epub
 
падключыць
слоўнікі

Яраслаў Пархута

Мы ідзём на Сіцылію

 

 

— А ведаеш,— сказала назаўтра Юлька,— давай падамося на Сіцылію. Дзед Нупрэй казаў, што карасі там, як лапці...

Каб трапіць з Астраўка на Сіцылію, трэба спачатку прайсці гасцінцам, павярнуць налева і пакручастымі сцежкамі нейкі час віхляць па масівах асушаных тарфянікаў. І калі пачнеш у душы каяцца, што выбраўся ў такі няблізкі шлях, раптам, нібы з-пад зямлі, вынырнуць некалькі прысадзістых дубоў, а потым і дзве хаткі пад імі. Гэта і ёсць Сіцылія.

Людзі назвалі мясціну Сіцыліяй таму, што яна — невялікае ўзвышша — ляжала, нібы той востраў, сярод бязмежнага мора колішніх непраходных балот. Тут і цяпер існуюць даўнія законы астравіцян: адлучаюцца з Сіцыліі толькі па вялікай пільнасці, не робяць шкоды наваколлю і заўсёды ўважлівыя да чужога чалавека. Мо таму, калі ў бліжняй хаце адчыніліся дзверы і на парог выйшла ў белай блузцы і такой жа белай спадніцы бабка, прызыўна замахала рукою, мы з Юлькай прынялі гэта як належнае.

Падзякавалі за прыветнасць і ўзяліся строіць свае вуды. А гаспадыня Сіцыліі прысела побач:

— Ого, Сіцылія! Дак тут і некалі было рыбы плойма! — І раптам спахапілася: —Дак вы мо згаладаліся? Мо яйцо якое на патэльню кінуць?

Мы аднекваліся, спасылаючыся на свае прыпасы, але бабка была няўмольная. І толькі калі выпілі па гліняным кубку халоднага малака, яна супакоілася і пачала раіць, дзе нам лацвей будзе «адводзіць душу».

— Дак вунь,— тлумачыла бабка,— за тую паваротку шыбуйце!

Мы спусціліся з дзядзінца, ступілі на мяккую, акуратна выстрыжаную касілкамі, зялёную коўдру лугавіны і пайшлі да павароткі. Калісьці там была рака, але меліяратары зрабілі сваю справу — выпрасталі старое рэчышча, а непралазную багну абапал яе ператварылі ва ўрадлівую сенажаць. Шаломы-стагі, якія то там, то тут узвышаліся над зялёным морам шаўкавістай атавы, віталі іх працу...

Карасі не чапляліся. Але мы сядзелі, не варушыліся, баючыся спудзіць сваю надзею. Калі сонца пачало хіліцца долу, да нас нечакана прыбегла гаспадыня Сіцыліі і пачала апраўдвацца:

— Дак я ж вінавата перад вамі!.. Месяц павярнуў на малодзіва — карась чапляцца не будзе! Карась — рыба з норавам... Дак я ж не сказала вам пра ета...

Але якраз у гэтую хвіліну Юльчын паплавок уздрыгануўся і рашуча пайшоў пад ваду. Падсечка, прыемны звон нацягнутай лёскі — і да Юльчыных ног чмякнулася нешта чорнае.

— Дак, можа, гэных рагачоў толькі і наловіце! — раптам ажывілася бабка і пачала пасабляць Юльцы вызваляць вуду ад няпрошанай рыбіны.

Прызнацца, я такой рыбы нідзе не сустракаў. Чорная, з жабінай галавой і белаватым чэравам, узброеная трыма вострымі шыпамі, яна здавалася страшыдлам.

— Канадскі сомік! — сказала Юлька і выкінула таго рагатага чорта назад у ваду.

Нечакана стала шарэць. Паднялася і патупала на сваю Сіцылію бабка. Рэжучы густое паветра крылом, пачаў туды-сюды кідацца першы кажан. Недзе ў гаі прынялася лічыць нашых будучых карасёў зязюля. І Юлька нібы спахапілася:

— А давай заначуем! На золку нешта ды будзе...

Зматалі вуды і падняліся на Сіцылію. Каб не перашкаджаць людзям, пад крайнім дубам склалі невялікае цяпельца і дасталі свае прыпасы. Падышла гаспадыня, паставіла на зямлю спатнелы гарлач малака, сказала: «Дак частуйцеся!» — і прысела па той бок вогнішча. Было ад усяго гэтага неяк шчымліва добра. Ці то ад цеплыні, што сыходзіла ад нашага цяпельца, ці то ад начной парнасці — хацелася так вось, раптам, кінуцца на зямлю, легчы тварам дагары і, суцішыўшыся, праляжаць да самай раніцы...

— Як вы, бабулька, жывяце тут, сярод балота? — раптам пачуўся Юльчын голас.

— Дак мы ж тут нарадзіліся,— у спакойным роздуме адказала бабка.— Дак як жа пакінуць зямлю гэную...

Недзе ў бліжніх зарасніках ляшчыны азваўся першы салавей. Паспрабаваў свой голас, прыслухаўся, цёхкнуў яшчэ раз,— і так заліўся песняй, што здавалася, канца і краю не будзе таму дзіву. Пры святле цяпельца відно, як даверліва ўсміхаецца Юлька, як знікаюць на бабчыным твары зморшчынкі. А салаўі ўжо шчыльна абступілі нас. То там, то тут абуджаліся іхнія флейты і стараліся адна перад другой, як на спаборніцтве.

Бачу, бабка загінае пальцы правай рукі, потым шэптам гаворыць да Юлькі:

— А гэны, што справа, пераплюнуў гэнага... Ажно восем каленаў вывеў!..

Мяне цікавіць іншае, і, выбраўшы зручны момант, калі бабка перастала загінаць пальцы, запытаўся:

— Усё ж адкуль тут сомік-рагач узяўся?

— Дак з Канады прывезлі! — нечакана бадзёрым голасам адказала гаспадыня Сіцыліі.— З Канады, гаворуць...

Салаўіная сімфонія абарвалася. Спевакі, мабыць, стаміліся ці вырашылі перавесці дух, каб праз якую хвіліну зноў грымнуць над сцішанай начной зямлёй.

 


1974-1977

Тэкст падаецца паводле выдання: Пархута Я. Там, дзе жыве Юлька. Лірычныя навелы. – Мінск, “Мастацкая літаратура”, 1978. – 160 с.
Крыніца: скан