epub
 
падключыць
слоўнікі

Яраслаў Пархута

Буся

 

— І чаго трэшся ля ног? — незлабліва пыталася Юльчына маці.— Зноў лодкі правяраў? Нажэрся той рыбы, а цяпер яму малака падавай! Валацужнік гэткі!..

Мікіта пакрыўджана прайшоўся па хаце, ускочыў на падаконнік і пачаў умывацца.

— Апсік! — зноў не ўтрымалася маці.— Гасцей наклічаш яшчэ!.. А ў мяне вунь буракі ў сурэпцы тонуць...

Адчыніліся дзверы, і ў хату ўбегла Юлька. У мокрым ад ранішняй расы прыполе — яна толькі што адвяла на выган бычка — Юлька трымала бусляня.

— Чарцянё, а не дзеўка! — успляснула маці рукамі.— І навошта спарола яго?

— Я не спорвала! — Вочы ў Юлькі поўныя таямніцы і нязвыклай радасці.— Бегла праз дворышча дзеда Нупрэя і ў траве ўбачыла...

— У траве, у траве! — лагаднела маці.— Вось прыйдзе бацька, ён табе дасць...

Але Юлька не слухала яе. Апусцілася на падлогу і пачала разглядаць бусляня. Хоць было яно добра аперанае, але не магло яшчэ ўстояць на цыбатых нагах — валілася то на адзін, то на другі бок.

Юлька пасмяялася такой нязграбнасці і пачала суцяшаць:

— Ну чаго ты, Буся?..

— Во! Ужо імя прыдумала! — сказала маці і, выходзячы з хаты, кінула Юльцы, нібы між іншым: — Прыйдзе бацька, то няхай на буслянку падсадзіць... Я ў буракі пабегла!..

Юлька чула і не чула матчын наказ. Сядзела на падлозе, гладзіла мокрыя птушыныя пёры, чырвоныя, нібы азяблыя, ногі і радавалася: такога ў яе жыцці яшчэ не было! Некалі, праўда, дзядзька Арсен даў патрымаць дзікае качаня, паймала на гарышчы аднойчы галубку, а вось каб бусел!..

Прытуліла цёплую птушыную галаву да шчакі і заплюшчыла вочы...

Апоўдні, учуўшы пра навіну, да іх зайшоў дзед Нупрэй. Не сказаў «дабрыдзень», а толькі моўчкі кіўнуў галавою, прысеў на лаву, пасмактаў піпку, напусціў вакол сябе сіняга дыму і, не звяртаючы ўвагі ні на Юльку, ні на тое бусляня, прамовіў:

— Сапхнулі, кажаце?.. Яны гэта робяць! Калі сухмень чакаецца...

Як дыму стала яшчэ болей, дадаў:

— Ого, бусел! Вумная птушка!.. Помню, адзін год пяцёра спачатку было. Потым адразу дваіх сапхнулі... А праз які тыдзень — трэцяга... Двойня толькі і паднялася на крыло... І праўда, картопля была ў боб!..

— А мо і сапраўды падсадзіць у кубло? — прапанавала дзяўчынка.

— Куды? У буслянку? — ажывіўся Нупрэй.— Задзяўбуць! Самім трэ выхадзіць!..

— А дзе тых жаб набярэшся?

— А ты картопляй кармі. Што парасяці, тое і яму давай. Рыбы калі ці яшчэ чаго...

Даўшы такую параду, дзед Нупрэй пайшоў, а Юлька, задаволеная, што так усё абярнулася, адгарадзіла бусляняці закутачак і выбегла на вуліцу. Хутка ўся вёска ведала пра Юльчыну радасць. Калі вярнулася з буракоў маці, то ўбачыла поўную хату дзятвы. Пасярод кухні стаяла міска з рыбінай драбязою, а Буся — абсохлы і папрыгажэлы — цікаўна паглядаў паверх дзіцячых галоў...

...Праз які тыдзень Буся зусім прызвычаіўся да новага жыцця, падружыўся не толькі з Юлькай, але і з катом Мікітам. І Юлька ўсё часцей і часцей выводзіла яго за веснічкі. Яны звычайна ішлі спачатку на прычал. Там, у рыбацкіх лодках, можна было знайсці якую спажыву. Мікіта бег за імі таксама і ад радасці толькі вуркатаў...

З прычала яны кіравалі на выган і там гулялі. Буся няўклюдна бегаў за Юлькаю, смешна пасабляючы крыламі... Аднаго разу ён не разлічыў, разбегся мацней звычайнага і, на здзіўленне Юльцы, праляцеў ажно да самага ўзлеску. Калі да яго падбегла Юлька, Буся ўпершыню паглядзеў на яе з яўнай перавагай.

А той дзень Юлька ніяк не магла забыць. Яны ледзь не з раніцы бавілі час на выгане. Буся хадзіў па траве і збіраў цвыркуноў, а Юлька рвала шчаўё. Раптам яна пачула вясёлы бусліны клёкат. Падумала спачатку, што гэта Буся, але азірнулася і ўбачыла: высока ў небе кружылі Нупрэевы буслы, а бусліха стаяла ў гняздзе і радавалася — клекатала на ўсю акругу.

Буся пакінуў свой клопат і таксама паглядзеў у неба. А потым не вытрымаў, неяк таропка разбегся і нечакана падняўся на пругкае крыло. Зрабіў над выганам круг і ўзяў кірунак да Нупрэевай хаты. Юлька бачыла, як ён там, у небе, далучыўся да сваіх, згубіўся ў тым гурце, і праз хвіліну ўжо не разабраць было, каторы з іх Буся.

Юлька да самага вечара прасядзела на выгане, чакаючы, што Буся вернецца. Але ён не вярнуўся. І Юльцы было радасна і тужліва...

 


1974-1977

Тэкст падаецца паводле выдання: Пархута Я. Там, дзе жыве Юлька. Лірычныя навелы. – Мінск, “Мастацкая літаратура”, 1978. – 160 с.
Крыніца: скан