epub
 
падключыць
слоўнікі

Яраслаў Пархута

Бярозка

Толькі другую вясну сустракае яна ў нашым горадзе. Не забыліся яшчэ малюнкі роднага ўзлесся, кучаравыя сяброўкі. Памятае яна і маленькага пяюна-салаўя...

І ці не таму мінулай восенню паслала яна ім свае лісты-пісьмы. Хацела расказаць, што палюбіўся горад, звонкая дзятва, якой шчодра дарыла ў гарачы поўдзень сваю пакуль яшчэ небагатую прахалоду. Нават тутэйшы паштальён-вецер тады імкнуўся памагчы ёй. Набраў поўны ахапак залатых лістоў і подбегам нёс іх па вуліцы...

А сёння — яна плакала. Як дзяўчынка... Чыясьці жорсткая рука надламала галінку. І слёзы, горкія, гарачыя слёзы, падалі на прыпудраны пылам асфальт...

Я моўчкі стаяў і думаў. Думаў пра найвялікшае на свеце — пра жыццё. Пра сэрцы добрыя і чэрствыя...


1964?

Тэкст падаецца паводле выдання: Пархута Я. Ты пайшла ў сонца. Лірычныя аповесці і навелы. - Мн., "Мастацкая літаратура", 1973. (першы празаічны зборнік)
Крыніца: скан