epub
 
падключыць
слоўнікі

Яраслаў Пархута

Жывая вада

 

Юлька прыбегла са школы, кінула на ўслон брызентавы партфелік і сказала:

— Дзед Нупрэй занядужаў. Ляжыць на лаве і не варушыцца...

А потым наблізілася да мяне і прашаптала:

— Пакляніся, што нікому не скажаш...

Я не разумеў, у чым справа, але ўжо здагадваўся, што Юлька зноў прыдумала нешта, і таму сказаў таксама шэптам:

— Клянуся...

Тады Юлька прамовіла:

— Ідзі да пачакалаўкі. Хутка і я прыбягу...

Вымушаны быў паслухацца. Ля аўтобуснага прыпынку сеў на лавачку і пачаў чакаць.

Праз хвілін дзесяць з-за павароткі, зусім нечакана, вынырнула спачатку Альма, а за ёю і Юлька. Юлька сказала:

— Траім весялей будзе!..

Што задумала Юлька? Куды яна выбралася? І навошта ўзяла з сабой Альму? Задаваў я сабе гэтыя пытанні, але адказу не знаходзіў.

Неўзабаве Юлька павяла мяне ў лес. Калі спусціліся ў яр, дзе стаялі рэдкія венікі ядлоўцу, Альма спынілася першая і, азіраючыся на Юльку, замахала хвастом.

Толькі цяпер заўважыў я на дне яра празрыстую стужачку. Яна выбягала з-пад вялікага, парослага мохам каменя і ўцякала некуды ў кустоўе. Юлька тым часам дастала з-за пазухі бутэлечку, легла на камень і падставіла пад струменьчык сваю пасудзіну. Калі бутэлька напоўнілася, нацадзіла яшчэ — ажно цэлыя прыгаршчы — вады і загадала:

— Паспытай!

Вада была сцюдзёная і аддавала нечым непаўторным...

— Нупрэй пап’е — адразу ачуняе! — раптам сказала Юлька і паднялася з каменя...

 

Праз дзён чатыры ці пяць, надвячоркам, адчыніліся дзверы хаты, і на парозе ўбачылі мы Нупрэя. На твары яго былі яшчэ сляды нядаўняй хваробы, але трымаўся дзед бадзёра, нават зухавата. Падаў усім па чарзе руку, сеў на ўслон і сказаў:

— А ведаеце, што пасобіла мне адбрыкнуцца ад тае хваробы? Жывая вада! Адзін чалавек прынёс мне тае вады і наказаў, каб тройчы на дзень па тры глыткі піў. Дык я тыя таблеткі толькі жывой вадой і запіваў...

Нупрэй па-змоўніцку паглядзеў на Юльку.

А Юлька нібы і не чула Нупрэевых слоў. Сядзела на ўслончыку і рабіла выгляд, нібы яе гэта зусім і не датычыць...

 


1974-1977

Тэкст падаецца паводле выдання: Пархута Я. Там, дзе жыве Юлька. Лірычныя навелы. – Мінск, “Мастацкая літаратура”, 1978. – 160 с.
Крыніца: скан