epub
 
падключыць
слоўнікі

Яраслаў Пархута

Вусаты Нэсі

 

 

Нават Арсен не ведаў, калі ён пасяліўся тут. Але калі пашматаў рыбакам невад, аб ім загаварылі, як аб нечым незвычайным і таямнічым. Той-сёй, казалі, бачыў: на захадзе сонца ён выходзіў з глыбінь і даваў сабе волю — каламуціў бліжні плёс, вохкаў і наводзіў жах на ўсё жывое. Іншы раз нават і сярод белага дня там рабілася ліха ведае што. То гусяня згіне, то недзе падзенецца цэлая чарада самых пародзістых, як тут гавораць, кітайскіх качанят...

— Яго работа! — скардзіліся вясковыя жанкі, маючы на ўвазе нешта сваё.— Гэта ўсё ён вытварае!..

Юлька ўсміхалася і, каб людзі чулі, жартаўліва казала:

— Нарэшце і мы дачакаліся свайго Нэсі!..

Пасля дзяўчынка нечага доўга шапталася з Нупрэем. Неўзабаве Юльчын бацька зрабіў у кузні спецыяльнай канструкцыі якар. Былі знойдзены доўгія-доўгія лейцы. І ў рэшце рэшт на вогнішчы засмажылі шэрую варону. Толькі пасля гэтага Нупрэй у суправаджэнні Юлькі пайшоў да возера, начапіў на якар прынаду і закінуў яе, як здавалася яму, у самае надзейнае месца.

Доўга чакаў стары, што атрымаецца з іх прыдумкі. Але той «Нэсі» не падаваў аб сабе ніякага знаку. Усумніўся быў чалавек і пачаў ужо траціць усялякую надзею, як нечакана прыбегла Юлька і паведаміла:

— Дзеду! На ляйчыне торгаецца нехта!.. Вестка хутка абляцела вёску. Да возера пабеглі і малыя, і старыя — спяшаліся, каб не правароніць падзеі і ўласным вокам зірнуць на тое дзіва.

...Нупрэй паглядзеў на прысутных, папляваў на далоні і толькі тады ўхапіўся за ляйчыну. Пацягнуў на сябе і адчуў: на тым канцы захадзіла — цяжкое, непадатлівае, упартае. Здавалася, не ўпрыся нагамі ў пясок, як і ты апынешся там. Упрогся мацней і пачаў паволі адыходзіць ад вады. І тут ляйчына раптам абвісла, нібы парвалася, а на паверхню вады выскачыла вялізная, не раўнуючы, як бервяно, чорная пачвара. Нарабіўшы перапалоху, яна зноў знікла ў глыбіні. Падбеглі маладзейшыя, пачалі валтузіцца, дапамагаць Нупрэю і нарэшце вывалаклі тое «бервяно» на прыбярэжны пясок.

Чорная пачвара білася ля Нупрэевых ног, разяўляла шырозную вусатую пашчу і лыпала халоднымі вачыма — нібы здзіўлялася такой нечаканцы. Нупрэй выцер узмакрэлы твар і сказаў:

— Ну, браткі-бабы! Бярыце і нясіце... свайго... як яго... Нэсі, куды хочаце!.. І яшчэ падзякуйце вось ёй,— паказаў ён рукой на Юльку.

 


1974-1977

Тэкст падаецца паводле выдання: Пархута Я. Там, дзе жыве Юлька. Лірычныя навелы. – Мінск, “Мастацкая літаратура”, 1978. – 160 с.
Крыніца: скан