epub
 
падключыць
слоўнікі

Яраслаў Пархута

Змяя на вудзе

 

 

Надвячорак выдаўся на дзіва спакойны. Яшчэ зусім нядаўна бушаваў вецер, намагаўся прыгнуць да зямлі дрэўцы. Потым нечакана суцішыўся, нібы стаў прыслухоўвацца, як з хмары асыпаюцца на зямлю кроплі дажджу. Не сваволіў ён і потым, калі хмара сплыла за возера і на небе зноў паказалася яркае сонца. Радая такому Юлька ўхапіла вуду і пабегла на возера.

Толькі яна дарэмна спяшалася. Нават акунькі не жадалі чапляцца.

«А мо пайсці ў ляшчыннік? Мо зірнуць, колькі арэхаў маланка спаліла?»

Толькі падумала так, і адчула, што нехта тузае за вудзільна. Зірнула — і ледзь не войкнула. Кончык вудзільна сагнуўся, а капронавая лёска ажно свістала, разразаючы ваду.

Юлька пачала цягнуць. Яна — к сабе, а рыбіна — к сабе. Нарэшце нехта доўгі, вялізны і дужа неспакойны мільгануў у паветры і бразнуўся вобзем. Падбегла Юлька да таго месца, дзе ўпала рыбіна, як раптам ажно збялела ад нечаканасці: «рыбіна» вужакай паўзла да вады...

— Змяя! — ускрыкнула Юлька і кінулася прэч.

Але хутка апамяталася, вярнулася назад, ухапіла вуду і пабегла, адчуваючы, як ззаду, на прывязі, матляецца нешта цяжкое. На падворку кінула вуду, убегла ў хату і закрычала:

— Там, ля ганка, змяя круціцца!..

Маці выскачыла на парог, зірнула — і ўсё зразумела. Падышла, згрэбла пярэстую ад пяску «змяю», укінула ў прыпол фартуха, а дачцэ спакойна сказала:

— Дурненькая, гэта ж не змяя, а вэнгар...

Вугор.

...Юлька ўспамінае той незвычайны выпадак і смяецца:

— А праўда, дурная тады была. Ведала, што ў азярові водзіцца такая рыба, а напалохалася...

А маці з сумам гаворыць:

— Згінуў цяпер вэнгар. Бо каналы перасыхаюць... І яшчэ заставак розных панараблялі — не дапяць яму сюды. А некалі ў жакі во як залазіў!..

— А як наконт арэхаў? — пытаюся.

— Ого! — зноў ажыўляецца яна.— Бывала, усю зіму лускалі. А цяпер...

Юльчына маці хвіліну-другую маўчыць, а потым, у роздуме, нібы няўпэўнена, кажа:

— Цавілізацыя...

Хачу запярэчыць: маўляў, і балоты асушваць трэба, і лясы ў парадак прыводзіць, але яна перабівае:

— Маглі б і не чапаць ляшчыны...

 


1974-1977

Тэкст падаецца паводле выдання: Пархута Я. Там, дзе жыве Юлька. Лірычныя навелы. – Мінск, “Мастацкая літаратура”, 1978. – 160 с.
Крыніца: скан