epub
 
падключыць
слоўнікі

Яраслаў Пархута

На Выспе

 

 

Летні дзень, як год. Здаецца, нічога такога і не рабілі, а натупаліся. Таму, перш чым пайсці ў хату, мы з Юлькай прыселі каля нашай бярозы, і я адразу адчуў, што стома знікае.

Падышоў Арсен. Моўчкі пасядзеў хвіліну-другую і нечакана прапанаваў:

— А давай скокнем на Выспу!

Пра тую Выспу я чуў ад многіх тутэйшых людзей, але там не быў і таму з радасцю прыняў прапанову. Селі ў маторку і неўзабаве былі на месцы.

Калі наша «Казанка» ткнулася кілем у пясок, першая ступіла на пакаты бераг Юлька.

— Будзем рабінзонамі! — ускрыкнула яна.— Востраў бязлюдны!..

Некаторы час ішлі аднаму Арсену вядомай сцежкай, парослай маладым дубняком і ляшчынаю. Калі падняліся на самы высокі пагорак, ажно здзівіліся: перад намі ляжаў зялёны востраў, а наўкол, як кінуць вокам,— сінеча вады. Арсен хацеў хутчэй трапіць туды, дзе некалі былі партызанскія зямлянкі, але Юлька раптам паказала рукой на зараснікі.

Там, амаль упрытык да кустоў, на берагавым пятачку бялела палатка.

— Ого! — усміхнуўся Арсен.— А востраў абжыты...

Спусціліся ўніз, да чалавечага жытла. Акуратна развешанае на сукавінні паходнае начынне — кацялок, патэльня, капронавае вядзерца і яшчэ сякія-такія рэчы, складзеныя ля ўвахода ў палатку,— усё выдавала дбайнага гаспадара. Нібы ён толькі што разбіў свой бівак і адышоўся да возера змыць стому. Але старое вогнішча і гірлянда таранкі, што сушылася між арэшын, гаварылі іншае: чалавек тут атабарыўся даўно. Хацелі было падацца адгэтуль, але Арсен зазірнуў у палатку і ажно свіснуў:

— Дык гэта мой стары знаёмец-мастак!

Арсен трымаў над галавою полаг палаткі, і мы ўбачылі пасярод яе невялікі мальберт. Карціна была незакончаная, але ўсё ж абрысы яе праступалі даволі акрэслена і кідка. Арсен апусціў полаг і сказаў:

— Супынімся і мы тут...

Гаспадара не было доўга. З’явіўся толькі тады, калі за лес, на тым беразе, апусцілася сонца, а прыбярэжны чарот пачаў ахутвацца лёгкім туманам. Човен прыплыў нечакана, нібы з легенды, і чалавек ступіў на бераг нячутна, па грудзі ў тумане, барадаты і шыракаплечы, як той Садко. Наблізіўся да нас і, пазнаўшы Арсена, усміхнуўся:

— Я даўно заўважыў, што на востраве прышэльцы. Ды акуні браліся, як шалёныя...

— А чаму хату маю мінуў? — запытаўся Арсен.

Барадач кінуў на траву рыбу, усім па чарзе падаў шырокую і моцную руку, прысеў побач.

— Турбаваць не хацеў,— нібы апраўдваўся ён.— Спярша сюды пацягнула...

Арсен прамаўчаў, толькі па-сяброўску цёпла глянуў на гаспадара. А той гэтак жа моўчкі пазіраў то на Арсена, то на мяне, то на Юльку, і відно было, што ён ці то заклапочаны, ці то разгублены.

Раптам чалавек падхапіўся, кінуўся ў палатку і тут жа выбег з блакнотам у руках. Юльцы сказаў:

— Фея, прашу не варушыцца! Я — толькі хвілінку...

Імкліва забегаў па аркушыку паперы аловак.

— Вось гэта тое, што трэба! — гаварыў барадач.— Тое, што шукаў і летась, і пазалетась... Малайчына, фея! І адкуль ты ўзялася на маю галаву? Цудоўна!.. Я вельмі ўдзячны табе... Перанясу цябе на палатно... Абавязкова...

Ён раптам адкінуў аловак і сядзеў ужо нейкі час паніклы і сцішаны. І Юлька не варушылася, мабыць, не разумела, што да чаго. Толькі Арсен паглядаў на сябра з нейкай затоенай павагай. А барадач маўчаў. Маўчаў і тады, калі распальвалі вогнішча, калі варылася юшка, калі вячэралі. Я глядзеў на яго твар, злёгку асветлены вогнішчам, і не мог здагадацца, у чым справа. Чалавек настрою? Ці крыўдуе, што патрывожылі яго адзіноту?

І чаму ён гэтак да Юлькі?..

Недзе ўжо спаў у палатцы Арсен. Згарнуўшыся калачыкам, падклаўшы пад голаў рукі, ляжала на посцілцы ля вогнішча Юлька і, мабыць, таксама спала. Толькі мы з барадачом сядзелі адзін супраць аднаго, цераз касцёр і, як нямыя, маўчалі.

Раптам ён сказаў:

— Вось так, дарагі... На гэтай Выспе нас аблажылі ў сорак трэцім... Лічаныя засталіся ў жывых. І дзяўчынка была з намі...— Ён падгарнуў агаркі і ціха дадаў: — Усё жыццё лічыў абавязкам напісаць тую страшную ноч. І людзей тых, якія стрывалі такое. Цяпер, здаецца, знайшоў, што трэба... Дзякуй вам... І феі дзякуй...

Неба на ўсходзе пачынала святлець. Бралася на дзень...

 


1974-1977

Тэкст падаецца паводле выдання: Пархута Я. Там, дзе жыве Юлька. Лірычныя навелы. – Мінск, “Мастацкая літаратура”, 1978. – 160 с.
Крыніца: скан