epub
 
падключыць
слоўнікі

Яраслаў Пархута

Пасля парошы

 

 

Яшчэ звечара неба насупілася, пацяжэла і, нібы свінцовае, павісла над зямлёю. Пад раніцу нечакана выпаў снег і ўсё памаладзела: і лес, што зялёнай сцяною падступаў да самага сяла, і хаты, і прысады ля іх.

Кожны па-свойму радаваўся першай парошы. Юлька — таму, што можна будзе дастаць з гарышча лыжы, дзед Нупрэй — што не стане болей дакучаць раматус, Арсен — што пачынаецца самая цікавая пара: адстрэл дзікоў па дазволу. Радаваўся і Абора — мясцовыя паляўнічыя нарэшце прынялі яго ў сваю кагорту...

Яшчэ сніла свае незвычайныя сны Юлька, яшчэ варочаўся на печы стары Нупрэй, а гэтыя вечныя непаседы — паляўнічыя — былі ўжо на нагах. Паперадзе ішоў Арсен і раіў:

— Галоўнае, хлопцы, не мазаць. Бо з дзіком жарты благія...

Вось і тое ўрочышча, дзе яшчэ загадзя высачылі некалькі дзікоў. Расставілі нумары і пачалі чакаць. Абору выпала не вельмі віднае месца, так сабе — някідкая лагчынка з рэдкімі капічкамі лазняку. Ён і рады быў такому і не рады. Але парадак ёсць парадак. І Абора прысланіўся да сасонкі і ўзвёў куркі.

Мо з гадзіну нудзіўся на той лагчынцы. Нарэшце недзе там, у глыбі лесу, сабакі падалі голас, а потым усё наваколле напоўнілася залівістым брэхам. «Прудзяць ужо!» — здагадаўся Абора і ажно наструніўся.

Сабакі чутны лепш і лепш. Потым грымнуў стрэл. Гэта было так нечакана, што Абора не разабраўся — справа грымнула ці злева. А зрабіў крок ад сасонкі, каб лепш агледзець лагчыну, як заўважыў: чэша нехта напрасткі праз кустоўе ў яго бок — ажно снег курыць! Нават стрэльбы не ўскінуў, як тое, вялізнае і чорнае, маланкаю кінулася пад ногі і...

Ачомаўся ў лазняку, за дарогай, без шапкі і стрэльбы. Азірнуўся і ад таго, што ўбачыў, ледзь не самлеў: у некалькіх кроках ад яго ляжаў зрынуты дзік.

На месца здарэння пазбягаліся паляўнічыя. І застылі ў здзіўленні: Абора, расхрыстаны, але з пераможным выглядам, сядзеў на тушы дзіка і еў сала з батонам...

 

Калі дзед Нупрэй запытаецца іншы раз у Аборы наконт яго паляўнічых спраў, той, не міргнуўшы вокам, адказвае:

— А б’ём патроху! І дзікоў, і зайцоў...

І хітравата жмурыцца. Нібы прыцэльваецца...

 


1974-1977

Тэкст падаецца паводле выдання: Пархута Я. Там, дзе жыве Юлька. Лірычныя навелы. – Мінск, “Мастацкая літаратура”, 1978. – 160 с.
Крыніца: скан