У нашым сяле быў звычай ніколі не завешваць акон. І калі вечарамі запальваліся ў хатах газнічкі, то з вуліцы можна было, як на далоні, бачыць, хто што вячэрае. І толькі Саўкава хата была да вуліцы не вокнамі, а глухой сцяной. Аднак людзі ведалі, што Саўка-бабыль, як звечарэе, заўсёды сядзіць на покуці і чытае біблію.
У саракавым годзе, калі ў нас выдалася дужа лютая зіма, Саўка амаль не выходзіў за веснічкі. Гаварылі, што ён вычытаў хуткую канчыну свету і, каб заслужыць у бога збавенне, усё гартаў і гартаў сваю біблію.
Барсуком прасядзеў Саўка ў сваёй нары і ўсю вайну. А калі ўгаманілася ўсё на свеце, выйшаў да жанок і сказаў:
— У святым пісанні сказана: хто з мечам прыйдзе...
Напрадвесні Саўка нечакана памёр. І толькі тады даведалася вёска, што ў яго ёсць браценік. Ён прыехаў недзе праз месяц пасля смерці Саўкі, прадаў хату былому партызанскаму разведчыку аднаногаму музыканту Сцёпку і назусім знік .
А Сцёпка назаўтра сабраў мужыкоў-пабрацімаў і пачаў перасыпаць хату.
Вокнамі на ўсход...