epub
 
падключыць
слоўнікі

Яраслаў Пархута

Жэўжыкі

Яны сядзяць недалёка ад хаты, на выгане, і ў чаканні бацькі-трактарыста ляніва перасыпаюць бляшанкай пясок. Раптам Мікітка ні з таго ні з сяго крычыць:

— Колька! А я нешта знайшоў!..

— Што ты знайшоў? — пытае Міколка.

Мікітка на поўным сур’ёзе паказвае брату мурзатую «дулю» і «падмазвае» пяткі.

Міколка старэйшы на год і таму спрытнейшы. Ён насцігае брата, і пачынаецца тузаніна. Падбягаюць меншыя, і над выганам уздымаецца вэрхал. Тады з гародчыка выходзіць Аўдоцця:

— Супакойцеся! А то я вам...

Але дзе там! Ніякай увагі... І тады Аўдоцця падымае з зямлі дубец.

— А ну, пайшлі ў хату, жэўжыкі! — крычыць яна, як і раней, незлабліва, але больш грозна.— Узялі ў звычку біціся...

І яна, як гусянят, лазовым дубцом гоніць іх з выгану на падворак.

Нарэшце прыязджае бацька, ставіць пад павеццю матацыкл і, зразумеўшы, што адбылося, гаворыць:

— Трэ было паскам. І добранька...

...А сам ніколі не здыме паска на сваіх жэўжыкаў.


1970?

Тэкст падаецца паводле выдання: Пархута Я. Ты пайшла ў сонца. Лірычныя аповесці і навелы. - Мн., "Мастацкая літаратура", 1973. (першы празаічны зборнік)
Крыніца: скан