epub
 
падключыць
слоўнікі

Яраслаў Пархута

Дажылі, шэльмы!

Вечарэла. За лагчынай, дзе расло некалькі каржакаватых дубоў, мяне аклікнуў знаёмы голас:

— От добра, што стрэліся! — радаваўся гаваркі ляснік.— Хадзем, паглядзіш, як дармаедаў глумяць.

Я спачатку не ўцяміў, што да чаго. Дайшло, калі падышлі да старога дуба і ляснік тыцнуў пальцам амаль у самую дуплянку:

— Глядзі, зноў валакуць!

Я заўважыў там цэлую працэсію. Некалькі пчолак цягнула за крылы трутня. Ён упіраўся. Але, сапхнуты з сука вёрткімі гаспадынямі, усё ж зваліўся на зямлю.

Там была іх цэлая плойма! Яны поўзалі па галінках ломкага верасу, не знаходзячы сабе месца. А ляснік не сунімаўся здзеквацца:

— Дажылі, шэльмы, што і на парукі не бяруць...

А з лагчыны цягнула першым замаразкам.


1965?

Тэкст падаецца паводле выдання: Пархута Я. Ты пайшла ў сонца. Лірычныя аповесці і навелы. - Мн., "Мастацкая літаратура", 1973. (першы празаічны зборнік)
Крыніца: скан