epub
 
падключыць
слоўнікі

Яраслаў Пархута

Цыганскі барон

 

Ён з’явіўся нечакана.

У нядзелю да затокі падляцела легкавушка, высадзіла цыбатага дзецюка з манаткамі і шмарганула назад, у горад. Дзяцюк патаптаўся ля берага, доўга не думаючы, дастаў палатку і разбіў свой табар.

Праз якую гадзіну там ужо курыўся дымок і верашчаў транзістар.

Надвячоркам наступнага дня зноў з’явілася легкавушка, і вышэй узвіўся дымок, а да вёскі даляталі ўжо адчайная бранкатня гітары і асіплыя спевы:

 

Я — цыганскі барон...

 

Барону падпявала некалькі мужчынскіх галасоў. І было гэта так нязвыкла для тутэйшых мясцін, што людзі пачалі ўжо выказваць нездавальненне:

— Гэты Барон паводзіць сябе дужа нахабна...

Юлька таксама зацікавілася прыезджым. Ішла аднойчы берагам затокі і заўважыла ля затухлага вогнішча добрую жменю лінёвай лускі. Ліні, разважала яна, цяпер і не думаюць брацца на вуду.

Адкуль жа гэты Барон узяў іх?

Абышла ледзь не ўвесь бераг затокі, углядаючыся ў ваду. І там, дзе затануў некалі альховы выварацень, убачыла пенапластавыя паплаўкі. «Сетка!» — здагадалася дзяўчынка.

Такое стрываць было нельга. Яны, хоць і жывуць пры вадзе, ніколі не карысталіся забароненым ловам рыбы. Лічылі гэта злачынствам. А ён? І яшчэ храпе ў сваім шатры спакойненька...

Юлька адшукала Арсена, яны раскатурхалі разамлелага пасля ўчарашняй пагулянкі Барона і сказалі:

— А ну, даставай сваю згубу!..

Барон залыпаў вачыма, але ўбачыў строгі Арсенаў твар і вымушан быў выцягнуць з вады шыкоўную капронавую трыгубіцу. У ёй білася каля дзесятка залацістых лінёў.

Арсен вызваліў з капронавага павуціння рыбу, а Барону прапанаваў пакінуць гэтыя мясціны неадкладна.

З тае пары цыганскі Барон сюды і носа не патыкае.

 


1974-1977

Тэкст падаецца паводле выдання: Пархута Я. Там, дзе жыве Юлька. Лірычныя навелы. – Мінск, “Мастацкая літаратура”, 1978. – 160 с.
Крыніца: скан