы. Самі сталі і мячы свае паднялі.

І вось цяпер ён тут, пад Ашменай...

 

Жыгімонт усё, не азіраючыся, ішоў наперад - быццам яго, Міткі, і не было за ім.

Мітка таксама ішоў спакойна, хоць яму і было трывожна - ён не ведаў, што збіраецца з ім рабіць Жыгімонт.

Спачатку, як толькі яго падняў з сумёта Вялікі князь, яны ішлі па спрэс патаптаным снезе, потым - па вузкай сцежцы толькі на аднаго чалавека, якая цяпер стала шырокаю, быццам убітая дарога.

Удалечыні, высока ўзняты над белым снегам, нібы вырастаючы з яго, адкрыўся вачам шэры замак.

Мітка, загледзеўшыся на будынак, аб нешта спатыкнуўся. Апусціў вочы і ўбачыў перад сабою нечы, мусіць, згублены ў сечы, шлем. Ён падбіў яго нагою, і той жаласліва бразнуў. Але Жыгімонт, нават пачуўшы бразгат, не азірнуўся.

Дарога станавілася ўсё шырэйшаю і шырэйшаю. Праз нейкі час Мітка заўважыў, што насустрач ім ад замка едзе нейкі вазок. Параўняўшыся з Жыгімонтам, вознік так зухавата развярнуў коней, што вазок аж стаў на адзін полаз і ледзь не перакуліўся.

Калі другі полаз зноў апынуўся на снезе, Вялікі князь сеў у сані і, нібы збіраючыся далёка ехаць, прыкрыў ногі ваўчынаю шкураю.

Коні жвава пабеглі да замка. Мітка ж і ахоўнікі ішлі, як і да гэтага, сваёю хадою.

Такія паводзіны Жыгімонта здаваліся палоннаму дзіўнымі, і на душы ў яго рабілася ўсё трывожней...

Але ж ён вой. І ў яго руках меч. Чаму быць, таго не мінаваць.

А ўзнік гэты пасвар, як здаецца Мітку, з-за яго самога. З-за Сякіры пасварыліся Польшча і Вялікае Княства Літоўскае. А дакладней - не з-за яго, а з-за яго сям'і. А яшчэ правільней - з-за Міткавай жонкі.

Ягайла і Вітаўт любілі восеньскія ловы. Вітаўт часта запрашаў караля Польшчы да сябе ў Белавежу - папаляваць на зуброў.

Аднаго разу, калі Ягайла прыехаў на ловы з Соняю, сястра запрасіла ў пушчу і яго, Мітку.

Князь і сам, здаралася, забіваў раней зуброў, аднак чамусьці толькі там, у Белавежы, ён убачыў, як і з якою пакораю памірае гэтая моцная жывёліна - не пішчыць, як заяц, не енчыць, як касуля, не раве, як мядзведзь. У ваўка, смяротна параненага, і то вочы вострыя, зненавідныя робяцца. А зубр памірае ціха, моўчкі. І дабрыня, ціхамірнасць у яго вачах застаюцца нават тады, калі ён, забіты, падае. Быццам нават тых, хто яго забіў, за ўсё прабачае. А такая ж вялікая і магутная жывёла! Відаць, і душа ў яго такая ж вялікая і такая ж магутная. Як і ў нас, беларусінаў.

У тую восень, два гады назад, Вітаўт зноў запрасіў Ягайлу на ловы ў Белавежу. А калі кароль прыехаў, сам гаспадар занядужаў і памёр. Ягайла вельмі шкадаваў свайго стрыечнага брата і пахаваў яго з плачам вялікім і песнямі звычаёвымі, якія спяваў і ён сам, і ўсе ягоныя слугі.

А Княства засталося без гаспадара. Яшчэ як Вялікі князь жывы быў, яны з Ягайлам дамовіліся: хто б ні памёр першы, той, хто застанецца, будзе вырашаць, каго выбраць спадкаемцам памёрламу. Будзе сын у Вітаўта - каралём Польшчы пасля Ягайлы стане ён; будзе сын у Ягайлы - пасля Вітаўта Вялікім князем абяруць яго.

Сына пасля Вітаўта не засталося. Соніны ягелончыкі-ягайлікі былі яшчэ малыя, таму Ягайла, каб не абражаць князёў і паноў Княства, параіў абраць Вялікім князем свайго самага малодшага брата.

І Свідрыгайла сеў на велікакняжацкі пасад.

Усходнія землі, спадзеючыся, што новы Вялікі князь скасуе вунію, узрадаваліся, а заходнія - засмуціліся: ляхі ненавідзелі апошняга Альгердавіча за яго незгаворлівасць - Свідрыгайла не згаджаўся аддаць ім Падляхію.

Калі палякі напалі на Падолле, кароль Польшчы якраз быў у Вільні. Свідрыгайла прымаў яго з вялікаю пашанаю аж да таго часу, пакуль не даведаўся пра напад. А даведаўшыся - вельмі ўзлаваўся.

Мітка быў тады ў Вільні, і Свідрыгайла, ідучы ў пакоі да караля, узяў з сабою і яго.

Гаварыць да Ягайлы Вялікі князь пачаў дужа спаважліва:

- Браце мой мілы, чаму ж ты зямлю Падольскую трымаеш, чаму не вяртаеш яе мне? Яна ж бацькаўшчына Княства, вось яго, Міткі Сякіры, Дзмітрыя Зубрэвіцкага спадак.

- Браце мой родны, ты ж ведаеш, што не Міткава гэта зямля, а братанка наша, Міткава жонка, Сафія Жэдзівідаўна спадкаеміца яе. А яна ў мяне, дзядзькі свайго, апекі ды абароны просіць, бо хоць я і трымаю тую зямлю, яна ўвесь прыбытак сабе забірае.

- Але ж усё роўна, пакуль ты не вернеш мне Падляхію, я цябе з Вільні не выпушчу!

Вялікі князь нечакана вельмі раз'юшыўся, разлютаваўся, схапіў Ягайлу за бараду, ды так моцна, што Мітку здалося, быццам Свідрыгайла не толькі збіраецца вырваць усе валасы з каралеўскай барады, а выдзера разам з барадою і ўсю сківіцу.

