epub
 
падключыць
слоўнікі

Яраслаў Пархута

Экспедыцыя на зубровую паляну

 

 

— Дзед! — адважыўся я аднойчы.— Не шэнціць мне. Каторы дзень зубровую траву шукаю, а знайсці не магу...

Нупрэй сядзіць на прызбе, глядзіць на макаўкі сосен, што зусім блізка падступілі да яго сялібы, і быццам не чуе маіх слоў. Потым нехаця, нібы між іншым, гаворыць:

— А ў Арсена пытаўся?

— Пытаўся,— кажу.— Але хіба яго адарвеш ад вады?

— Не адарвеш,— пагаджаецца дзед.— А чаму Юльчын бацька не пакажа?

— Дык ён жа дзень пры дні ў кузні,— за мяне адказвае Юлька.

— Праўда,— зноў пагаджаецца дзед і зноў, нібы між іншым, спакойна дадае: — А ў Аборыхі пытаўся?

— Не,— кажу.— Не пытаўся.

— І не трэба! — раптам махае рукой Нупрэй.— Да Аборыхі з горада ўнучаняты папрыязджалі. То яна, як тая кураводка з пылянятамі, усё на падворку топчацца...

Пачынаю траціць надзею. Бо разумею, што Нупрэю ў такіх гадах не да лясных пагулянак. Але раптам чую:

— А пайду-тко з вамі! Як піць даць экспедыцыю тую правядзём!..

Сказаў гэтак, а падняцца не падняўся. Сядзіць на прызбе і толькі пазірае на нас. Нібы наўмысна адцягвае, нібы раздумвае: адпраўляцца ці не адпраўляцца ў лясныя нетры. Потым нечакана тлумачыць:

— Хто шчаслівы на руку ды чысты на сэрца, назбіраць можа травіцы той цэлы снапок... Толькі на ліха снапок! Жменьку заткні за бэльку — усю зіму будзе духмяніць хата...

Слухаю і не перабіваю — баюся: а раптам ён раздумае? Але, відаць, Нупрэй правільна зразумеў наш намер і таму ўжо, здаецца, нічога не трымае ў сакрэце:

— Нам на неруш патрапіць трэба. На нерушы яна толькі і водзіцца...

Мне ўжо рупіць падбадзёрыць, што калі ён не палянуецца, то і на тую неруш патрапім, і тую жменьку травы набяром. Але мацней закілзваю сваё жаданне і не падганяю. А дзед ужо зусім разышоўся.

— Ого, зубровая травіца! — ледзь не ўскрыквае ён.— Вялікую сілу мае травіца наша!..— Нахіляецца да Юлькі і па-змоўніцку ціха гаворыць ёй: — А падкінь на падворак якое каліўца — чалавек ураз падабрэе... І напасці розныя яна ад хаты адганяе...— Зірнуў на мяне, усміхнуўся і прапанаваў: — А давай-тко лепей на Зубровую паляну патэпаем!..

Падняўся і пайшоў з падворка.

...Ішлі моўчкі і доўга. Перасеклі спачатку адзін квартал, другі, потым утапіліся ў гушчэчы маладога сасонніку, і, калі выбраліся на яшчэ некалі ўбітую калёсамі лясную дарогу і стала лягчэй дыхаць, Нупрэй загаварыў зноў:

— А зубровую траву не кожны і адшукае! Калі натрапіш на тую неруш, дзе і бярозка расце, і дубок, і сасонка, стань-тко наўпроць ветру і нюхні. Як яна паблізу — пачуеш! А не пачуеш — хадзі, углядайся. Толькі воку не давярай. Вазьміся лепей за травіну і прапусці між пальцаў. Будуць пальцы нібы мукою прыпудраны — значыць, яна. Не будуць — не яна. І яшчэ ў яе карэньчыкі вішнёвага колеру...

На лысым пагорку, парослым калючым сіўцом, Нупрэй нечакана спыніўся, перавёў дух і потым склаў далоні рупарам:

— Ого-го-го!..

— Го-го-го! — молада адказала рэха і пакацілася недзе туды, ажно пад Жукава поле.

— Во як! — усміхнуўся аднымі вачыма Нупрэй, нейкі момант паглядаў туды, дзе згубілася рэха, і ўдакладніў: — Ісцімем ужо нядоўга.

Яшчэ дзесяць мінут хады, і мы спыніліся на палянцы.

— Зубровая ці не Зубровая? — сам у сябе пытаецца Нупрэй і вырашае: — Зубровая! — Ён нюхае гарачае паветра, ад задавальнення ажно жмурыцца і загадвае Юльцы: — А нюхні-тко ты!

Юлька нюхнула. І раз, і два. Але ў густым лясным водары адчуць пах зуброўкі не змагла. Азірнулася, заўважыла непадалёку зялёную купіну высакаватай травы і кінулася туды, але Нупрэй папярэдзіў:

— Гэта, унучка, трын-трава. Пакінь яе!..

Я не веру і правяраю травіну. Сапраўды, ні тае пудры на пальцах, ні тых вішнёвых карэньчыкаў. А Нупрэй раіць:

— Правер-тко вунь тую!

Ідзём з Юлькай пад бярозку, што стала побач з сасонкай, і не верым вачам. На пальцах — ледзь прыкметны белы налёт, а ніжняя частка травіны нібы вішнёвым сокам пафарбавана... І пах. Непаўторны! Параўноўваем гэтую купіну травы з першай. Тая трын-трава амаль нічым не адрозніваецца ад зубровай! І здзіўляемся, адкрыта зайздросцім дзедаваму ўмельству...

А Нупрэй стаіць пасярод Зубровай паляны і задаволена ўсміхаецца.

 


1974-1977

Тэкст падаецца паводле выдання: Пархута Я. Там, дзе жыве Юлька. Лірычныя навелы. – Мінск, “Мастацкая літаратура”, 1978. – 160 с.
Крыніца: скан