Калі здараецца наведаць сваю вёску, абавязкова заскочу да Аўдзея, што жыве ў камяніцы насупраць клуба. Бывае, спытаю мімаходзь:
— Ну, як жыццё-быццё ваша?
Чалавек не вельмі ахвочы да гаворкі, але не замарудзіць і скажа:
— Жывём ніштавата. І шкварка ёсць, і да шкваркі не выводзіцца. Хату вунь якую займеў! І ўнука, даў бог, прыдбаў...
...А было і такое. Усе помняць, як падвыпіўшыя хлопцы з будаўнічай брыгады «перасялялі» Аўдзея з хутара. Прыехалі, кажуць: так і так, праўленне рашыла даць вам новы дом. Збірайцеся.
— Я сказаў: не пайду — і ўсё! — агрызаўся Аўдзей.— Паміраць і тут не цесна.
— Дык хата струхлявела ўся!
— Ты сам струхлявеў!..
Пакуль ён вёў перапалку з брыгадзірам, хлопцы пагрузілі пажыткі хутараніна, сілком пасадзілі на клункі цётку Альжбету і газанулі ў вёску.
— Судзіцца! Судзіцца будзем! — чулася наўздагон машыне.
Але судзіцца Аўдзей не стаў. Казалі жанкі, што прыцемкам прыйшоў і ён у вёску. А ледзь заднела, уважліва агледзеў адведзены яму пляц, мацаў вузлаватымі пальцамі чырвоныя цагліны пабудовы і буркатаў:
— Ці не заразы! Такі тавар перавялі! Яго якраз на чэрава ў печ класці. Зносу не было б. А яны з дабра хату зляпілі...
Праз тыдзень з горада пераехаў і адзіны сын былога хутараніна. І калі таго прызначылі загадчыкам фермы — павесялеў стары Аўдзей.
...Зносілі старую хату пад восень. Гаспадар таксама прысунуўся туды, стаяў, смаліў самасад, а калі справа дайшла да вокан, ажывіўся:
— Стой, хлопцы, пачакай! Дайце мне адно... На памяць...
Праз хвіліну Аўдзей трымаў у руцэ маленькае, на паўаршына, акенца і вінавата ўсміхаўся:
— Падрасце ўнук — пакажу, праз што на свет божы глядзеў...
А хлопцы рагаталі:
— Ну, дзед, з цябе хоць паэму рабі!..