epub
 
падключыць
слоўнікі

Яраслаў Пархута

Як помсцілі пчолы

 

Абора, акрамя ракаў, дужа любіў яшчэ і салодкае. Але завесці сабе калоду-другую пчол ленаваўся — болей гойсаў па лесе і прынюхваўся: а ці няма дзе дупла з вашчынаю? Часцяком яму надаралася знайсці тое дупло, і тады ўжо мог чалавек вісець на дрэве хоць да вечара, абы накалупаць, хоць крышачку, таго мёду. Потым хадзіў па вёсцы і выхваляўся:

— Учора пашчасціла дык пашчасціла! Цабэрак вашчыны навыдзіраў! Наеўся — ажно пот на жываце выступіў...

Юльчына маці слухала Абораву пахвальбу і смяялася:

— А мы гледзімо: чаму гэта ля цябе мухі ўвіхаюцца? А яно вунь што!..

Абора гыгыкаў ад задавальнення і прасіў кубак бярозавіку — запіць учарашні ласунак.

...І на гэты раз Абора падаўся ў лес. Апынуўся ў верасовых зарасніках і пачаў прыглядацца: дзе б убачыць дзікую пчалу? А ўбачыў — упаў перад ёю на калені і пачаў поўзаць па зямлі, пакуль не цыркнуў слінаю на пчаліныя крыльцы.

Ацяжэлая пчала паспрабавала спачатку страпянуцца, пазбавіцца непатрэбнага грузу, але потым кінулася дадому — каб выручалі сяброўкі. Абора — за ёю. Ляцеў навыперадкі, пакуль не зачапіўся за корч. Тады зноў пачаў поўзаць па верасе, зноў шукаў дзікую пчалу і зноў цыркаў на яе слінаю.

Нарэшце знойдзена і тое дрэва, у дупле якога атабарылася пчаліная сям’я...

Але Абору не пашанцавала. Яго прывезлі дадому ў матацыклетнай калясцы — абдзёртага і запухлага, з вывіхнутай рукою і парожнім цабэркам.

— Знайшоў пад дубам,— растлумачыў Арсен Аборавай жонцы.— Ледзь клёваў...

Нешта з тыдзень не выходзіў з хаты Абора. А калі жонка павыкалупвала з барады пчол і адмачыла мужа кіслым малаком, а сусед-ветэрынар управіў на месца руку, нарэшце паказаўся на людзі і пачаў апраўдвацца:

— Дужа злосныя пайшлі цяперака пшчолы!.. Так ужо джгалі, так джгалі, што і не памятаю, як на доле апынуўся...

Юлька слухала Аборавы тлумачэнні і радавалася за тых пчол.

 


1974-1977

Тэкст падаецца паводле выдання: Пархута Я. Там, дзе жыве Юлька. Лірычныя навелы. – Мінск, “Мастацкая літаратура”, 1978. – 160 с.
Крыніца: скан