На світанку да азярца ўжо каторы дзень прыбягаюць танклявыя асінкі — паглядзецца ў лясное люстэрка, пагаманіць аб нечым сваім, дзявочым, патаемным. Я тады выходжу з будана, іду да лясных чараўніц і саджуся ля іх ног. І ў сэрцы маім з’яўляецца ціхая, добрая зайздрасць. Я зайздрошчу іх шчырай непасрэднасці, маладосці і бесклапотнасці. А яны расказваюць мне дзівосную казку пра нашу зямлю.
Але ўчора не давялося даслухаць тую казку да канца. Вецер, які ўсю ноч швэндаўся недзе ў прыбярэжных лазняках, сярдзіта падляцеў да асінак, сарваў залацістае адзенне і, парваўшы ў шматкі, шпурнуў долу.
Мне стала крыўдна. І не хацеў бачыць іх распранутымі. Падняўся і пайшоў дадому.
...Па ўсёй зямлі былі параскіданы лісткі недаслуханай казкі.