Ягайла заплакаў. Кароль плакаў ад крыўды. Ён праз слёзы ўшчуваў Свідрыгайлу:

- Браце мілы, ты брат мой малодшы, я табе як бацька, а ты мне, брату свайму старэйшаму, такую прыкрасць ды сарамоту ўчыніў. Як жа ты пасмеў над братам сваім старэйшым так здзекавацца, да барады маёй кінуцца? Нягожа было табе ўчыняць такое. Я ж памазаннік Божы, гаспадар хрысціянскі, славуты кароль, а ты, перабіўшы маю варту, мяне ў вязніцу садзіш, пад ахову бярэш...

Астыўшы, Свідрыгайла зразумеў, што зрабіў вялікую правіну, што ўсё атрымалася нядобра, прыкра, і адпусціў караля Польшчы, брата свайго старэйшага, з пашанаю.

Аднак ужо было позна. Ягайла, вярнуўшыся ў Кракаў, адразу ж зрабіў усё, каб у Княстве замест Свідрыгайлы Вялікім князем абралі Жыгімонта, Вітаўтава брата.

Тады і пачалася гэтая міжбратняя, міжусобная вайна.

Бачачы ўсё гэта на свае вочы, Мітка ніяк не мог зразумець раз'юшанасці Свідрыгайлы - у чым яе прычына? Яму нават здавалася, што малодшы брат яшчэ за штосьці зацята помсціць старэйшаму.

І яму, відаць, было за што помсціць.

Пасля смерці Вялікага князя Альгерда яго жонка княгіня Ўльяна са сваім малодшым сынам Свідрыгайлам пераехалі ў Віцебск, які быў спадчынным уладаннем яе мужа. А калі яна, зрабіўшыся манашкаю, пераехала ў Кіеў і там памерла, Ягайла аддаў Віцебск свайму сакольнічаму Фёдару Весне.

Свідрыгайла вельмі абурыўся - Віцебск жа яго дзедзіна! А тут нейкі сакольнічы...

Свідрыгайла забіў Весну, вярнуў сабе Віцебск. Цяпер ужо абурыўся старэйшы брат - што гэта ён, смаркач, сабе дазваляе?!

Ягайла пасылае грамату ў Вільню і просіць Вітаўта ўціхамірыць Свідрыгайлу. Вітаўт з войскам ідзе на Віцебск. Друцак здаўся яму адразу, Ворша пратрымалася два дні, Віцебск змушаны быў пасля жорсткага бою адчыніць вароты.

Вітаўт паланіў Свідрыгайлу і адправіў яго да брата ў Кракаў. Аднак Свідрыгайла ўцёк адтуль у Венгрыю.

Можа, і за гэта, выдзіраючы бараду брату, Свідрыгайла помсціў Ягайлу?

 

Калі Мітка пасля сляпуча-белага снегу ўвайшоў у замак, вочы яго нібыта перасталі бачыць, іх быццам бы завязалі чымсьці чорным, шчыльным - у пакоях стаяў такі змрок, такая цемра, што ён не толькі ўбачыць, але нават і здагадацца не мог, дзе, у якім куце знаходзіцца ў гэты час Жыгімонт. Аднак тое, што Вялікі князь недзе тут, побач, ён адчуваў усім сваім целам, кожнай яго часцінкаю.

- Прынюхайся. Чуеш? - нечакана з цемры загаварыў Жыгімонт, і Мітка міжволі падаўся, пайшоў на яго голас, аднак тут жа спыніўся, наткнуўшыся на меч ці то князева ахоўніка, ці то самога Жыгімонта.

- Чуеш? - паўтарыў сваё пытанне Вялікі князь і, нібы прынюхваючыся, знарок шумна пацягнуў сваім носам паветра. - Ім жа, тваім Свідрыгайлам яшчэ пахне тут. Толькі што ўцёк.

І замоўк, сцішыўся ў цемры - быццам чакаў ад Міткі пацверджання сваіх слоў. Але Мітка маўчаў - што ён мог адказаць на гэта Жыгімонту!

Праз нейкую хвіліну Вялікі князь загаварыў зноў:

- Тут, у замку, ледзь не забілі твайго Свідрыгайлу. - Жыгімонт крыху памаўчаў, мусіць, задумаўшыся, а пасля, ужо не хаваючы свайго расчаравання, грукнуў па нечым цвёрдым, як па дошках, кулаком. - Зноў ён выслізнуў! Зноў я выпусціў, можна сказаць, са сваіх рук гэтага лотру! Мітка, замест Свідрыгайлы я цябе заб'ю! Ты ж найбольш за яго стараўся.

І Сякіра адчуў, як востры меч, знайшоўшы невялікую дзірачку ў яго даспехах, варушыцца там - нібы пратыкаючы яе, нібы робячы гэтую дзірачку шырэйшаю.

- Уцякае твой Свідрыгайла. Бяжыць да Полацка, як заяц, - Жыгімонт з асалодаю засмяяўся. - Стары чалавек, а бяжыць, як заяц... Зноў яго там гасцінна сустрэнуць. Зноў ён будзе з маімі спагадцамі распраўляцца. Памятаеш, Мітка, як ён зашыў у мяшок князя Альшанскага і ўтапіў яго ў Дзвіне? - Вастрыё мяча слізганула па нагрудніку. - Мітка, я зашыю цябе ў мяшок і ўтаплю ў Ашмянцы!

- Твая воля, Жыгімонт, - спакойна адказаў Мітка. - Я ў тваім вязенні - што хочаш, тое і рабі.

Але Жыгімонт нібы і не пачуў Сякіру. Ён казаў далей сваё:

- Свідрыгайла ўцякае, браты твае ад мяне ратуюцца. Радцы велікакняжацкія. Іван Баба ў Рыгу едзе, Пуцята ў Масковію прабіраецца. Толькі вам з Васілём Красным не пашанцавала.

- А дзе Васіль?

- Там жа, дзе і ты, - у маіх руках. Вось з табою пагаманю, а тады і з ім разбяруся. Можа, вас дваіх у адзін мяшок зашыю. А можа, і па адным тапіць буду.

