epub
 
падключыць
слоўнікі

Яраслаў Пархута

Рабінавыя кастры

 

Мясціна тая кожную вясну буяе сакавітай зелянінай. Яна бярэ свой разгон амаль ад вады і дапінае ледзь не да разгалістай каржакаватай сасны, што адзінока стаіць на самай вяршыні лясістага пагорка. Сярод таго зялёнага мора ляшчыны відны крыху святлейшыя купінкі. Гэта — рабіна. Нібы хто знарок яе пасадзіў — то там, то тут яна ўзвышаецца стаўбункамі і, калі зацвітае, так і падбівае Юльку схадзіць туды...

Рабіна сыходзіць такім мядовым пахам, што кружыцца галава. А потым той водар гіне...

 

Юлька зноў пачынае паглядаць на той бераг, калі маці справіць дакопкі. Рабіны тады глядзяцца больш акрэслена, кідка чырванеючы пад восеньскім сонцам. І ўжо зусім яны ўспыхваюць агнём, калі ўдарыць першы марозік, а ляшчыннік скіне лістоту. Тады Юлька бярэ кашы, пераплывае на пласкадонцы возера, ідзе ў лес і набівае іх — па самыя дужкі — сакавітымі гронкамі.

Потым паціху плыве дадому. А прысядзе на сваім беразе адпачыць — і не вытрымае, азірнецца, акіне вокам узлессе і, уражаная ўбачаным, задуменна прамовіць:

— Кастры нібыта...

 


1974-1977

Тэкст падаецца паводле выдання: Пархута Я. Там, дзе жыве Юлька. Лірычныя навелы. – Мінск, “Мастацкая літаратура”, 1978. – 160 с.
Крыніца: скан