Юлька любіць прыбягаць у гэтыя мясціны. Тут столькі таямнічых люстэркаў!
Яны то там, то тут прыхаваны па лесе — нібы хто знарок параскідаў іх на радасць усім лясным жыхарам.
Люстэркі — самых разнастайных памераў і форм.
І кругленькія, нібы шкельцы ад акуляраў, і авальныя, і прамавугольныя...
Юлька прадзіраецца густым падлескам і праз якую сотню метраў раптам спыняецца. На ўскрайку невялікай палянкі яе ажно асляпляе промнямі люстэрка. Зменіць кірунак — і праз хвілін дзесяць зноў тое самае... Вада ў люстэрку — спакойная, чыстая, настоеная на непаўторным лясным водары. Кожны лісток, кожная галінка, што апынуліся там, добра праглядаюцца з яго няплыткага дна.
Юльцы ў такія хвіліны думаецца: чыё ж гэта будзе тварэнне? Чалавека? Прыроды? Чалавеку было б зусім недарэчна рабіць тут, побач з возерам, тыя копанкі-азярынкі. А навошта прыродзе ўтвараць іх сярод сухога сасновага бору ці дубровы?
Зразумець яшчэ можна б, калі б тыя люстэркі мелі пакатыя берагі. Яны ж — наадварот — стромкія...
Таямніца, сапраўдная загадка!..
Стаіць Юлька і спрабуе адшукаць усяму гэтаму адказ. Дарэмна. Уяўляецца толькі чамусьці, як ціхім летнім світанкам выходзяць з тых азярынак русалкі, садзяцца пад соснамі і расчэсваюць свае русявыя косы...
Але гэта толькі на імгненне. Больш яскрава бачыцца: ціхаю месячнаю ноччу прыбягае сюды дзікая козачка, доўга стаіць, услухоўваючыся ў лясныя шолахі, і толькі тады прыпадае да духмянай лясной вады...