epub
 
падключыць
слоўнікі

Яраслаў Пархута

Дзень бабінага лета

 

Восенню дзень прыходзіць у Астравок не так, як улетку. Улетку яго нараджэнне пачынаецца ледзь не апоўначы. Спачатку неба над лесам пасвятлее, а потым пакрыецца жаўтаватай павалокай, а пасля ўжо і зусім разрумяніцца — молада, паспешна. Не заўважыш нават, як з таго полымя выплыве такое ж чырвонае сонца і пакоціцца ўгору, увачавідкі святлеючы і сыходзячы зыркімі промнямі. І ўвесь гэты час за акном у гародчыку будуць нецярпліва пасвістваць шпакі. А потым, радыя, кінуцца на лугавіну ганяцца за конікамі...

Але гэта яшчэ не ўсё. Дзень пакрочыць па зямлі сапраўдным уладаром, калі вёску абудзіць бусліны клёкат. Перш і не зразумееш нават: Нупрэевы птушкі гэта ўзнялі траскатню ці які трактарыст запускае на калгасным двары матор свайго трактара... Тады толькі вясковай вуліцай, падымаючы зляжалы пыл, пройдзе статак кароў, прабяжыць грузавік і з комінаў пачнуць падымацца першыя дымкі...

Восенню не так. Асабліва ў кастрычніку неба на ўсходзе рэдка калі напамінае пра нараджэнне новага дня. Яно неяк аднолькава святлее — і там, і тут. І амаль заўсёды зацягнута шэранню. Чакаеш сонца над ельнікам, а яно раптам разарве тую шэрань аблокаў і павісне вунь ажно дзе! Менавіта ў гэты час заўважаеш, як паблісквае інеем апалае лісце. Ноччу ў вёску забягаў першы прымаразак і пакрыў інеем усё чыста. Нават пляскаты камень, што прымасціўся ля студні, і той серабрыцца ў скупаватых сонечных промнях...

Нарэшце камень, трава, ганак, паркан і нават пажухлае лісце ў гародчыку — усё пакрываецца буйнымі, дрыготкімі кроплямі. Гэта сваю справу зрабіла сонца і цяпер, задаволенае, купаецца ў кожнай расінцы...

Тым часам нябачныя павучкі-сувязісты расцягнуць над вёскай белыя правады-павуцінкі. Быццам спяшаюцца паведаміць людзям, што нарадзіўся новы дзень, што вёску яшчэ не пакінула бабіна лета...

 


1974-1977

Тэкст падаецца паводле выдання: Пархута Я. Там, дзе жыве Юлька. Лірычныя навелы. – Мінск, “Мастацкая літаратура”, 1978. – 160 с.
Крыніца: скан