epub
 
падключыць
слоўнікі

Яраслаў Пархута

Дамок-церамок

 

 

Ён — на тым беразе возера, пад разгалістым дубам... Але адсюль яго цяжка ўбачыць. Толькі калі выйдзеш на прычал і паўзіраешся хвіліну-другую, можна заўважыць зялёную пабудову, крыху святлейшую за кустоўе ляшчыны.

Юлька стаіць ля завадзі і думае: ісці сухапутам ці на лодцы дабірацца да таго дамка-церамка? Але бідон з малаком важкі, ледзь падняць, і Юлька садзіцца ў лодку. Я адчуваю, што Юльцы будзе нялёгка справіцца з вёсламі, і прапаную:

— Перавезці?

— Перавязі! — адказвае Юлька і раіць: — Пакуль я аддам малако, ты парыбаліць у затоцы зможаш...

Ад вады падымаецца лёгкі туман і нібы растае ў ранішніх праменнях. Час ад часу трапляюцца на нашым шляху лілеі, і Юлька, перагнуўшыся цераз борт пласкадонкі, зрывае кветкі. Раптам яна гаворыць:

— Каб муж яе не інвалід быў, зроду б ёй малако не вазіла...

Я ведаю, каму — «ёй», і таму не перапытваю. «Яна» — гэта Пампушка. Усяго які тыдзень, як прыехала сюды, пасялілася ў тым зялёным церамку, а ўжо ўсяму Астраўку паспела надакучыць.

З’явіцца іншы раз у вёсцы, дык не ідзе па вуліцы — плыве. І на людзей не паглядае. Нібы вакол адны маляўкі...

— Фу! — незадаволена моршчыцца Юлька.— Тата ўчора сказаў: мятлой гнаў бы такіх... Толькі баб нашых, кажа, нервуе... А яшчэ ён сказаў, што яна — фіфа. А што такое «фіфа», га?..

Лодка днішчам шарганула аб пакаты пясчаны бераг. Якраз у гэтую хвіліну ля бліжняга куста арэшніку загарлапаніў транзістар — нібы хто рэзаў нажоўкаю бляху. Юлька неяк сцялася, паглядзела туды, адкуль далятала віскатня, і сказала:

— Яна!

Сапраўды, у засені куста, на чырвонай коўдры, у купальніку раскашавалася Пампушка. Яна не паднялася, не падышла да Юлькі, каб забраць бідон, а, перасільваючы транзістар, крыкнула:

— Дзе-вач-ка! Пашукай Сямёна Сямёнавіча! Ён прыме малако!..

І Юлька пайшла.

А я не паплыў у затоку. Вырашыў пачакаць Юльку.

Каб хутчэй перавезці яе на свой бераг...

 


1974-1977

Тэкст падаецца паводле выдання: Пархута Я. Там, дзе жыве Юлька. Лірычныя навелы. – Мінск, “Мастацкая літаратура”, 1978. – 160 с.
Крыніца: скан