epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

Званні

Харвацкая балада. XVIII стагоддзе

 

Мы ўдзячны, капітан Мікашыновіч,

Што вы не гэткі, як усе харваты,

Што разумееце нас, немцаў, лепш за іншых

І, калі свой народ не тое робіць,

Вы смеласць маеце яго не падтрымаць.

А то, вы бачыце, паўсталі гранічары —

Не даспадобы ім усім прыйшлося,

Што імператрыца Тэрэзія Марыя

У Банскую Харвацію прыслала

Для плугароў дзве тысячы мундзіраў

Нямецкіх, новых. Вы ж вось зразумелі,

Што нельга без мундзіраў абысціся,

Калі ствараеш новыя палкі —

Для вашай жа, вядома, абароны.

Чаму ж яны ўсе скардзіцца ўзяліся,

Што няма чым плаціць ім за мундзіры?!

А калі ў тых, хто не агораў грошай,

Пачалі браць і прадаваць жывёлу,

Каб было ўсё ж за што купіць мундзіры,

То і загаласілі — іх, бач, зневажаюць!

Ім абясконьванне здалося страшным здзекам,

Маўляў, хто ведае, той разумее добра,

Што не бывае селяніна без каня.

Абраза, ганьба!

Бач, для афіцэраў

Найлепшыя ў іх адбіраюць землі,

Дзе яны самі ўласнымі рукамі

Павінны ставіць новыя дамы

Для тых, каго спрадвеку ненавідзяць.

Няўдзячныя, няўдзячныя сяляне!

Замест таго каб багавець прад намі

І дзякаваць за ласку і за клопат,

Яны клянуць злашчасныя мундзіры

І супраць іх паўстанне паднялі.

Правадыры свае, зірні, знайшліся,

Да зброі клікнулі.

І гэты

Былы кнез Тодар Кіук, самазванец

(Дарэчы, ён жа, знаю, ваш пляменнік),

Прызнаўся сам правадыром народа,

Такую ўладу ўпэўнена прысаміў,

Нібы наноў укняжыўся, нягоднік,

Абтупаў усе вёскі Банавіны,

Рыхтуючы да бунту гранічар.

Ну і пляменнічка ж вы мелі!

І як добра,

Што вы злавіць яго дапамаглі нам,

Зазваўшы да сябе дадому,—

Нібыта для сакрэтных перамоў.

Таксама імператар мне знайшоўся!

Няхай, няхай, зламыснік, зразумее,

Што за мянушку «правадыр» заўсёды

Плаціць даводзіцца высокаю цаною —

Хутчэй за ўсё жыццём.

Пляменніка,

Як і папа яго Піліпа Трбуховіча,

Як іншых пералоўленых паўстанцаў

Чакае вісельня.

Дарэчы,

Я шчыра дзякую, як немец, вам за помач.

Не ён, а вы харват, харват сапраўдны,

І я віншую вас з чарговым званнем,

Маёр Мікашыновіч!

А палкоўнік

Мікашыновіч, кажуць, яшчэ болей,

Яшчэ люцей сваё ўсё ненавідзеў,

Як ваўкалак, накідваўся на край свой

І, вырачнік, адрынуты народам,

Зацята ваяваў супроць яго.