Першае, што адчула тады алянё, гэта — глухую стомленасць. Яна спавіла ўсё цела і, здавалася, ніколі ўжо не пакіне. Але стома неўзабаве пачала сплываць, а на змену ёй з’яўлялася радасць.
Яму радасна было ад дотыку галінкі, ад подыху ветрыка. Халаднаватасць травы, на якой яно ляжала, супакойвала і нібы здымала трывогу перад невядомасцю. А сонечныя промні сыходзілі ласкай і духмянілі — ажно кружылася галава. І алянё, сп’янелае ад усяго гэтага, не вытрымала і патанула ў першым сне...
І не бачыла, як маці дарыла яму сваю пяшчоту. Адчувала толькі побач з сабой нешта незвычайна блізкае, ад чаго спакайнела, шчасліва прыжмурвала вочы, нібы прыслухоўвалася да самога сябе, нібы хацела зразумець: што да чаго.
Нарэшце вырвалася з салодкага палону і ўбачыла: маці стаяла над ім, вялікая і зразумелая, абдавала гарачым дыханнем і не пераставала прыхарошваць яго... Потым злёгку падштурхнула і прымусіла падняцца. І яно паслухалася, усхапілася і, хістаючыся на неакрэплых яшчэ нагах, прагна прыпала да цёплага вымені...
Алянё адчула, як цела наліваецца вясёлай сілай, і, асмялелае, зрабіла першы крок. У жыццё.
За ім горда ступала маці...
Аднойчы на світанні разбудзіў іх дзяцел, і яны пакінулі сваё часовае прыстанішча. Спачатку прадзіраліся густым падлескам, потым абышлі топкае балота і нарэшце выбраліся на паляну.
І тут убачылі бацьку.
Ён стаяў пасярод паляны, на невялікім пагорку. Прыгожы і дужы... Ён трымаў на рагах... сонца.
Малое даверылася канчаткова... Па ледзь улоўнаму паху навучылася знаходзіць смачнейшую траву.
І за ўсё гэта было ўдзячна яму...
А ў той спякотны поўдзень, калі яны з маці адпачывалі ў маладым асінніку, а бацька стаяў пад разгалістым дубам, здарылася неверагоднае: нечакана грымнуў стрэл... Бацька кінуўся ў асіннік і, ледзь дабегшы да іх, упаў на калені — усё роўна як прасіў паратунку. І ўбачылі яны, як па яго левай лапатцы расплывалася чырвоная пляма...
Да іх беглі незнаёмыя істоты. І маці першай кінулася прэч.
Калі апынуліся на трыбе, непадалёку ад таго месца, дзе некалі было іх першае прыстанішча, зноў убачылі незнаёмую істоту. Яна спакойна ішла насустрач...
Маці застыла, як скамянела. А потым, забыўшы пра ўсё на свеце, кінулася з трыбы, струшчыла куст алешніку і знікла з вачэй. Алянё нейкі час бегла следам, потым заблыталася ў высознай траве і ўпала ў знямозе. Задыхаючыся, яно чула, як недзе там, за асакой, дзе знікла маці, захлюпала твань. А потым — усё сцішылася...
Яго, кволага і знямоглага, падняў ляснік...
— Сірата,— сказаў ён.— Трэба выхадзіць!
Але доўга яшчэ алянё палохалася чалавечага голасу, уздрыгвала ад дотыку рук.. Цяжка было прызвычаіцца да іх, зразумець, што людзі могуць быць бяскрыўднымі і добрымі.
Паступова забываўся страх, а ў сэрцы з’яўлялася ціхая даверлівасць. Усё радзей сніліся аляняці, і родная паляна, і бацькавы рогі, і матчына вымя... Але калі пярэзімкам прывялі яго вясною ў лес і на поўныя грудзі ўдыхнуў той водар, мінулае ўсплыло зноў у памяці...
Зрабіў крок, азірнуўся, не верачы ўсяму гэтаму, і ўбачыў, як усміхнуўся яму чалавек:
— Ідзі! Жыві!..
...Ён доўга блукаў па лесе — спадзяваўся адшукаць сваіх, але нідзе іх не знаходзіў. Іншы раз трапляў на след незнаёмага табуна, толькі стары важак чамусьці не прымаў яго.
У нялёгкіх клопатах і турботах праляцелі вясна, лета, восень. Ззаду засталася яшчэ адна зіма, пакутлівая і завейная. Потым зноў падышлі цёплыя дні...
Аднойчы, у час вадапою, здзівіўся: з люстранога азярца на яго пазіраў дарослы алень...
А ў гэту восеньскую ноч ён нават не звёў і навек.
З ім нешта рабілася... Ішоў між асін і соснаў і адчуваў, як бунтавала кроў, а маладое тугое цела налівалася нязвыклай сілай.
Ля знаёмага дуба спыніўся, прыпаў гарачымі губамі да шурпатай кары, а потым упёрся рагамі ў тоўсты камель. Работы прасілі і ногі — капыты дзёрлі дол і разам са шматкамі імху кідалі ў бакі камякі зямлі.
Потым ён зразумеў, што робіць не тое. Узняў прыгожую голаў і ў роздуме затрубіў і доўга стаяў і слухаў, як магутнае рэха перакатвалася па вершалінах дрэў. Яно, тое рэха, неўзабаве вярнулася назад, але было нейкім чужым і незразумелым. Як выклік.
І тады ён пайшоў у той бок, адкуль прыляцела рэха, напралом, праз кусты і зараснікі, час ад часу кідаючы свой трубны кліч таму, невядомаму...
На світанні ўбачыў саперніка. Той стаяў на паляне, закінуўшы на шырокую спіну магутныя рогі, і раз-пораз трубіў. І яму стала не па сабе. Ім апанавала рэўнасць...
Не заўважыў нават, як спляліся іх рогі... На хвіліну падалося, што не стрывае адпору, вось-вось падкосяцца ногі і ўпадзе перад чужаком на калені... І ён сабраў усе сілы, напружыўся і паваліў старога рагача на зямлю. Убачыў, як на вялікае ў чырвоных пражылках вока саперніка набегла слязіна і, утрапёны такой нечаканасцю, адскочыў і застыў-скамянеў побач...
А з асінніку цікавала за імі маладая аленіха...