epub
 
падключыць
слоўнікі

Яраслаў Пархута

Лесавічкі

 

 

Аднойчы Юлька падбіла мяне пашукаць зубровую траву.

Абышлі дубнякі, бярэзнікі, аблазілі, здавалася, усе больш-менш прыдатныя палянкі, але тае зуброўкі — ні-ні.

Даймала духата. Ужо хацелі падавацца назад, як на прасецы, што ўзбягала на пясчаны пагорак, заўважылі дзяцей — хлопчыка і дзяўчынку. Басаногія і да чарнаты загарэлыя, яны сядзелі ў гарачым пяску і з нечым важдаліся. Падбівала цікаўнасць і мяне, і Юльку зблізку зірнуць на іхні занятак. Каб, крый бог, не напалохаць сваім нечаканым з’яўленнем, Юлька наўмысна кашлянула, і мы выйшлі з-за куста. Дзеці не спалохаліся.

Хлопчык усміхнуўся і сказаў:

— На, патрымай!

І падаў Юльцы... сарачаня. Нічога не разумеючы, Юлька ўзяла ўжо даволі апераную птушку і паціснула плячыма: навошта яна ёй?

Дзяўчынка падхапілася з пяску і пачала тлумачыць:

— Мы з ім у чарніцы ішлі... І ўбачылі: уліпла вунь там... Ножкамі... Так моцна! І крыльцамі махала...

Юлька зірнула туды, куды паказвала дзяўчынка, і ўсё зразумела. Нехта згубіў на лясной прасецы камлыгу чорнай смалы. Пад промнямі сонца яна пачала плавіцца, і ад яе пабегла ручаінка. Маладыя, не вопытныя яшчэ птушкі, відаць, палічылі, што гэта вада, і паплаціліся. Праўда, паплацілася адна, тая, што ляжала ў смале, а другой — пашчасціла.

Юлька адчувала толькі, як перапалохана калацілася сэрца ў птушкі...

Юлька з удзячнасцю зірнула на дзяўчынку, на хлопчыка і зусім па-даросламу ласкава запыталася:

— А чые ж вы, лесавічкі, будзеце?

— Мы — тутэйшыя! — пачулася ў адказ.

 


1974-1977

Тэкст падаецца паводле выдання: Пархута Я. Там, дзе жыве Юлька. Лірычныя навелы. – Мінск, “Мастацкая літаратура”, 1978. – 160 с.
Крыніца: скан