epub
 
падключыць
слоўнікі

Яраслаў Пархута

Гармонія

 

 

Была якраз тая амаль няўлоўная хвіліна ў вечным зямным кругавароце, калі адразу цяжка і зразумець: дзень гэта яшчэ ці ўжо вечар.

На верхавіне нашай бярозы чырванню гарэла сонца, а ўнізе, крыху воддаль яе, у густым зарасніку лазы, прывідам снавалі лёгкія прыцемкі. Недзе там, высока ў небе, трапятала, звінела песня жаваранка. І ўсё гэта нібы некуды плыло ў такой вялікай суладнасці, што здавалася, зрабі крок — і парушыцца адно з тых звенняў, а свет рассыплецца, ператворыцца ў суцэльны хаос. І тады будзе ні сабраць, ні зноў настроіць яго на зямны лад...

Юлька сядзела і, нейкая ўзрушаная, баялася нават паварушыцца. А я глядзеў на яе і думаў: ці нашы нашчадкі супыняцца некалі тут? Ці здольны яны будуць бачыць і чуць тое, што бачым і чуем мы?

Калі так, то мы будзем жыць і тады.

 


1974-1977

Тэкст падаецца паводле выдання: Пархута Я. Там, дзе жыве Юлька. Лірычныя навелы. – Мінск, “Мастацкая літаратура”, 1978. – 160 с.
Крыніца: скан