epub
 
падключыць
слоўнікі

Яўген Хвалей

Балада вяртання

Памяці А. П. Музычука

Міхаіл...

Васіль...

Арцём...—

пахавальныя прыйшлі у дом.

Слёзы, быццам боб,—

з матуліных вачэй...

Заставаўся ў маці

Аляксей...

«Дзе ты, дзе,

малодшы мой сынок?

Вецер, кулі аднясі убок,

ад агню накрый густым дажджом,

снежным заслані тугім крылом...»

Чарадзейны матчын быў заклён,

бо з-пад Курска да Берліна

дойдзе ён.

І прапахне дымам некалькіх франтоў,

і адпомсціць ворагу за сваіх братоў.

Пранясе ў сэрцы словы праз вайну ўсю:

«Я люблю вас, мама,

і да вас вярнуся...»

Расцвіце салютамі

пераможны май...

Вось баец і дома...

— Родная, страчай!..

Да цябе, матуля, я даўно іду...

Веснічкамі рыпнуў —

сэрца не стрымаць...

Толькі ў хаце ціха,

быццам на бяду...

Падышла суседка, пераводзіць дух:

— Там... яна... у лесе...

у бла-ка-ду...

Узышоў на матчын ганак,

сеў

і глядзіць на сонца Аляксей...


1987?

Тэкст падаецца паводле выдання: Хвалей Я. Зялёны прамень аеру: Вершы. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 86 с.: іл.
Крыніца: скан