Мы часта гулялі на Міколчыным гумнішчы ў «жабкі». З намі бавіла час і пазалочаная драбнюткімі рабацінкамі Наташка. І калі нізка над прысадамі пралятаў цыбаты бусел, яна заўсёды пляскала ў далонькі:
Бусел, бусел-клекатун,
Паймаў жабу за каўтун...
А Міколка яго цярпець не мог. Ускокваў, нібы яго пеканула аса, і шпарыў у хату, лямантуючы:
— Ма-а-ма! Зачыняй комін! А то бусел... зноў дзіця ляпне на прыпек!..
У Міколкі было многа брацікаў і сястрычак.
Маці выходзіла з хаты і ўсміхалася:
— Дурненькі... Бог дасць, пагадуемся.
...Я ўспомніў гэта, калі нядаўна завітаў у родную вёску. Ля старой разгалістай і пакалечанай вайною ліпы стаяла маладая жанчына са знаёмымі рабацінкамі і гукала ў вышыню:
— То злазь, Мікола! Полудзень здубянее!
Праз хвіліну з галін ліпы вылез дзяцюк — ладны, каржакаваты і вінавата апраўдваўся:
— Ды вось... буслянку прыладжваў.
І ён, пазнаўшы мяне, сарамліва ўсміхнуўся...