І Мітка, ведаючы Жыгімонта, разумеў, што ўсё, пра што гаворыць, ён напраўду можа зрабіць. Ён такі ж жорсткі і бязлітасны, як і Свідрыгайла. Засудзіў на смерць князя Карыбута і троцкага ваяводу Манвіда, пасадзіў ні за што ў астрог мсціслаўскага князя Юрыя Лунгвенавіча і капыльскага князя Алельку Ўладзіміравіча з сем'ямі. А дабро ўсіх, каго забіваў ці садзіў, сабе прысвойваў.

Вочы ніяк не прызвычайваліся да цемры - Мітка ўсё яшчэ нічога перад сабою не бачыў. І тады, нібы разумеючы няпэўнасць Міткавага становішча, хтосьці запаліў паходню. Святло ўспыхнула каля супрацьлеглай сцяны. Яно было яркае, але і яго такога не хапала для ўсёй прасторы замка - святло паглыналася сутарэннямі. Таму Жыгімонт, які яшчэ ў цемры адышоўся ад Міткі і стаяў цяпер перад паходняй, бачыўся Мітку як цёмная пляма - нават твару яго не было відаць.

- Дык чым цябе, Мітка, так прываражыў твой Свідрыгайла, што ты аж двойчы з ім на мяне хадзіў? - Сякіра, хоць і не бачыў Жыгімонтава твару, аднак уяўляў, які ён злосны.

Палонны разумеў, што маўчаць зараз нягожа, а таму зноў жа спакойна адказаў:

- Ён паважаў нас, усходніх князёў. Мы ўсе былі ў яго радзе. Ён бараніў нас, праваслаўных.

- Ад каго?

- Ад Ягайлы.

- Ад Ягайлы? - здзівіўся Жыгімонт. - А хто ж тады табе, як не Ягайла, землі ў Гарадзенскай і Шчучынскай валасцях аддаў? Табе, усходняму князю, заходнія надзелы? Вядома, гэта адбылося пасля таго, як твая сястра стала каралеваю Польшчы, але ж не яна, а славуты кароль польскі Ягайла зрабіў гэта.

- І той жа Ягайла лацінскую веру змушае нас прыняць як сваю. Схізматыкамі праваслаўных усіх лічыць. Свяшчэнны агонь Зніч патушыў у Вільні, разбурыў храм Перуна. І ты будзеш рабіць ўсё, што яны табе загадаюць. Ды табе і загадваць нічога не трэба - сам стараешся. Нас, беларусінаў, сапраўдных князёў, зневажаеш, а нікчэмных - узвышаеш. З гразі ды ў князі цягнеш...

Мітка рашуча, смела абвінавачваў Жыгімонта, паводзіў сябе так, быццам бы ён не палоннік, а пераможца.

Ён чакаў велікакняжацкага гневу. Але Жыгімонт маўчаў.

Мітку непрыемна было глядзець на вялікую цёмную пляму замест Жыгімонта, і таму ён адвёў вочы ўбок, спыніў позірк на сцяне і, каб супакоіцца, пачаў бяздумна разглядаць на ёй два рады цэглы, якімі пры будаўніцтве замка выпраўлялі няроўна пакладзенае ў кладку каменне. Сполахі, водсветы ад агню мітусіліся па цаглінах і камянях; яны былі трывожныя і выклікалі міжвольнае ўзрушэнне.

У гэты час загарэўся агонь і каля другой сцяны - за Міткавай спінаю. Нехта запаліў жароўню, і яе святло павінна было выхапіць з прыцемку твар Вялікага князя. Аднак, перавёўшы позірк са сцяны на Жыгімонта, ніякага твару Мітка не ўбачыў - князь быў у шлеме. Вачэй не было відаць, а толькі зверху - нібы на лбе - на шлеме вылучаліся два вялікія кругі, якія якраз і здаваліся вачамі - страшнымі - і на іх нельга было доўга глядзець.

Жыгімонт, рашуча ўзмахнуўшы ў паветры мячом, паволі, марудна, нібы крадучыся, пачаў набліжацца да Міткі. Мітка міжволі адхіснуўся назад і мацней сціснуў дзяржанне мяча. Аднак Жыгімонт, наблізіўшыся, усяго толькі засмяяўся Сякіру ў твар.

- Не бойся, - сказаў ён. - Я не буду цябе караць горлам. І ў мяшок зашываць не буду, - і нечакана аддаў яму меч, ужо ўзняты як да бою.

Мітка разгублена стаяў з двума мячамі ў руках і не разумеў анічога з таго, што тут адбывалася.

- Гэта меч Свідрыгайлы, - патлумачыў Жыгімонт. - Так ваяка ўцякаў, што аж меч згубіў. Аддай яго свайму «вялікаму князю», калі дагоніш уцекача. А хочаш - сабе пакінь. Няхай ён і табе напамінае пра тваю паразу.

І Жыгімонт адступіў у цень - хоць у замку запалілі яшчэ некалькі жароўняў, яму ўдалося ўсё ж знайсці прыцемак. Адтуль, з прыцемку, ён сказаў:

- Ты ж ведаеш, Мітка, што мір без крыві не сапраўдны. Для сапраўднага міру трэба праліць сапраўдную кроў. Аднак сёння хай будзе не гэтак. Я цябе, Мітка, вызваляю з вязення. А ты мне, Сякіра, застаешся вечным даўжніком. Кроў сваю будзе мне вінаваты. Так што ідзі, Мітка, у свае Зубрэвічы, у свой маёнтак. Ты вольны. Аднак больш мне дарогу не пераходзь.

Мітка з двума мячамі ў дзвюх руках стаяў, як прыкаваны, і не мог скрануцца з месца. Адчуваў ён сябе вельмі абражаным, зняважаным, прыніжаным - то ж трэба аддаць яму аж два мячы і не даць магчымасці абараніцца!

Ахова расступілася, і ён, не зважаючы на нейкую цяжкую, як стома, млявасць, пастараўся цвёрда і ўпэўнена выйсці з замка.

