Помню, сабралася ўся наша сям’я за калядным сталом. Старэйшыя выпілі па кілішку.
Наш дзед, ап’янелы ад таго кілішка, раптам расчуліўся:
— От, дзеткі, каб я быў царом...
Ад нечаканасці мы паразяўлялі раты. А дзед гаварыў:
— Каб я быў царом, нанасіў бы па вокны саломы... На саломе спаў бы, сала з салам еў бы і саломай накрываўся б...
Мы рагаталі, уяўляючы нашага дзеда ў такой выгодзе.
...З таго часу прайшло шмат гадоў. Каляд мы цяпер не спраўляем, але сустракаць Новы год збіраецца ўся наша сям’я. Пачэснае месца — прадзеду. Ён кіруе застольнай гаспадаркай, потым першы падымае чарку:
— То давайце ўжо вып’ем, дзеткі...
Праз хвілін колькі я прапаную:
— Дзеду, раскажы пра цара...
Ён спрабуе адмахнуцца:
— А можа, я не хачу быць царом.
Ледзь прыкметная ўсмешка даверліва выплёскваецца з дзедавых вачэй:
— А можа, мне і так добра.
І ўжо адкрыта, па-маладому, смяецца.