— А ў дзіцячым лесе Вера-вавёрка жыве! — сказала аднойчы Юлька і папрасіла: — Давай пабяжым туды, гасцінец занясём...
Цікава было паглядзець і на той «дзіцячы лес», і на тую Веру-вавёрку, і я згадзіўся. Юлька, радая, што можа пахваліцца яшчэ адным сваім адкрыццём, хуценька ўзабралася на вільчык хлеўчука, дастала з патайнога месца бляшанку з-пад кансерваў, перасыпала з яе нешта ў хусцінку, з’ехала па саламянай страсе на дол і сказала:
— А яна ўсё чыста забярэ!..
Неўзабаве мы ўвайшлі ў лес. Брылі мо хвілін дзесяць борам, і ўвесь гэты час мне рупіла запытацца: што за гасцінец Юлька прызапасіла? Але толькі пацікавіўся:
— Ці не гэта твой дзіцячы лес?
— Не. Ён такі,— рукою дакранулася Юлька да маіх грудзей.— І ўвесь новенькі.
Неяк раптоўна мы апынуліся на невялікай палянцы. Перад намі ляжала колішняе ляда, парослае рэдкім каржакаватым дубнячком. Толькі правая палавіна таго былога ляда кідка зелянела зараснікамі ляшчыны, а ўпрытык да яе стаяў стары, разгалісты дуб.
Крокаў дваццаць мы не дайшлі да таго дуба, як Юлька спынілася і развязала вузельчык: некалькі кавалачкаў цукру, жменька леташніх арэхаў і пернік... Сапраўды выключны пачастунак!
Юлька сказала:
— Лягай у траву, а я панясу, пакладу ёй.
З травы мне добра відаць было, як Юлька рассцілала ля камля хусцінку з пачастункам, і думалася чамусьці, што ўсё гэта — марны занятак.
Юлька неўзабаве вярнулася, села побач і нечакана паклікала:
— Вера-ва-вёр-ка!.. Вера-ва-вёр-ка!..
Але тая чамусьці не паказвалася. І толькі калі дзесьці на верхавіне дуба праявіла сваю пільнасць сарока, абвясціўшы на ўсё наваколле пра наш з Юлькай прыход, у круглай дзірачцы дуплянкі з’явілася хітраватая мордачка. А праз хвіліну затанцавала на суку і сама гаспадыня — вавёрка.
— Верачка! — абрадавалася Юлька.— Мы гасцінец табе прынеслі!..
Вавёрка паглядзела на Юльку і цокнула — нібы лузнула арэшак. Потым асцярожна спусцілася па камлі на дол і, не звяртаючы ўжо на нас увагі, пачала завіхацца ля хусцінкі. Спатрэбілася некалькі рэйсаў, пакуль гасцінец быў перапраўлены ў дуплянку. Тады вавёрка з’явілася зноў і весела зацокала, танцуючы на суку.
Нібы дзякавала Юльцы за пачастунак.