 

Моцны вецер задзьмуваў з правага боку. Ён студзіў, марозіў шчаку, сек яе ўзнятым над зямлёю, калючым, як шрот, снегам, і таму Мітку даводзілася засланяцца то каўняром кажуха, то рукавіцаю, а то і ўвогуле адварочвацца, падстаўляючы ветру спіну.

Калі пачынала захалодваць і спіна, ён злазіў з саней і, каб сагрэцца, ішоў услед за імі, абыякава ўглядаючыся ў чародкі рухавых сняжынак, якія, спяшаючыся, змейкамі перабягалі дарогу, адразу ж замятаючы каляіны ад толькі што праехаўшых палазоў.

Завіруха, што пачалася недзе адразу ж за Ашменаю, ніяк не заканчвалася, не сціхала. Стаміліся соўгацца па замеценай дарозе коні, стаміўся і ён сам - вядома, сядзець столькі часу ў звычайных санях не вельмі звычная справа для князя, хоць ён і прывык падчас рушэнняў доўга сядзець у сядле на кані. Дык то ж у сядле, а не на санях, як самы звычайны кмет.

Але найбольш стомленым было якраз не цела, а яго душа.

Ён вяртаецца з палону. Абражаны і зняважаны. Зганьбаваны. І адзіны луп, які ён вязе з палону, - гэта меч Свідрыгайлы. Канечне, здаралася і раней сціплая здабыча, аднак хоць пару кадаўбцоў мёду ці колькі баброў удавалася прывезці дадому.

Але ж справа не ў бабрах ды кадаўбцах мёду. Справа ў іншым. Яго, князя, абразіў Жыгімонт. Ён, бачыце, злітаваўся над Міткам, жыццё яму аддаў. А ў залог што ўзяў? Кроў Міткава заложніцаю зрабілася?

Ён цяпер злаваўся сам на сябе. Чаму даў сябе зняважыць, сцярпеў здзек?! Чаму не памёр у сечы? Была ж магчымасць. Тады, як яму развязалі рукі і аддалі меч. Ці тады, як Жыгімонт спатыкнуўся. Ці тады, як паднёс яму Свідрыгайлаў меч...

А ён не зрабіў нават спробы.

Збаяўся? Не адважыўся? Хацеў застацца жывым?

Так, хацеў жыць! У яго ж няма пакуль спадкаемца. Няма таго, чыімі вачыма ён будзе глядзець на ўсё, калі памрэ ці загіне ў сечы.

А дачка, а Марынка? Не, яна спадкаеміца. Па кудзелі. А Мітка хоча, каб у яго быў спадкаемец па мячу.

А Хрысціна? Ён жа пакінуў яе з надзеяй. Надзеяй на сына. А што Хрысціна народзіць яму сына, князь не сумняваўся.

Сякіра дагнаў сані, ускочыў у іх, і нават не страсаючы снег з ваўчынай шкуры, прыкрыўся ёю.

Калі да Зубрэвіч заставалася не так ужо і многа вёрст, надвор'е раптам супакоілася, вецер перастаў дзьмуць, дуйка ўлеглася і нават пасінела неба і на ім з'явілася яркае, але па-зімоваму халоднае сонца.

Цяпер ужо Мітка спяшаўся.

- Паганяй! - яшчэ раз папрасіў ён вазака, хоць коні і так ішлі шпарка.

Князь зноў паспрабаваў сцішыцца, супакоіцца. Але блізкасць яго двара ўжо не давала магчымасці зрабіць гэта.

Праехаў Саколіна, Відзінічы, Каханава. У Каханаве быў маёнтак Васіля Краснага, аднак Мітка, ведаючы, што брата яшчэ няма тут, праехаў яго не спыняючыся.

Мітка Сякіра спяшаўся ў Зубрэвічы.

 

Аднак у Зубрэвічах яго ніхто не чакаў.

Жонка, Сафія Жэдзівідаўна, зноў паехала ў свае землі на Падоллі - паглядзець, што там сталася са спадчынаю пасля пасвару Жыгімонта з Свідрыгайлам, пасля іхняй вайны за яе спадак. Яна, не зважаючы на зіму, узяла ў няблізкую дарогу і дачку - Марына не хацела адна заставацца ў Зубрэвічах без яе, і таму княгіня, любячы дарагое дзіця вельмі, змушана была ўступіць ёй.

А жыццё ў маёнтку, які застаўся без гаспадароў, сцішылася - нібы заснула. Гэтаму дапамагала і зіма - яна, вельмі снежная, накрыла пуховай коўдрай і сам маёнтак, і дрэвы ля яго, і ўсё наваколле, ды так густа, што ў ім, гэтым снезе, прыцішваліся, а то і зусім знікалі ўсе крыкі, словы, гукі.

Часам паўз двор прабягала наймічка, часам у маёнтак заходзіў войт, часам каля канюшні конюх нешта загадваў парабку і той адказваў яму, аднак тое, пра што яны гаварылі, не было чуваць нават зблізку - сумёты паглыналі ўсе гукі. У сядзібе не чысціліся сцежкі, не замятаўся снег - толькі з асноўных дарожак: з маёнтка да студні, да дрывотні, да хлявоў на вузкі праход сумёты рассоўваліся лапатамі.

Да Зубрэвічаў даходзілі чуткі, што іхняга князя паланіў Жыгімонт, а таму ў двары ніхто не думаў, што Мітка так хутка вернецца з таго вязнення.

Здавалася, што ў маёнтку ніхто не жыве.

Таму, калі звычайныя сялянскія сані пачалі заварочваць у двор, ніхто не звярнуў на іх асаблівай увагі. І нават калі яны, заязджаючы ў вароты, зачапіліся за векавую ліпу, што расла пры ўездзе і з якой на князя ўпала цэлая гурба снегу, таксама ніхто не выйшаў з маёнтка.

Ніхто не дапамог яму вылезці з саней, ніхто не дапамог абтрэсціся. І толькі калі ён ужо ўзышоў на ганак, амаль твар у твар сутыкнуўся з пакаёўкаю.

- Дзе абрусная? - спытаўся Мітка. Не пра жонку, не пра дачку спытаўся, а найперш - пра абрусную.

