epub
 
падключыць
слоўнікі

Яскулка

Жальба дзяўчыны

З польскай — Яскулкі

 

Эй ты, доля залатая,

Дзе ты запрапала?

Без цябе ж во сірата я

На век векаў стала.

 

Над маёю ты калыскай

Зорачкай яснела,—

Як бы раю была блізкай —

Шчасце я так мела.

 

Запаліла ты мне сонца

Над маёй галоўкай,

Як пачула я бясконца

Мілоснае слоўка.

 

Ўсё тады а навакола

Мне здалося граннем,

Бо было мне так вясёла

З тым маім каханнем!

 

Мела шытую з аблочкаў

Сукню і хвальбону

І звітую з васілёчкаў

Княжнаву карону.

 

Свае слала нада мною

Вясёлка дарогі,

Зямля кветкамі, расою

Клалася пад ногі.

 

Ой ты, доля мая міла,

Твая тут прычына,

Што мне шчасцем уквяціла

Сцежачкі-пуціны!

 

Бо аб гэткім шчасці самі

Не снілі народы,

І не выкажаш славамі,

Хіба песняй, одай...

............................................

Ой ты, доля залатая,

Дзе ты запрапала?

Без цябе ж во сірата я

Па век векаў стала.

 

1905


1905

Пераклад: Янка Купала
Тэкст падаецца паводле выдання: Купала Я. Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 1. Вершы, пераклады 1904-1907. Мн., Маст. літ., 1995.-462 c. [4] л. іл.
Крыніца: скан