epub
 
падключыць
слоўнікі

Яраслаў Пархута

Нечаканая сустрэча

 

 

На світанку наступнага дня мы рушылі далей. Але не паспеў наш човен прайсці і некалькі паваротаў, як Юльку пачало хіліць на сон. Вядома, летняя ноч — з камарыную пяту. Ды і яе мы не скарысталі як трэба. Пакуль рыхтавалі вячэру, пакуль з тымі плытагонамі гаварылі — за поўнач пераваліла. А там — рукою было падаць і да світанку. Вось і клюе носам дзеўчына...

Нечакана для сябе прапанаваў:

— А мо павернем назад... Вунь колькі ўжо адмахалі!..

— Не-а! Не трэба! — схамянулася Юлька.— Я толькі прылягу на днішчы і падрамлю крышачку...

Яна паправіла ў чоўне асаку, падклала пад галаву рэчавы мяшок і сцішылася. Човен закалыхаў Юльку, і яна праз якую хвіліну ўжо спала. Я не стаў веславаць, а даверыў човен рачной плыні...

За плячыма ўжо даўно знік і той сіні лес, і тая невялічкая прырэчная вёсачка, дзе мы караталі ноч, і цяпер перад намі ляжала раўніна, там-сям утыканая аблесенымі пагоркамі. Іншы раз у пойме ракі сустракаліся касцы. Распранутыя па пояс, яны здаля нагадвалі буслоў. А кветкі!

Столькі кветак, прызнацца, я не сустракаў ля Астраўка...

Але Юлька нічога гэтага не бачыла. І каб не расчароўваць яе потым, вырашыў дачакацца сушэйшага берага і толькі тады стаў прытарможваць вяслом. І тут Юлька ўсхапілася.

— Праспала? — Яна зажмурылася ад сонца.— Колькі я праспала?

— Ты, Юлька, не праспала! — адказаў я.— І ўвогуле за тваімі сінімі лясамі цікавага мала.

— Няпраўда! — запярэчыла яна і паднялася.— А вунь і хатка стаіць! Пасярод кветак... Ой, якая прыгожая хатка!..

Я азірнуўся і сапраўды ўбачыў крыху воддаль берага незвычайную хатку. Размаляваная каляровымі квадратамі, яна нагадвала шахматную дошку, пастаўленую патырчма.

— Прычалім? — запытаўся я.

— Прычалім! Прычалім! — ускрыкнула Юлька, саскочыла на пясок і пачала пасабляць выцягваць на бераг нашу пасудзіну.

Неўзабаве мы рабілі агледзіны. Гэта была не хатка, як спярша нам падалося, а шматпавярховы дом. У мініяцюры. З асобнымі кватэрамі. І з балконамі-ляткамі. З тых балконаў, відно было, адна за адной узляталі пчолы...

— Хітра прыдумаў! — сказаў я Юльцы пра гаспадара арыгінальнага вулея.— Вяліко фантазёр гэты пчаляр!

Не паспелі як след агледзець той шматкватэрны пчаліны дом, як на лугавой дарозе паказаўся грузавік.

— Осіпавіч едзе! — радасна прамовіла Юлька і запляскала ў далоні.— Осіпавіч!

І праўда. Не даязджаючы якую паўсотню метраў, машына спынілася, і да нас пайшоў старшыня калгаса. Побач з ім — незнаёмы чалавек немаладога ўжо веку. Павіталіся. Осіпавіч спытаў:

— А як ты, Юлька, трапіла сюды?

Юлька па-даросламу адказала:

— Мы падарожнічаем...

— Вось яно што! — усміхнуўся старшыня.— Гэта добра, калі падарожнічаеш! А бацьку аднаго пакінула?

— Ён у кузні! — прамовіла Юлька і насупілася.— Напэўна, у кузні...

Незнаёмец хітравата падміргнуў Юльцы:

— Люблю падарожнікаў! І мядком частаваць іх люблю! — весела сказаў ён і звярнуўся ўжо да старшыні: — Вы, Осіпавіч, каб не пеканула каторая, ідзіце да ракі, а я тым часам пачастунак падарожнікам падрыхтую...

І, цяжка ступаючы па зямлі, накіраваўся да пчалінага дома, а мы ўтраіх — да ракі. Калі прыселі на беразе, я пацікавіўся:

— Хто гэта?

— Грыц? — пытаннем на пытанне адказаў старшыня.— Пчаляр з Малінаўкі! Дужа, скажу табе, цікавы чалавек... Яго ў нас пчаліным пастухом называюць...

 


1974-1977

Тэкст падаецца паводле выдання: Пархута Я. Там, дзе жыве Юлька. Лірычныя навелы. – Мінск, “Мастацкая літаратура”, 1978. – 160 с.
Крыніца: скан