- Там, у пакоях, - спалохана адказала пакаёўка і, не чакаючы, калі князь адпіхне яе ад дзвярэй, сама саскочыла з ганка ў сумёт.

Мітка імкліва ўбег у пакоі. Нейкая незнаёмая яму жанчына сядзела ў адным з іх - немаладая, непрыгожая, марудлівая. Яе марудлівасць была відавочная - яна, убачыўшы князя, нават і не паварушылася.

- Дзе абрусная? - злосна крыкнуў Мітка.

- Я абрусная, - спакойна адказала жанчына і зноў жа нават не паднялася з месца.

Мітка як не азвярэў. Аднак адразу ж паміж ім і абруснай узнік войт - нідзе яго не было відаць, а тут раптам так нечакана і так дарэчы з'явіўся.

- Князь, - пачаў супакойваць яго войт, - то ж княгіня, калі ты паехаў у рушэнне, выгнала з пакояў Хрысціну і аддала яе замуж у Каханава за латрыгу Ваську-жывадзёра.

- Яна яшчэ не нарадзіла? - трывожна зірнуў Мітка на войта.

- Нарадзіла, князь, - апусціўшы вочы, адказаў войт.

- Сына?

- Сына, князь.

- Дзе Хрысціна цяпер? У Каханаве?

Войт усё яшчэ не падымаў вачэй.

- Гавары! Чаго маўчыш? - напружыўся князь і міжволі ўзяўся за дзяржак мяча.

- Князь, яна там, у Каханаве. Але ты не ўбачыш яе - жняі ўжо няма. Хрысціна нарадзіла жывога сына, а тады да іх абодвух прычапілася нейкая невядомая хвароба і яны памерлі.

Мітка, як звар'яцелы, выскачыў з пакояў, бегучы, уссунуў на галаву шапку, вырваў у вазніцы лейцы і ўжо развярнуў сані, але вазніца заўпарціўся:

- Князь, коні стомленыя. Трэба перапрэгчы...

І пакуль іх перапрагалі, Сякіра хадзіў нецярпліва па снезе і ўсё паглядаў у той бок. І як толькі коней памянялі, ён адразу ж ускочыў у сані і сам занокаў на сваіх стаеннікаў.

Аднак у Каханаве ён нікога не сустрэў. Не знайшоў нават Ваські-латрыгі - ці то ён, дзе-небудзь заваліўшыся, спаў, ці то людзі, баючыся, каб не здарылася якой бяды, схавалі яго ад раз'юшанага князя.

Мітка доўга стаяў на кладзішчы каля двух грудкоў зямлі, якія ён сам адкапаў ад снегу - яны былі маленькія-маленькія. Усяго на некалькі прыгаршчаў.

Вярнуўшыся да саней, ён зноў жа сам развярнуў коней, сцебануў іх пугаю і, кінуўшы і лейцы, і пугу вазніцы, крыкнуў яму ўслед:

- Едзь! Я цябе даганю.

І пехатою пайшоў у Зубрэвічы.

 

Яму, Мітку Сякіру, было тады трыццаць два гады.

Чаму так суміўся князь па сваім нязбытным спадкаемцу? Чаму ён тады ж страціў веру ў магчымасць перадаць спадак па мячы?

Вунь жа Ягайла, ажаніўшыся з Соняю, займеў свайго спадкаемца, будучага караля Казіміра, і сапраўды летным - яму ж было тады амаль восемдзесят гадоў!

Нярэдка так бывае: мітусіцца чалавек, хай сабе ён будзе ці то князь, ці то халоп, бегае, жыве, ваюе, змагаецца, а потым недзе знікае і ўжо ніякія летапісы і хронікі нават і не ўспамінаюць пра яго. Быў чалавек - і няма яго.

Пасля свайго паланення і Жыгімонтава ўлітавання Мітка пражыў яшчэ не меней як дванаццаць гадоў. Як ён жыў, што рабіў, з кім сябраваў і з кім змагаўся?

Маўчаць, сцяўшы вусны, стагоддзі і нічога пра Мітку не расказваюць.

Шмат важных падзей адбылося за гэты час. Свідрыгайла не змірыўся са стратай велікакняжацкага пасада, і летапісы пра гэта ўспамінаюць: «У тую ж восень», «летам», «у тую ж зіму», «на трэці год», «сабраў Свідрыгайла вялікае войска», «Жыгімонт сабраў усё сваё войска».

Праз тры гады пасля Ашмены адбылася вялікая бітва Жыгімонта са Свідрыгайлам каля Вількаміра. Сам Вялікі князь, праўда, не пайшоў на Свідрыгайлу, а паслаў свайго сына Міхайлушку. Ягайла даў ім восемсот коней. Магістр лівонскі са сваім войскам прыйшоў. І перамаглі яны тады Свідрыгайлу і ўсё ягонае войска пабілі, шмат якіх князёў ссеклі, а іншых рукамі палавілі. Тады ж у гэтай сечы быў забіты яшчэ адзін брат Міткі - князь Міхаіл Сямёнавіч Балабан, які кіраваў абаронаю горада Крамянца на Падоллі.

А сам Мітка? Ці быў ён пад Вількамірам? Ці дапамагаў Свідрыгайлу? Ці бачыў ганьбу і гэтай Свідрыгайлавай паразы?

А калі, ідучы на Смаленск, колькі дзён стаяў пад Воршаю Міхайлушка, дзе быў той час Мітка Сякіра? Няўжо ён ужо начыста адмовіўся ад змагання і два мячы - яго і Свідрыгайлаў - ужо ржавелі дзе-небудзь незапатрабаваныя?

А тады, як Жыгімонт нахабна адбіраў ва ўсходніх князёў маёнткі, зневажаў беларусінаў і не дазваляў ім займаць высокія пасады, няўжо Мітка абыякава глядзеў на гэтую знявагу?

А як і дзе ён перажыў вялікі голад у Вялікім Княстве, які здарыўся ў 1440 годзе?

Здаецца, Мітка павінен быў быць сярод тых вояў, якіх, схаваўшы ў трохстах вазах сена, прывезлі ў Троцкі замак змоўшчыкі супраць Жыгімонта.

