epub
 
падключыць
слоўнікі

Яраслаў Пархута

Чмялі

 

Юлька сядзела на выгане і цікавала за чмялямі.

Яны рупна снавалі між кветак і, здавалася, не звярталі на Юльку аніякай увагі. Праўда, адзін чмель усё ж заўважыў яе, падляцеў і, выбраўшы самую прыгожую кветку на Юльчыным плацейку, сеў і пачаў поўзаць па ёй.

— Во дурненькі! — засмяялася Юлька і датыкнулася да чмяля.— Кветка ж нежывая!..

Чмель падхапіўся, нездаволена бомкнуў і паляцеў. Юлька правяла яго позіркам і раптам успомніла, што даўно не падглядала сваіх чмялёў.

Дзяўчынка пабегла на кручу. Там, у камлі старой бярозы, жыла цэлая сям’я чмялёў, і Юлька не раз частавалася іх мёдам. Трэба было толькі ўзяць дубец, легчы на дол, асцярожна выграбці з парахні чмяліныя кадушачкі, і мёду таго — колькі сабе захочаш!..

Вось і зараз Юлька здзьмула з тых кадушачак і чмялёў, і парахню, адкусіла травінку і хацела апусціць яе ў самую вялікую кадушачку, як раптам пачула:

— А што гэта, Юлька, ты парабляеш тут?

Азірнулася і ўбачыла дзеда Нупрэя. Ён стаяў над кручай, у некалькіх кроках ад яе, і ўдакладняў:

— Пытаюся, што парабляеш тут?..

— Мёд выбіраю,— сказала Юлька, але не паднялася, не падышла да Нупрэя. І тады Нупрэй, прыпадаючы на параненую нагу, спусціўся па схіле і прысеў побач з Юлькай.

— Пасмакчы, дзеду! — прапанавала Юлька і працягнула Нупрэю чмяліныя кадушачкі.— Салодкі!

— Вядома, што салодкі! — адказаў Нупрэй, але кадушачак не ўзяў.— Мёд, адным словам, і ёсць мёд...

Юлька паднялася з зямлі, прысела на пяньчук і зноў прапанавала:

— Пасмакчы!

— А няхай цябе, Юлька! — засмяяўся Нупрэй, ды на гэты раз узяў з яе рук і кадушачкі, і травінку. Але колькі ні стараўся, а пакаштаваць мёду не змог.

Юлька праверыла ўсе кадушачкі і таксама не змагла паспытаць тае смакаты — кадушачкі былі пустыя.

— Яно вядома! — сказаў Нупрэй.— Сухмень стаіць. Арсен вунь пчол і тых штодзень чаем поіць...

 

Праз якую гадзіну той-сёй з вяскоўцаў, напэўна, бачыў, як на кручы, непадалёку ад старой бярозы, ляжалі два чалавекі — стары і малы — і паціху размаўлялі між сабой.

— П’юць? — пытаўся адзін.

— П’юць! — адказваў другі.

Крокі за два ад іх, на пеньчуку, стаяла бляшанка. На яе раз-пораз апускаліся рыжыя чмялі і, пасядзеўшы крыху на саломінках, што плавалі ў той бляшанцы, падымаліся і знікалі ў камлі старой бярозы.

— Носяць! — чуўся ўсхваляваны вокліч.

— А няхай цябе, Юлька! — адказваў хрыплавата Нупрэй.— Старога, а на такую спакусу навяла...

 


1974-1977

Тэкст падаецца паводле выдання: Пархута Я. Там, дзе жыве Юлька. Лірычныя навелы. – Мінск, “Мастацкая літаратура”, 1978. – 160 с.
Крыніца: скан