epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

Жыццё

Ціша над лугам такая,

Як птушка ў гняздзечку жыве.

Сонечны промень шукае

Штосьці ў зялёнай траве.

 

Краскі, бы гронкі салюта,

Святочна ўзлятаюць з зямлі.

Пахне і мята, і рута,

Гудуць клапатліва чмялі.

 

Вецер ласкавым павевам

Перабірае лісты.

Чутна, як дыхаюць дрэвы

І размаўляюць кусты.

 

Птушкі смяюцца і дзеці —

А смех іх шчаслівы такі!

Над імі — чысцейшы на свеце

Незамутнёны блакіт.

 

На лузе, нібыта на свяце,

Стаю ў неспатольнай любві...

Як боязна ўсё гэта страціць,

Як страшна ўсё гэта згубіць.

 

І быццам дзіця, гэтаксама

Ў здзіўленні гляджу на траву:

— Як рады, як рады я, мама,

Што проста на свеце жыву!