Ён жа мог быць і сярод тых, што пад раніцу прыйшлі да пакоя, дзе маліўся Вялікі князь, і, згадаўшы пра ручную мядзведзіцу, якая жыла ў Жыгімонта, пачалі драбаць, як яна, замкнёныя дзверы, каб князь адчыніў іх.

Мог бы бачыць, як Скабейка, адзін са змоўшчыкаў, схапіў вілы, якімі варушылі дровы ў каміне, і ўсадзіў іх у Жыгімонта...

А калі Мітка не бачыў, дык абавязкова чуў пра гэта. Радаваўся ён ці засмучаўся з прычыны такой смерці Вялікага князя?

Пасля забойства Жыгімонта на вялікае княжанне зноў запрашалі Свідрыгайлу. Але цяпер ён адмовіўся - князь быў ужо стары, меў каля дзевяноста гадоў, жыў недзе ў валахах, пасвіў там авечак і ніякая ўлада яго ўжо зусім не цікавіла.

На вялікае княжанне сеў Міткаў пляменнік, Сонін сын, трынаццацігадовы Казімір, які пачаў вызваляць з астрогаў князёў-беларусінаў, пасаджаных Жыгімонтам: Юрыя Лунгвенавіча вызваліў, Алельку Ўладзіміравіча выпусціў разам з сем'ямі. Пачаў вяртаць праваслаўным князям маёнткі і землі.

Казімір быў непаўналетні, таму яго апекуном стаў ваявода троцкі Ян Гаштольд. Ён, калі гаварыць шчыра, і кіраваў тады Княствам.

Мітка ж яшчэ не ведаў, што якраз Гаштольдавы нашчадкі стануць і ягонымі спадкаемцамі. Па дачцэ, па ўнучцы, па кудзелі...

Усё расла, усё прыгажэла ягоная дачка Марына. Хутка яна ўвабралася ў вельмі зграбную дзяўчыну, на якую заглядаліся шмат якія князі.

Яна выйшла замуж за князя Сямёна Сямёнавіча Гальшанскага-Трабскага. Таго самага Трабскага, бацька якога, Сямён Люты, актыўна ўдзельнічаў у змове супраць Свідрыгайлы - на баку Жыгімонта. Свідрыгайла, да якога Люты трапіў у палон, пакараў яго горлам.

Ці жывы быў Мітка, калі Марына выходзіла замуж?

Памёр Сякіра не раней 1444 года - сваю духаўніцу-завяшчанне на дачку Марыну ён падпісаў сёмым індыктам. Годам, які па пятнаццацігадовым каляндарным візантыйскім цыкле прыпадаў на 1444 год.

Марына нарадзіла ўсяго толькі адну дачку. Таксама Марыну.

А яна, унучка Міткі Зубрэвіцкага, пабралася з Марцінам Гаштольдам, старастам наваградскім, ваяводам кіеўскім, маршалкам земскім, сынам Яна Гаштольда. Таго, што быў апекуном у Казіміра Ягелончыка.

Вось куды вывеў друцкі род Міткі Зубрэвіцкага-Сякіры!

Унучка падарыла дзеду праўнука Альбрэхта. Славутага потым Альбрэхта Гаштольда, які быў і намеснікам наваградскім, і падчашым літоўскім, ваяводам наваградскім, полацкім, троцкім, віленскім, канцлерам Вялікага Княства Літоўскага.

Калі б Мітка дажыў да таго часу, ён бы ганарыўся сваім праўнукам - Альбрэхт нідзе перад прадзедам не схібіў: ён ваяваў за гонар Вялікага Княства. Ён абараняў Полацак ад расейцаў. Ён патрабаваў выселіць з Княства польскіх каталіцкіх манахаў за няведанне мовы народа і амаральныя паводзіны. Ён удзельнічаў у стварэнні на беларускай мове «Статута Вялікага Княства Літоўскага», куды па яго настойванню былі ўпісаны артыкулы пра тое, што чужынцы, якія не нарадзіліся ў Княстве, не мелі права набываць тут маёмасць і займаць пасады. Ён спрыяў таму, каб адасобіць Вялікае Княства ад Польшчы.

Дык і Мітка, ягоны прадзед, таксама ваяваў за тое ж!

Марына Дзмітрыеўна Гальшанская-Трабская, Альбрэхтава бабуля, Міткава спадкаеміца, якая перажыла сваю адзіную дачку, у сваёй духаўніцы завяшчала ўнуку вялікую Міткаву спадчыну: Быхаў і Тайманаў на Дняпры, Добасну пад Бабруйскам, Шклоў, Зубрэвічы ў Аршанскім павеце, шматлікія маёнткі на Кіеўшчыне. Міткаў праўнук зрабіўся вельмі багатым магнатам у Вялікім Княстве Літоўскім. У войска ён ставіў 466 вершнікаў. Значыць, ён меў больш як сем тысяч сем'яў падданых.

Такім быў Міткаў спадкаемец па кудзелі.

Але ж быў у Міткі яшчэ спадкаемец і па мячы. Аднак сам князь пра гэта не ведаў.

 

Неяк у Зубрэвічах з'явілася сям'я збегаў - сялян, якія без дазволу кінулі гаспадарку ў Тумінічах і чамусьці ўцяклі сюды, бліжэй да княжацкага хорама. Гэта было дзіўна - звычайна тыя, хто збягае, імкнуцца схавацца ў нейкай глухой вёсачцы хаты на дзве-тры, каб іх не знайшлі, а гэтая сям'я, наадварот, лезла на самае віднае месца. Маладая жанчына нават прыкладала ўсе намаганні, каб наняцца ў Міткаў маёнтак хоць на якую работу, але гэта было немагчыма - за хаванне збегаў караліся і тыя, хто іх хавае. А тут сам князь, княжацкі маёнтак...

Жанчына колькі разоў спрабавала загаварыць з Міткам, аднак яе не падпускалі да яго.

Неўзабаве, даведаўшыся, дзе збегі, у Зубрэвічы прыехалі з Тумініч войт з віжам - там узбунтаваліся сяляне: па закону за збегаў трэба было адпрацоўваць і іх долю, а рабіць гэта нікому, вядома ж, не хацелася.

