epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

Званы

Беларуская балада. XIV стагоддзе

 

— Што, званы, вы захадзілі,

Так трывожна зазванілі?

Хіба можна

Так пужаць

Ноччу соннай

Гараджан?

 

— Мы пачулі:

Недалёка

Свішчуць кулі—

Чулі клёкат?

То няйначай

Вораг гоніць

Коні ў звоне...

Скачуць

Коні...

 

— Што, званы, вы застагналі?

Штосьці, дурні, мы праспалі...

І куды

У цемры йсці?

Дзе нам ворага

Знайсці?

 

— Вораг вас увёў у зман:

Ён жа тут

Ля нашых ран

І ля пакут...

Вы ідзіце

На наш звон

І убачыце,

Дзе ён.

Нас здымаюць

Са званіц,

Нас кідаюць доле

Ніц —

Мы ў няволі...

 

— Што замоўклі вы, званы?

Вашы стогны не чутны.

А без вас

Уночы

Не, не бачаць

Вочы.

 

— О, які цяжкі ў нас

Лёс!

Нас вязуць

Праз рэкі слёз

І наўскач

Праз лямант,

І праз плач

Таксама...

Каб маўчалі,

Не званілі,—

Языкі нам

Прышчамілі.

А ў такім палоне,

Як жа мы зазвонім?!

 

Горад змоўк...

Счарнеў ад дум...

На званіцах

Дрэмле сум...

Калі вывезлі званы —

Значыць,

Здаўся горад без вайны.

Плача...