epub
 
падключыць
слоўнікі

Яраслаў Пархута

Зязюльчына дачка

 

Нупрэй ішоў торнай лясной сцяжынкай, час ад часу пасабляючы сабе ядлоўцавым кійком. Хада была лёгкая, спружыністая. Нібы што прыспешвала чалавека. І ён толькі зрэдку кідаў позірк то направа, то налева — як гаспадар, якому ўсё тут знаёма да драбніц. Нарэшце Нупрэй заўважыў мяне і неяк знячэўку спыніўся.

— Іду ажно ад Жукава поля,— нібы апраўдваўся ён.— І ўсё думаю: каб не размінуцца, каб застаць тую дзеўчыну...

— Юльку? — пацікавіўся я.

— Яе! — ажывіўся Нупрэй.— Хачу паказаць нешта...

Ён палез у кішэню пінжака, нейкі час поркаўся там і нарэшце выцягнуў... птушку. Была яна мо крыху большая за ластаўку, з такімі ж доўгімі і вострымі крыламі, але не вельмі чорная. Кароткімі, учэпістымі пальцамі ног яна абхапіла Нупрэеў мезенец і захісталася на ім.

— Во дурніца! — не вытрымаў стары.— І глянуць на чалавека не хочаш! Ці сорамна за маці?..

— Няўжо зязюля? — аж не паверыў я.

— Яна самая! — ажыўлена адказаў Нупрэй.— Прысеў гэта я адпачыць, як чую: недзе над галавою піскляняты пішчаць. Глядзь туды — гняздзечка вісіць. І, чую, непарадак у ім. Барукаюцца нібы... А потым гэная і ўпала на дол. Не разлічыла, ці што?..

Я ведаў, што ў такіх выпадках звычайна перамагае зязюля-падсусед, але сказаў:

— А можа, выгналі? У знак пратэсту...

Нупрэй не адказаў. Пракураным пазногцем стараўся прыўзняць птушынае вейка, але гэта яму не ўдавалася. Тым часам зязюльчына дачка перабралася з далоні на рукаў і пырснула там — пасадзіла белую плямку. Нібы сама здзівілася і расплюшчыла павекі. З-пад іх глянулі на нас шэрыя ягадзінкі вачэй.

— А прыгожыя вачаняткі маеш! — усміхнуўся Нупрэй.

Я сказаў:

— Яе ж Мікіта зжэрці можа...

Нупрэй зірнуў на мяне:

— А праўду, чалавеча, кажаш... Не падумаў я пра гэта...

Мы адышліся далей ад сцежкі і пасадзілі птушку на сасонку. Вольнаму — воля!

А я падумаў, што зязюльчыну дачку адпусціла б і Юлька...

 


1974-1977

Тэкст падаецца паводле выдання: Пархута Я. Там, дзе жыве Юлька. Лірычныя навелы. – Мінск, “Мастацкая літаратура”, 1978. – 160 с.
Крыніца: скан