І тут адбылося нечаканае: муж, які здаваўся ваяўнічым і ўсё бунтаваў, ціха і спакойна сеў на калёсы, а жанчына разбушавалася. Яна апантана супраціўлялася, і яе ніяк нельга было ўсадзіць побач з мужам: збеглая ўкусіла за вуха віжа і вывіхнула войту палец.

І ўсё ж яе неяк пасадзілі на калёсы і адвезлі зноў у Тумінічы.

Аднак і там яна не супакойвалася. Накідвалася на кожнага, хто спрабаваў яе ўціхамірыць. «Нябога ў шале», - казалі людзі, разводзілі рукамі і абыходзілі яе бокам.

Да таго ж забралі ў астрог і яе мужа - той выклікаў на павабенне, на руку, на паядынак бортніка, а потым у звадзе патушыў свечку і ў цемры вельмі пакалечыў яго. Цяпер ён чакаў прысуду: выжыве бортнік - вінаватаму давядзецца заплаціць вялікі штраф, памрэ - забойцу пакараюць горлам.

Мітку, едучы з Каханава, чамусьці вельмі закарцела заехаць у Тумінічы - як усё роўна нейкая невядомая сіла цягнула яго туды.

Войт, як толькі ўбачыў, што да іх завітаў князь, адразу ж падбег да яго. Той жа час падняў да вачэй свой кій і пачаў расказваць пра даўгі ўсёй вёскі - хто колькі чаго здаў і колькі каму яшчэ здаваць. Войт быў непісьменны, і кій замяняў яму памяць - усё, што трэба было помніць, ён пазначаў на ім нарэзкамі.

Мітка сваёю рукою апусціў войтаў кій, спытаўся:

- Як тая, што ў шале?

- Бушуе, княжа.

- Дзе яе хата?

Але войт, замест таго каб паказаць, дзе жыве маладзіца, паспрабаваў адгаворваць Мітку:

- Не хадзі, княжа. Задушыць. У яе чорт усяліўся.

І ўсё ж, убачыўшы, што Сякіра незадаволены яго дарадаю, паказаў пальцам на хацінку, якая стаяла наводшыбе і была вельмі недагледжаная.

Мітка пайшоў да хаты, і войт падаўся за ім.

У хаце было цёмна і ціха. Мітку нават здалося, што ў ёй нікога няма. Ён ужо збіраўся выходзіць, як нечакана нешта нябачнае, як прывід, кінулася да яго, і князь адчуў, як нечыя рукі моцна абнялі яго за шыю. Спачатку Мітка хацеў скінуць іх з сябе, але рукі былі такія гарачыя, ласкавыя і нецярплівыя, што ён не зрабіў гэтага, не скінуў.

Стоячы за князем, войт усё яшчэ бубнеў пра даўгі Васіліны і яе мужа, пра тое, што яны не аддалі выкупы, пазычаныя грошы - дзіўна, як ён і ў цемры бачыў тыя зарубкі на кіі?

Васіліна, нібы ратуючыся ад войтавых папрокаў, яшчэ мацней прыціскалася да князя. Раптам яна зашаптала:

- Увесь мой шал - ад цябе, князь... Я хачу быць тваёю... Вазьмі мяне, Міцька!

Апошнія словы яна выгукнула гучна, быццам наноў у шале, і пачала апускацца долу, цягнучы за сабою і князя. Мітка, перад тым як упасці на земляную падлогу, толькі і паспеў крыкнуць войту, які ўсё яшчэ чытаў свой кій:

- Прэч, істукан!

Яна і праўда ўся была ў шале. Гэты шал перадаваўся і яму, і Сякіра, таксама не валодаючы сабою, крычаў, нібы загадваў Васіліне:

- Нарадзі мне сына!

А яна ў адказ яму крычала яшчэ мацней:

- Я бяздзетуха, Міцька!

Выходзячы з хаты, князь насыпаў на стол, што стаяў пры дзвярах, цэлую гару белых манет.

Васіліна, убачыўшы гэта, абурылася:

- Што ты робіш, Міцька?! Нашто мне твае вердункі?!

Да яе нібыта зноў вярнуўся ўвесь яе шал - яна зноў крычала на ўсе Тумінічы:

- Міцька, ты дурань! Я ўсяго толькі цябе люблю, Міцька!

Яна называла яго па-свойму, па-простаму - Міцькам, - абзывала князя дурнем, але гэта яго не раздражняла, не злавала, а, наадварот, чамусьці цешыла, было яму прыемным.

Васіліна ўслед за князем выбегла з хаты, кідала наўздагон яму манеты і крычала:

- Ну і дурны ж ты, Міцька!

Потым яна дагнала князя, учапілася за яго і, калі яны праходзілі каля пунькі, упіхнула Мітку ў расчыненыя дзверы.

Там яна павалілася на ёй жа самой накошанае і высушанае сена і пацягнула за сабою князя.

Войт, які стаяў зводдаль пунькі, каля самай дарогі, выразна чуў гучныя крыкі:

- Міцька, я нараджу табе сына! Бяздзетуха Васіліна падорыць табе спадкаемца! Я кахаю цябе, Міцька! Ай! Ай! Ай!

 

Яна і праўда нарадзіла Мітку сына. Але князь пра гэта так і не даведаўся.

Бортнік, якога пакалечыў Васілінін муж на павабенні, нечакана памёр ад пабояў. А законы тады былі строгія: хто вінаваты ў смерці іншага, павінен памерці і сам. Таму з мужам Васіліны кат расправіўся яшчэ ў астрозе...

Васіліна засталася адна. Шмат даўгоў, не аддадзены выкупы... Здзекуецца войт... Няма чаго есці... А яна ўцяжку... Носіць у сабе князеву надзею!

Каб яе не пасадзілі ў астрог за даўгі, яна збегла ў лес. Там і нарадзіла княжыча - у будане. Да Міткі ісці не спяшалася - ведала, пярэймуць. Да таго ж хацела падгадаваць сына, каб яго можна было паказаць князю. Аднак спазнілася - калі сын трохі падрос, Міткі ў Зубрэвічах ужо не было.

