epub
 
падключыць
слоўнікі

Яраслаў Пархута

Ласіха

 

 

Ужо каторы дзень яе даймалі дварнякі. Спачатку гэта здавалася нібы забавай. Ну, забеглі ў яе лясныя ўладанні, ну, скубанулі колькі разоў — і адчэпяцца. Але дзе там! Па дурной сваёй сабачай звычцы яны з кожнай хвілінай усё больш і больш насядалі на яе. Тады яна кінулася ў гушчар, спраставала балотца, абабегла бор — ды ўсё тое ж: дварнякі не адступалі.

А што, калі падацца бліжэй да вёскі?

Але і пасля гэтага сабакі, ці то адчуўшы блізкае жытло, ці магчымую дапамогу, накінуліся на яе яшчэ з большым азартам.

Хацелася піць. І стома, здавалася, вось-вось зваліць з ног. Але яна зноў і зноў кідалася па лесе то туды, то сюды.

Юлька выходзіла з хаты, услухоўвалася ў той брэх і паціскала плячыма:

«З чаго б гэта?..»

Толькі Арсен — мясцовы егер — здагадаўся, што да чаго. Ён паслухаў залівісты брэх, што прыносіла ў вёску лясное рэха, і сказаў:

— Браканьеры. Асядлалі некага...

Узяў на ўсялякі выпадак стрэльбу і падаўся ў лес. Калі апынуўся на палянцы, застыў, уражаны. Маладая ласіха стаяла на той палянцы, укленчыўшы, відаць, ушчэнт знясіленая, а ля яе завіхалася ажно трое дварнякоў. Людзей не было. Дварнякі свавольнічалі адны. Прыгледзеўся. Не! Такіх у вёсцы няма. Значыць, прышлыя!

— Ах, нягоднікі! — крыкнуў Арсен.— Што ж гэта вы робіце?!.

Толькі разбойнікі і вухам не павялі, а яшчэ больш пачалі даймаць сваю ахвяру. Тады Арсен не вытрымаў, ускінуў стрэльбу, выбраў крайняга і без шкадавання стрэліў... Калі ўляглося рэха і сабак нібы ветрам здзьмула, ласіха паднялася з зямлі і, цяжка ступаючы, пайшла. Не ў лес, а на яго, Арсена. Арсен скочыў за дрэва. Усялякае можа быць, калі звер раз’ятраны. Але ласіха і не думала рабіць нічога благога чалавеку. Яна спакойна падышла да сасны, за якой стаяў Арсен, і спынілася побач.

Егер глядзеў на ласіху і не верыў сваім вачам. Потым сказаў:

— Чаго ты, дурніца? Ідзі, куды табе трэба...

Доўга стаялі побач — чалавек і звер,— і ніхто не адважваўся зрабіць першы крок. Потым Арсен рызыкнуў. Адышоўся крыху, азірнуўся і ўбачыў: за ім тупала ласіха.

Так і давяла яна чалавека да Астраўка.

...Нядаўна Юлька ўбачыла на ўзлеску ля вёскі тую ласіху. Ласіха спакойна паглядала на яе і мірна карміла танканогае ласяня.

 


1974-1977

Тэкст падаецца паводле выдання: Пархута Я. Там, дзе жыве Юлька. Лірычныя навелы. – Мінск, “Мастацкая літаратура”, 1978. – 160 с.
Крыніца: скан