Недзе там, над галавой, кіпела жыццё. І ён напружыў сілы, каб выпрастацца і падняцца да святла. Але не змог. Над ім быў чорны, як ноч, пласт шурпатага асфальту.
Адпачыўшы, кожнай раніцай зноў браўся, здавалася, за непасільную работу, адваёўваючы сваю будучыню ў цемры. І яна адступіла. Мы бачылі, як на асфальтаванай дарожцы парку стаяў маладзенькі дубок і радаваўся першай у сваім жыцці вясне.
Спыняліся людзі. Адны здзіўляліся такой напорыстасці, другія, нібы справа ішла пра асуджанага, спагадліва гаварылі:
— Не жылец...
Падышоў садоўнік. Моўчкі агледзеў тое месца. Потым прынёс рыдлёўку і асцярожна, нібы дзіцянё, перанёс і пасадзіў дубок на алеі.
І я ведаў: такі будзе жыць!