Васіліна ўсё ж схадзіла з княжычам у маёнтак, але Міткава дачка Марына толькі пасмяялася з яе: навошта ж ты, галуба, прыдумляеш мне нейкага брата?

І Васіліна зноў вярнулася ў свой будан пад Тумінічамі.

 

Улетку, калі я гасцяваў у Зубрэвічах, да мяне завітаў з Тумініч мой аднакласнік Міця Князеў.

- Слухай, пайшлі развітаемся з нашай школай, - адразу прапанаваў ён. - Кажуць, вы новую пабудавалі, а старую хутка даламаеце.

Хоць я ўжо ў душы і развітаўся са сваёю школаю, усё ж пайшоў з Міцем на школьны двор. З ім мы абышлі апусцелыя класы, будынкі з павыдзіранымі вокнамі, з выламанымі дзвярыма. Стала сумна - наша школа зрабілася ўжо мінулым, своеасабліваю даўніною.

Мы селі пад высокую, тоўстую, векавечную ліпу. Міця дастаў з цэлафанавага пакета бутэльку шампанскага «Князь Вітаўт».

- Дачка прывезла з Менска, - патлумачыў ён. - Яна там настаўніцаю працуе.

Выпілі за нашу школу. Міця нават расчуліўся:

- Яна застанецца з намі назаўсёды - яна ў душы, а таму яе немагчыма разбурыць.

Міця дастаў з таго ж пакета вялікі яблык, разрэзаў на дзве палавінкі і адну з іх падаў мне.

- А ты ведаеш, што ў Зубрэвічах жыў нейкі друцкі князь? - неяк, нібы задзіраючыся, зірнуў ён на мяне. - Дачка мне расказвала, яна недзе прачытала пра гэта.

- Ведаю. Жыў. І не нейкі там князь, а Мітка Сякіра, Дзмітрый Зубрэвіцкі. Ён быў віднаю асобаю. Князь Дзмітрый жыў у XV стагоддзі, а яго добра памяталі і ў XVI стагоддзі, і пазней. Ян Длугаш, вядомы польскі храніст, што пра Грунвальд пісаў, пра нашага князя ўспамінае, «Хроніку Быхаўца» згадвае... А жыў ён у Зубрэвічах. Тут яго маёнтак знаходзіўся.

- А дзе яго хорам стаяў? Як ты думаеш?

- Хутчэй за ўсё недзе вось тут, дзе мы з табою сядзім. У Зубрэвічах жа лепшага месца няма. Тут заўсёды вырасталі самыя важныя пабудовы: царква, папоўскі дом, школа. Тут спрадвек праходзілі кірмашы. Гэтая частка вёскі і цяпер называецца рынкам. Мусіць, тут у зямлі ёсць добрыя сілы, выпраменьваецца карысная энергія...

Міця падняў вочы ўгору, доўга ўглядаўся ў густую, разложыстую крону ліпы.

- А ведаеш, - нарэшце прамовіў ён, - мне здаецца, што гэтая ліпа стаяла пад самымі вокнамі княжацкага хорама...

Дзіўна, але гэтак жа здавалася і мне. Хоць я і ведаў, што ліпы столькі гадоў не жывуць, аднак усё ж...

- І якраз за яе, за гэтую ліпу, зачапіўся Мітка санямі, калі ў снежні 1432 года вяртаўся з паланення з-пад Ашмян. На яго тады з дрэва звалілася цэлая гурба снегу...

- А яшчэ дачка кажа, што ў Тумінічах была ў яго каханая...

Міця ўсё яшчэ глядзеў на крону ліпы. Маўчаў. Потым ажывіўся:

- Разумееш, неяк дзіўна атрымліваецца. Усе мае продкі працавалі на зямлі - аралі, сеялі, касілі, малацілі... А адкуль узялося ў нас прозвішча Князеў? Пры чым тут князь, калі я земляроб?

- Ты хочаш сказаць, што ты радня Мітку Сякіру?

- А што ты думаеш? Можа, і радня. Ды і твая ж маці, ты сам казаў мне, родам з Тумініч?

- Не, мяне ты не чапай. Я ж не Князеў. У мяне іншае прозвішча. Хаця... Мы ж усе на зямлі радня, паколькі ўсе людзі, як кажуць, ад Адама і Евы.

- Ага, усё на зямлі радня - і людзі, і дрэвы, і камяні, і жывёлы. І вось гэтая трава! - Міця нечакана паказаў галавою на лапік травы, што шчыра зелянела паміж намі. - Яна таксама наша радня. Трава - гэта ж таксама людзі. Колькі ж пакаленняў травы за доўгі час зямлі прайшло нават вось тут. На гэтай купіне! Травінкі нараджаліся, зелянелі, цвілі, цешыліся жыццём і сонцам, а потым, калі прыходзіў час, засыхалі і ціха клаліся на сваё ж карэнне, - каб вясною даць магчымасць нарадзіцца новым зялёным каснічкам. Новым жыхарам зямлі.

Я з вялікай прыемнасцю слухаў яго мудрыя разважанні пра зямлю, траву і жыццё. А ён неяк напружана, звёўшы бровы, усё глядзеў на траву і спяшаўся выгаварыцца - нібы баяўся, што нехта яму перашкодзіць:

- Колькі ж людзей хадзіла па ёй, гэтай траве, колькі ног таптала яе, а яна заўсёды ажывала ўвесну. Да Міткі хадзілі, Мітка хадзіў, мае дзяды і прадзеды хадзілі, твае прапрадзеды хадзілі, нашы бацькі хадзілі, мы з табою ходзім. А яна ўсё расце і зелянее.

Міця Князеў зноў наліў у пластмасавыя стаўбункі пеністага віна «Князь Вітаўт», падняў пасудзіну і маўчаў - як усё роўна чакаў тосту.

І я прапанаваў гэты тост, тым больш што ён быў відавочны і ўжо вісеў, як кажуць, у паветры:

- За жыццё і траву, якая ўсё бачыла і ўсё помніць!

 

2001


2001

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая