epub
 
падключыць
слоўнікі

Яраслаў Пархута

Пампушка

 

 

Канікулы падыходзілі к канцу, а ў Юлькі не было яшчэ нейкага падручніка. Таму яна вырашыла паехаць у Залессе, у кніжны магазін.

Не па-жнівеньску гарачы выдаўся дзень. Юлька стаіць на прыпынку і чакае аўтобус. Побач Пампушка ледзь не млее.

— Якая спёка! — Яна нервова азіраецца і раптам ускрыквае: — А божа ж мой! У кажусе!..

Сапраўды, у жоўтым кажушку да прыпынку тупае Нупрэй. Не спяшаецца, ідзе павольна. І не адзін. З правага боку дробненька перабірае нагамі каза. Дзед вітаецца з Юлькай, а пытаецца чамусьці ў Пампушкі:

— У Залессе?

— I ў Залессе! — кідае адчэпнага Пампушка і адварочваецца: — Сасмажыцца можна, а ён і аблавушку яшчэ насунуў...

Дзед крыўдуе на такое абыходжанне, адыходзіць і прымошчваецца ў цяньку пад ліпай.

Нарэшце падышоў аўтобус, і Пампушка запрацавала локцямі, першая ўбілася ў салон. Машына ўжо хацела зрушыць з месца, як у пярэднія дзверы пастукаў кіёк.

— Хіба не бачыш? — пачуўся прыглушаны Нупрэеў голас.

Дзверы адчыніліся, па прыступках борздзенька затупала каза. Нупрэй — следам. Агледзеў пасажыраў і пачаў расшпіляць кажушок. Дастаў скураны капшук, з яго — складзеную ў некалькі столак рублёўку. І тут — зноў Пампушка.

— У нас не кураць!

— Баронь божа! Я... гэныя самыя... квіткі купіць...— Нупрэй падаў Пампушцы рублёўку і папрасіў: — Перадай, дачушка! На дваіх.

— Я вам не дачушка! — сярдзіта агрызнулася тая, але рублёўку перадала.

Сядзела яна ўжо, як на кастрыцы:

— І адкуль такія?

— Тутэйшыя мы, тутэйшыя! — адказаў Нупрэй.— Ганначка нас парадавала... Дачушка ў яе... Так што да праўнучкі едзем!..

— І гэта? — зноў закруцілася Пампушка і паказала на незвычайную пасажырку: — За гэта...

— А ты не гэткай! — пачаў ужо злавацца Нупрэй.— Ягад не рассыпле! Прывычная!

Ад смеху аўтобус ажно затросся. Усе глядзелі цяпер толькі на Пампушку. А тая кіпела:

— Спыні машыну, вадзіцель!..

З дынаміка — спакойны, смяшлівы голас:

— Грамадзяначка, толькі на прыпынках!..

Аўтобус нарэшце спыніўся, і Пампушку нібы хто кальнуў шылам: усхапілася і — да дзвярэй. За ёю паважна выйшаў Нупрэй. З казою.

Юлька яшчэ доўга смяялася.

 


1974-1977

Тэкст падаецца паводле выдання: Пархута Я. Там, дзе жыве Юлька. Лірычныя навелы. – Мінск, “Мастацкая літаратура”, 1978. – 160 с.
Крыніца: скан