epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

"Жыла ў мяне радасць..."

Жыла ў мяне радасць —

Цёплая, ласкавая і пушыстая.

Я засланяў яе, нібы ад маразоў удзень,

Я захінаў яе, нібы агеньчык ад ветру,

увечары

Я карміў яе з рук, як вавёрку ў парку,

Я даверліва гаварыў з ёю,

І яна, усё разумеючы,

Ласкава цёрлася ля маіх ног —

Цёплая, пушыстая, даверлівая.

І варта было толькі мне

Крыху адысціся ад яе,

Як выпадковыя сабакаловы

Злавілі маю радасць,

Прыняўшы, чамусьці, яе

За звычайнае бяздомнае

Сабачанё...