epub
 
Падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

Жыццяпісы

Воблака
Парастак
Хата


Воблака

О як плысці нязвычна ўсё-ткі ў небе

Таму, хто нарадзіўся на зямлі,

Не адчуваючы нядаўняга цяжару,

Што аддзяліўся, быццам успамін.

 

Я разлучылася — па кропельцы — з зямлёю

ў небе, невагомае, плыву.

Я — возера нядаўняе. І зараз

Жыву сваім давоблачным жыццём.

 

Успамінаю зарасні аеру,

Сваю сукенку лёгкую — туман.

А як шчыкотна мне было ад рыбы,

Якая аж вірылася ўва мне.

 

Лілеі помню, помню крыгі, лодкі

І губы коней, пацалунак іх,

І целы чалавечыя тугія,

Ад якіх аж вар’яцела я.

 

Хаця я кожнай кропелькаю помню

Да скону незабыўную зямлю,

Чамусьці мне настойліва здаецца:

І ў небе я калісьці ўжо было.

 

І вось лячу я, гнанае вятрамі,

Каторы раз над роднай стараной.

Ёсць у мяне ў запасе асалода —

Праліцца светла на зямлю дажджом.

 

Але ж пакуль магу, цярплю, трываю,

Бо асалода гэта — мой канец.

Нашто трываць?! Хутчэй уніз, на травы!

Няхай — канец! Абы — ізноў зямля!

 

 

Парастак

Даўно і ўпарта выхаду шукаю,

Яго ж нялёгка ўпоцемку знайсці.

Я прабіваюся як быццам з таго свету

Да вольнага паветра і святла.

 

То галавою стукнуся ў камлыжку —

Яе, натужыўшыся, сам я раскрышу.

А то вось на шляху папаўся камень —

Яго ўсё-ткі лепей абысці.

 

А на мяне зямля, як глей, наліпла —

Мой пот вільготніць навакол падзол...

Нарэшце пройдзена апошняя камлыжка.

радасць, радасць: добры дзень, святло!

 

Я ад зямлі абтросся.

Пот свой выцер.

Тады з далоняў выпусціў сцябло.

Няхай вышэй, вышэй, вышэй імчыцца,

Раскручвае зялёныя лісты.

 

Я ўсё зрабіў, хоць гэта было цяжка,

Я ўсё прайшоў — ад цемры да святла.

гэты свет табе дарую, кветка,

Здабыты ўсім, што меў,— сваім жыццём.

 

Табе ж сабраць лісточак да лісточка,

Пялёстак да пялёстка далучыць.

Па колерах, па выгляду, па паху

Усю сябе, як дзіва, нарадзіць.

 

Жыві і ўспамінай, як я буруніў

Дзеля цябе зляжалую зямлю,

Каб ты магла сваёю прыгажосцю

Здзівіць усіх і ўсё зачараваць.

 

 

Хата

Калі я нарадзілася — не помню,

Здаецца мне: была заўсёды я,

Вось так стаяла між травы пад сонцам,

І сонца лашчыла мне кожнае акно.

 

З людзьмі сумленнымі спрадвеку сябравала,

А іх наслухацца за век свой не змагла:

Яны заўсёды рупіліся ў полі,

Я ж гадавала, няньчыла дзяцей.

 

Як я любіла іх дзіцячы шчэбет,

Іх смех, іх гульні, нават іхні плач!

Тады і я, здаецца, маладзела

І станавілася, нібы яны, дзіцём.

 

І ўсё-ткі ноччу, калі ўсё сціхала,

Мне сніліся загадкавыя сны:

Лес, мокры ад дажджу. Ігліца. Лапкі.

А навакол — грыбы, грыбы, грыбы.

 

І доўга пахла потым мне грыбамі,

Суніцамі, зайцамі, дзеразой!

І так хацелася мой лес хоць раз убачыць,

Ды не магла пакінуць я дзяцей.

 

Я шанавала, ў крыўду не давала

Ніколі ні дарослых, ні малых.

Віхуры крылле аб мяне ламалі,

На ганку паміралі маразы.

 

Паразляталіся, як птушкі, мае дзеці

І прыжыліся ўнукі ў гарадах.

А я жыву адна. Як рот мне, дзверы

Замкнуў цяжкі, заржаўлены замок.

 

Мінулае жыццё успамінаю,

Перабіраю ласкава па днях.

Цяпер мне сняцца дзеці, дзеці, дзеці...

Як я хачу пачуць дзіцячы смех!




Беларуская Палічка: https://knihi.com