Пайсці па чылім мяне яшчэ звечара падбіла Юлька.
— Я ведаю, дзе ён водзіцца,— гаварыла яна.— Летась бачыла, як хлопцы латошылі...
Мы ідзём халаднаватым з ночы поплавам. З-пад ног тады-сяды нехаця пстрыкаюць конікі. Ды Юлька на іх нават не звяртае ўвагі, крочыць наперадзе і разважае:
— Во каб чылімам засеяць якую завадзь!.. Усё лета можна было б ласавацца...
Пра тое, што чылім — вадзяны арэх — сустракаецца ў гэтых мясцінах, я чуў даўно, але натрапіць на яго ніяк не надаралася. А тут — на табе! — Юлька вядзе паказваць. Ды і бацька яе загарэўся жаданнем і вырашыў аблазіць з намі хоць усе затокі, а даведацца, што з ім ды як, з тым чылімам.
Ля Крывой затокі Юлька спыняецца і кажа:
— Вось тут яны яго латошылі...
Першая палезла ў ваду Юлька, а за ёю і мы. Але як ні стараліся, як ні боўталіся ў той затоцы, а не маглі адшукаць ні сцяблінкі. Аблазілі і суседнія затокі, ды тых рагачыкаў, як казала Юлька, так і не сустрэлі нідзе.
— І куды ты падзеўся, чылім?! — нібы клікала, нібы сама ў сябе пыталася Юлька.— А можа, качкі яго паелі? Яны жываты ім лечаць...
— Слухай ты яе! — вылазячы з вады, сярдзіта прамовіў Юльчын бацька.— Праўда, пра той чылім Нупрэй мне расказваў некалі... Але калі тое было! Звёўся чылім. А яна — жываты лечаць!..
Юлька бянтэжыцца ад бацькавых слоў і змаўкае.
Пакуль мы ляжалі на грудку і абсыхалі, Юлька сядзела крыху воддаль, на купіне, нейкая паніклая і прысаромленая...
...Надвячоркам, калі мы з Юльчыным бацькам вялі на прызбе нетаропкую гамонку пра яго кавальскія справы, аднекуль прыбегла Юлька і яшчэ ў веснічках крыкнула:
— А ты няпраўду казаў! Чылім не згінуў! Вось ён!..
І Юлька паклала на бацькаву далонь некалькі рагатых касцяшак.
Я здагадаўся пра ўсё і сказаў:
— Усё ж адгукнуўся чылім?
— Адгукнуўся! — горда прамовіла Юлька.— Я засею ім нашу затоку! Пабачыш, засею!..