epub
 
падключыць
слоўнікі

Яраслаў Пархута

Свежаніна

 

 

На самым пачатку зімы, калі пад раніцу заўсёды шорхне ля студні пралітая звечара вада, пачынаецца для Юлькі самае цікавае. Нупрэй у такія дні ў Астраўку нарасхват. Звычайна з ім дамаўляюцца загадзя, і тады на світанні то ў Арсенавым хлеўчуку, то ў Аборавым, то ў іхнім ускрыквае спрасоння вяпрук, а потым з двара казытліва пацягне на вёску паленай саломай.

Толькі падасць той голас вяпрук, пачнуць рыпаць веснічкі. Суседзі сыходзяцца на асветленае агнём дворышча павольна, нават нібы неахвотна. Ніхто быццам не жадае выдаваць сваёй цікаўнасці. А між іншым, у кожнага адна і тая ж думка: а ці не пераплюнулі мяне? А ці маё свінчо не будзе горшае?

Стаяць, перамінаюцца з нагі на нагу, смокчуць цыгаркі і толькі тады-сяды кідаюць якое слоўца. Не, не ў адрас вепрука, а так — абы нешта сказаць, абы не маўчаць.

Даўней, нават Юлька памятае, кожны з іх ганяўся за салам. Чым таўсцейшае напасвіць гаспадыня на сваім вепры, тым большы гонар ёй. А цяпер — наадварот. Цяпер падавай усё ў праслоечку — і сала, і мяса...

Нарэшце Нупрэй бярэ жменю саломы, выцірае вепрука і пачынае абмацваць. Спачатку кумпякі, потым лапаткі, а затым ужо і падчарэўе. Ляпнуўшы ў дадатак да ўсяго па свіным азадку, весела кажа:

— Хоць сала і на чатыры пальцы, але беконістае!..

Пачуўшы такое, суседзі пачынаюць разыходзіцца. Таксама павольна, таксама нібы неахвотна.

Калі вяпрук, вымыты да жаўцізны, ляжа на шырокую лаву, прыбягаюць жанкі. Іх не цікавіць, якое сала — беконістае ці не,— яны ўжо ведаюць пра гэта. Іх турбуе іншае:

— Мо каляндры няма?

— А часнык патрэбен?

— Я ўспомніла, што ў мяне перац ёсць!..

Праз нейкі час разыходзяцца і яны. Пад рукамі ў Нупрэя круцяцца толькі свае, адносячы ў каморку свежаніну. Ад свежаніны ідзе такі пах, што нават, прысеўшы воддаль, нецярпліва аблізваецца Мікіта. Нупрэй заўважае гэта, выразае кавалак і кідае пад плот:

— На і табе... люблівага!..

Маці ўжо не відаць. Яна недзе смажыць на газавай плітцы пячонку. Бацька адзін адносіць апошнія польцы сала і тады толькі кажа Нупрэю:

— То канчайце! Бульба на стале стыне!

Стол, сапраўды, прыбраны, нібы на свята. Пасярод, у ёмістай місе, хаваецца пад воблачкам пары сопкая бульба. Правей ад яе, на трыножцы,— глыбокая патэльня са смажанінай: пячонкай, люблівым салам і паляндвіцай. Пра капусту маці таксама не забылася. Яна, затопленая ружовым тлушчам, займае пачэснае месца злева, каля стоса хлеба. І, нібы між іншым, сярод гэтага багацця сарамліва пацее пляшка...

За стол садзяцца ўчацвярых. Першы падымае чарку бацька і кажа:

— За тваё здароўе, Нупрэй!

— І за тваё! — адказвае стары і прыгубляе чарку.

Праз нейкі час маці гаворыць:

— Вы, мужчынкі, частуйцеся, а мы з Юлькай пабяжым, разнясём лішкі суседзям...

Юлька бярэ кошык, у якім ужо даўно, загорнутыя ў паперу, ляжаць «лішкі» — кавалкі самага люблівага мяса, рабрынак ды сала ў палосачку,— і ўслед за маці выходзіць з хаты.

 


1974-1977

Тэкст падаецца паводле выдання: Пархута Я. Там, дзе жыве Юлька. Лірычныя навелы. – Мінск, “Мастацкая літаратура”, 1978. – 160 с.
Крыніца: скан